Вы тут

Ёсць хлебны рэкорд!


У адкрытым акцыянерным таварыстве "Александрыйскае" Шклоўскага раёна ўшанавалі першых у Магілёўскай вобласці "5-тысячнікаў".

Сямейны экіпаж камбайна ў складзе Міхаіла і Сяргея Байдаковых намалаціў у сёлетняе жніво больш за 5 тысяч тон збожжа. Вадзіцель Дзяніс Латыпаў перавёз больш за 5 тысяч тон хлеба новага ўраджаю. Гэта на сёння лепшы вынік у рэгіёне і краіне.

У сераду 14 жніўня на полі "Александрыйскага" каля вёскі Калінаўка віншаваць лепшую "тройку" прыехалі кіраўнікі вобласці, раёна і гаспадаркі. Усе легкавыя аўтамабілі здаюцца малымі побач з магутнай сельскагаспадарчай тэхнікай. На камбайне і грузавым "МАЗе" — чырвоныя сцяжкі, бо тут працуюць перадавікі сёлетняга жніва ў рэгіёне.

1376583238972_15-37

— Хочам вам сказаць вялікі дзякуй, — звярнуўся да працаўнікоў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Пётр Руднік.

— Хлеб ніколі лёгка не даваўся. Умовы надвор'я не спрыялі, але дзякуючы вашай зладжанай працы мы маем вынік.

Жніво ў Александрыі набліжаецца да фінішу, але кіраўніцтва Шклоўскага раёна вырашыла, што экіпаж Байдаковых можа дапамагчы на палях суседніх сельскіх гаспадарак. Таму сапраўды намалот у 6 тысяч тон можа быць цалкам рэальным.

Камбайнеры — сціплыя людзі, якія шмат не гавораць, мала ўсміхаюцца і ўвесь час нібыта азіраюцца на машыны, каб хутчэй вярнуцца да працы. Аднак экіпаж Байдаковых, які вырваўся наперад ва ўборачнай кампаніі, і Дзяніса Латыпава, вадзіцеля, які перавозіў збожжа, віншуюць з працоўнымі поспехамі не ўпершыню. Кветкі, падарункі, словы ўдзячнасці, фота на памяць, кароткія інтэрв'ю для прэсы.

Міхаілу Байдакову — 45 гадоў. Ён нарадзіўся на Шклоўшчыне, усё жыццё працуе ў сельскай гаспадарцы.

— Нам прыемныя ўвага і падарункі, і добрыя заробкі, — кажа селянін. — Галоўнае — хацець працаваць, і я жадаю ўсім працаўнікам жніва пазітыўнага настрою, добрага надвор'я і нармальных заробкаў.

Сыну Міхаіла і яго памочніку Сяргею толькі 19 гадоў. З бацькам на жніве ён працуе ўжо 8-ы(!) сезон. Ён цяпер вучыцца ў Буйніцкім прафесійным агралесатэхнічным каледжы і мяркуе з часам атрымаць вышэйшую адукацыю.

— Я з дзяцінства прызвычаіўся да сельскай працы, але прыносіць карысць грамадству можна не толькі будучы трактарыстам ці камбайнерам, але і, напрыклад, інжынерам, — разважае пра сваё будучае Сяргей.

Дзяніс Латыпаў — вадзіцель кіраўніка таварыства "Александрыйскае", але кожны сезон ён ужо звыкла перасаджваецца з "Фольк-
свагена" на грузавы "МАЗ", каб браць удзел у жніве.

— Сёмы год так працую, кожны раз імкнуся перавезці ўсё больш збожжа і, безумоўна, зарабіць больш, — усміхаецца малады чалавек.

Перасесці на грузавік, пераконвае ён, не вельмі цяжка, тым больш што "МАЗ", як жартуюць усе вадзіцелі, заўсёды на галоўнай дарозе. Сам Дзяніс калісьці прыехаў з бацькамі ў Александрыю з Расіі, з Казані.

— Мне тут спадабалася: прырода, людзі, усё, — кажа Латыпаў.

Цяпер Дзянісу 27 гадоў, яго жонка працуе галоўным дыспетчарам у гаспадарцы. У маладой сям'і вялікія планы на будучае. А цяпер Дзяніс хоча, каб на жніве іх не падводзіла тэхніка, ураджайнасць была добрая і ўсе былі здаровымі. Тады і вынікі будуць.

Цяпер у Магілёўскай вобласці 205 экіпажаў камбайнаў, якія намалацілі больш за тысячу тон збожжа, і 333 вадзіцелі, якія перавезлі больш за тысячу тон. Пётр Руднік падкрэслівае, што гэта сведчыць пра эфектыўнасць выкарыстання новай тэхнікі, якой забяспечвае сельскую гаспадарку дзяржава.

У гэтым за прыклад усім ставяць ААТ "Александрыйскае", дзе новыя сучасныя тэхніка і тэхналогіі дазволілі атрымаць 72-73 цэнтнеры з гектара. Увогуле Шклоўскі раён традыцыйна дэманструе высокую ўраджайнасць — сёлета 53-54 цэнтнеры з гектара.

"Тэхніка ў добрых руках!" — гаворыць на гэта кіраўнік вобласці, але найперш дзякуе людзям, якія на ёй працуюць.

Жніво ў рэгіёне завершыцца ў бліжэйшыя некалькі дзён. Засталося ўбраць менш за 5% пасяўных плошчаў. Аднак аграрыям раяць не расслабляцца: наперадзе ўборка кукурузы. Праца працягваецца.

Ілона Іванова,
фота аўтара.

Шклоўскі раён.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.