Вы тут

Ад падтрымкі "сацыялкі" да грамадскага партнёрства


Сустрэча кіраўніка дзяржавы са старшынёй праўлення адкрытага акцыянернага таварыства "Банк развіцця" Сяргеем Румасам, якая адбылася 8 красавіка, безумоўна, з'яўляецца падзеяй сімвалічнай і мае прамое дачыненне да будучыні сацыяльнай сферы ў нашай краіне. Прынятае рашэнне аб удзеле "Банка развіцця" ў фінансаванні праекта "Школьны аўтобус" важна не толькі само па сабе, як важкі ў маштабах Беларусі ўклад у развіццё сацыяльнай сферы ў вёсцы. Больш важна тое, што гэты крок з'яўляецца цалкам канкрэтным знакам, прыкладам, які падае ад імя дзяржавы адна з самых прыбытковых бізнес-структур краіны ўсяму карпаратыўнаму сектару.

Гаворка на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Сяргея Румаса ішла менавіта ў такім ракурсе: па словах Прэзідэнта краіны, падтрымкай і рэалізацыяй сацыяльных праектаў павінна займацца кожная буйная камерцыйная арганізацыя краіны. І гэта невыпадкова. Бо ўцягванне карпаратыўнага сектара ў фінансаванне сацыяльных праграм і грамадскае развіццё з'яўляецца пануючай тэндэнцыяй ва ўсіх развітых краінах свету.

І справа тут зусім не толькі ў тым, што за падобную дзейнасць прадпрыемствам даюцца падатковыя льготы і іншыя бонусы, або ў тым, што "дабрачыннасць — гэта добра для іміджу". Удзел бізнесу ў грамадскім развіцці дыктуецца, перш за ўсё, новым разуменнем узаемасувязі паміж эканомікай і сацыяльнай сферай. Дакладней кажучы, разуменнем таго, што эканоміка і сацыяльная сфера — гэта толькі складнікі адной адзінай сістэмы, грамадства, і таму яны паасобку разглядацца не могуць.

Ці значыць гэта, што карпарацыі замяняюць дзяржаву як гарант сацыяльнай справядлівасці? Наўрад ці. Хутчэй, карпарацыі становяцца асноўнымі аператарамі праграм сацыяльнага ўзнаўлення і развіцця, асноўнымі "донарамі", а дзяржава ўсталёўвае прыярытэтныя кірункі для такой дзейнасці, забяспечвае інфраструктуру і выкананне мінімальнага сацыяльнага стандарту і гэтак далей.

Вядома, Беларусі да такога ўзаемадзеяння карпарацый, грамадства і дзяржавы яшчэ даволі далёка. У нас менавіта дзяржава з'яўляецца галоўнай дзеючай асобай і ва ўсіх галінах сацыяльнай сферы, такіх, як адукацыя, ахова здароўя, сацыяльная абарона, і ў галіне сацыяльнага развіцця, пачынаючы з самага нізкага ўзроўню мясцовага самакіравання. Тыя прыватныя сацыяльныя ініцыятывы, якія рэалізуюцца ў Беларусі, пакуль маюць альбо камерцыйны характар (як, напрыклад, камерцыйныя медыцынскія цэнтры, якія ўжо сталі неад'емнай часткай ладу жыцця пэўных груп беларускага грамадства, ці прыватныя ЖЭСы), альбо характар зусім ужо лакальны (што, зрэшты, не робіць іх менш каштоўнымі для грамадства).

Аднабаковае зніжэнне ролі дзяржавы ў сацыяльнай сферы, якое было ініцыявана ўрадам у канцы 2012 — пачатку 2013 гадоў і выклікала нямала крытыкі (у тым ліку з боку кіраўніка дзяржавы), магло абярнуцца для беларускага грамадства цяжкімі ўзрушэннямі. Ініцыятыва па "барацьбе з утрыманствам" успрымалася асабліва балюча ў тым ліку з-за таго, што яна моцна нагадвала рэалізаваныя ў Расіі эксперыменты па камерцыялізацыі адукацыі, аховы здароўя, жыллёва-камунальнай гаспадаркі і іншых абласцей жыцця. Бо шмат у чым менавіта на асэнсаванні заганнасці такой практыкі і будавалася разуменне пераваг беларускай сацыяльна-эканамічнай мадэлі.

Сёння ж праз дзеянні "Банка развіцця" дзяржава паказвае, што адыход ад патэрналісцкай мадэлі сацыяльнай абароны не будзе азначаць адыходу дзяржавы ад "сацыялкі". Дзяржава будзе настойваць на павелічэнні ўдзелу бізнес-структур у развіцці сацыяльнай сферы і праз гэта забяспечваць рэалізацыю прынцыпа сацыяльнай справядлівасці. Зразумела, што для гэтага спатрэбіцца новае заканадаўства, новыя механізмы размеркавання фінансавых сродкаў, паглыбленне прыватна-дзяржаўнага супрацоўніцтва. Але гэта цалкам адпавядае тым задачам і прыярытэтам, якія зацверджаны ў праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі да 2015 года.

Юрый Царык,

палітычны аналітык, 
кіраўнік Беларуская групы развіцця.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Канфуцый «прапісаўся» ў Мінску. Гутарым з дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, былым паслом Беларусі ў Кітаі Анатолем Тозікам

Канфуцый «прапісаўся» ў Мінску. Гутарым з дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, былым паслом Беларусі ў Кітаі Анатолем Тозікам

20 студзеня Беларусь і Кітай адзначаюць 29-ю гадавіну ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж нашымі краінамі. 

Грамадства

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

Пасля смерці Сталіна «жалезная заслона», якая аддзяляла Савецкі Саюз ад навакольнага свету, прыадчынілася.