Вы тут

Маладыя сэрцы — за традыцыю!


БРСМ падвёў вынікі летняга сезона студэнцкіх будатрадаў

Менавіта з гэтай падзеі пачаўся моладзевы форум «Маладосць. Традыцыі. Будучыня», прысвечаны 95-годдзю камсамола. Упершыню ўшаноўваць лепшыя студатрады сабраліся на плошчы Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь.

За пяць месяцаў (з мая па кастрычнік) студэнцкія атрады па ўсёй краіне аб'ядналі звыш 55 тыс. хлопцаў і дзяўчат. Будучыя спецыялісты працавалі на рэканструкцыі і будаўніцтве дарог, малочна-таварных фермаў, школ і дзіцячых садкоў, спартыўных комплексаў, жылых дамоў, храмаў. Спецыяльна да 50-годдзя студатрадаўскага руху на Беларусі некаторыя аб'екты атрымалі статус «Моладзевая будоўля». Сярод іх — узвядзенне моста цераз раку Мухавец у Брэсцкай вобласці, рэканструкцыя Быхаўскага замка на Магілёўшчыне, будаўніцтва Студэнцкай вёскі ў Мінску і іншыя.

1383122536964_1

Па словах першага сакратара ЦК БРСМ Ігара Бузоўскага, студэнцкія атрады — гэта не толькі традыцыйная форма выхавання моладзі, але і выдатная крыніца летняга заробку. Так, сёлета зарплата «працоўных студэнтаў» у сярэднім склала ад 9 да 15 млн рублёў. Максімальную суму — 19 млн рублёў — маглі атрымаць удзельнікі будатрада «Энергетык», што працавалі на будаўніцтве Беларускай АЭС у Астравецкім раёне. Разам з тым нельга забываць пра гістарычны ўклад савецкага камсамола, лічыць Ігар Бузоўскі. «Гэта трошкі і сумнае свята, бо сёлетні юбілей выпакутаваны потам і кроўю. Калі камсамольцы змагаліся ў партызанскіх атрадах, будавалі БАМ і ўзнімалі цаліну... Гэта была гераічная эпоха, пра якую неабходна памятаць, каб у адпаведных традыцыях будаваць моладзевую палітыку ўжо сучаснай Беларусі».

Падвядзенне вынікаў працоўнага семестра фактычна распачынае новы сезон студатрадаў. Дарэчы, сёлета па ўсёй тэрыторыі Саюзнай дзяржавы працавалі зводныя беларуска-расійскія атрады — будаўнічыя, сельскагаспадарчыя, педагагічныя, экалагічныя, сэрвісныя. Так, лепшым атрадам, які працуе за межамі Рэспублікі Беларусь, быў прызнаны будатрад «Два гарады». Яго ўдзельнікі, студэнты Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, працавалі на Усерасійскай студэнцкай будоўлі «Баваненкава» ў Ямала-Нянецкай аўтаномнай акрузе, дзе знаходзіцца адно з буйнейшых у Расіі нафтагазавае радовішча.

Шмат студэнтаў працавала праваднікамі на вагонных участках Расійскай чыгункі. Напрыклад, студэнтка чацвёртага курса юрыдычнага факультэта Полацкага ўніверсітэта Ірына Пісаненка, якую прызналі лепшым байцом сэрвіснага атрада, усё лета правяла ў цягніках чарнаморскага напрамку. «Другі год запар працую ў гэтым сэрвісным атрадзе, — распавядае дзяўчына. — Спачатку было складана прывыкнуць да такога рытму жыцця, бо гэта бяссонныя ночы, пасажыры з самымі рознымі патрабаваннямі. Трэба ўмець наладзіць стасункі з усімі — і з дарослымі, і з малымі дзецьмі, і з пажылымі людзьмі. Сёлета, вядома, было прасцей, бо ўжо ведала, што мяне чакае. Да таго ж я працавала на маршрутах Масква — Сочы, Масква — Еўпаторыя, Масква — Феадосія. Паўнавартасна адпачыць не атрымлівалася, але збегаць на мора паспявалі. Што не кажы, прыемны бонус».

1383122539705_2

Адзначым і астатніх пераможцаў рэспубліканскага конкурсу «Працоўны семестр». Лепшым будатрадам стаў «Беркут», створаны на базе Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Удзельнікі лепшага сэрвіснага атрада «Беларусь» — студэнты з Гродзеншчыны. Лепшым экалагічным атрадам назвалі «Бярэзінскі біясферны запаведнік», які быў арганізаваны са студэнтаў Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага ўніверсітэта ім. Сахарава. А лепшым сельскагаспадарчым атрадам прызналі «Вецер» са Століншчыны. Усе ўдзельнікі адзначаных студатрадаў атрымалі ганаровыя граматы, прыгожыя хрустальныя трафеі і памятныя прызы.

Між іншым, студатрадаўскі рух паступова выходзіць за межы краін СНД. Так, сёлета многія студэнты працавалі ў добраахвотніцкіх атрадах у Польшчы і нават у Венесуэле.

Таксама ў рамках форуму працавала інтэрактыўная выстава, прысвечаная юбілейным датам, дзе моладзевыя дэлегацыі з усіх куткоў краіны маглі азнаёміцца з дзейнасцю студатрадаў. Сюрпрызам для ўсіх удзельнікаў мерапрыемства стала прэзентацыя песень «Мы маладыя» і «Будучыню Радзімы будаваць маладым». На завяршэнне свята госці былі запрошаны на тэатралізаванае караоке-шоу.

Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ.

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.