Надзейнасць, заснаваная на шматгадовых традыцыях, і якасны кадравы патэнцыял Гомельшчыны, дазваляюць абласному Дэпартаменту аховы на працягу некалькіх гадоў трывала ўтрымліваць высокі рэйтынг даверу насельніцтва і ўваходзіць у лік аднаго з лепшых упраўленняў аховы рэспублікі.
Сёння Гомельшчына давярае нам не толькі ахову кватэр, але і банкаў, музеяў, гісторыка-архітэктурных і культурных комплексаў, крам, адукацыйных устаноў, аб'ектаў аховы здароўя...
Пра паспяховае заканчэнне мінулага года і стабільнае развіццё службы нам распавёў начальнік Гомельскага абласнога ўпраўлення палкоўнік міліцыі Аляксандр ЛІСІМАЎ.
— Аляксандр Фёдаравіч, пастаянства — гарантыя поспеху! Як вам удаецца столькі гадоў запар трымаць марку?
— Перш за ўсё, важны ўзровень падрыхтоўкі супрацоўнікаў, які з кожным годам значна павышаецца. Сутыкаючыся ў штодзённай службе са злачынцамі, нашы міліцыянеры часцей за ўсё першымі аказваюцца на месцы здарэння, што дазваляе ў кароткі час прыняць адзінае правільнае рашэнне па абясшкоджванні правапарушальніка. Грамадзяне могуць адчуваць сябе спакойна і абаронена — нашы хлопцы дзейнічаюць рашуча і прафесійна.
Гаворачы пра ўдасканальванне, варта адзначыць, што супрацоўнікі аховы, удзельнічаючы ў рэспубліканскіх конкурсах прафесійнага майстэрства, паказваюць годны вынік, стабільна займаючы прызавыя месцы.
Немалаважным кампанентам нашага поспеху з'яўляецца тэхнічнае забеспячэнне падраздзяленняў. Мы імкнёмся выкарыстоўваць самыя сучасныя ахоўныя прыборы, якія дазваляюць своечасова рэагаваць і прадухіляць любую спробу крадзяжу.
— Колькі аб'ектаў ахоўваецца вашым упраўленнем?
— Па стане на 1 студзеня гэтага года пад абаронай падраздзяленняў аховы Гомельскай вобласці знаходзіцца больш як 36 тысяч аб'ектаў розных формаў уласнасці і звыш 30 тысяч памяшканняў з асабістай маёмасцю грамадзян. Акрамя гэтага, больш як чатыры тысячы аб'ектаў кантралююцца з дапамогай ручных сістэм трывожнай сігналізацыі.
— Акрамя ахоўных функцый, наколькі вашы супрацоўнікі задзейнічаны ў сістэме адзінай дыслакацыі АУС?
— Нашы экіпажы, як правіла, адны з самых мабільных. Улічваючы статыстыку мінулага года, падчас нясення службы на пастах і маршрутах патрулявання, пры адпрацоўцы арыенціровак з тэрытарыяльных РАУС, аператыўным рэагаванні на спрацоўванне сродкаў сігналізацыі на ахоўных аб'ектах і памяшканнях з асабістай маёмасцю грамадзян нарадамі аховы раскрыта 731 злачынства, з якіх 681 — па лініі крымінальнага вышуку; 378, або больш як 50%, злачынстваў раскрыта па «гарачых слядах» (з іх 145 — з дапамогай службовых сабак). У ліку раскрытых злачынстваў два забойствы, адзін факт прычынення смерці па неасцярожнасці, 15 фактаў пагрозы забойствам, 12 — нанясення цяжкіх, 3 — менш цяжкіх і 5 — лёгкіх цялесных пашкоджанняў, 8 катаванняў, адно згвалтаванне, 7 разбояў, 56 абрабаванняў, 232 крадзяжы, 74 хуліганствы, 13 згонаў аўтатранспарту, 6 фактаў супраціўлення і 6 фактаў гвалту альбо пагрозы гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, а таксама 49 злачынстваў, звязаных з незаконным абарачэннем наркатычных і псіхатропных рэчываў.
— Ці атрымліваецца знайсці аднадумцаў у такой няпростай справе?
— Калектыў — трывалы падмурак нашага ўпраўлення. Ужо на працягу 5-10 гадоў нам удаецца захаваць кадравае ядро кіраўнікоў, намеснікаў і работнікаў, якія пачыналі міліцэйскі шлях у ахове. Таму менавіта гэтыя людзі, якія ведаюць службу знутры, не па чутках, штодня імкнуцца да дасканаласці, прапаноўваючы і ўкараняючы новыя формы і метады працы. У калектыве ўсё ўзаемазвязана: вопытныя кіраўнікі і ініцыятыўныя выканаўцы — менавіта гэтыя людзі фарміруюць асабовы склад нашага рэгіёна. Я прывык давяраць людзям дасведчаным, якія ўвесь час знаходзяцца ў пошуку новага, таму ў нас адны мэты!
— Як часта вы чуеце словы падзякі на адрас Гомельскага абласнога ўпраўлення?
— Мой адказ здасца банальным, але, выконваючы сваю працу, мы не чакаем падзяк. Сёння ў нашых падраздзяленнях працуюць па-сапраўднаму адданыя сваёй справе і закону людзі. На рахунку многіх супрацоўнікаў за гады нялёгкай службы дзясяткі раскрытых злачынстваў, сотні затрыманых злачынцаў, далёка не адно выратаванае чалавечае жыццё. І за гэтымі, на першы погляд, сухімі статыстычнымі лічбамі — штодзённая свядомая рызыка ўласным жыццём дзеля спакою грамадзян, а не дзеля ўдзячнасці. Надзейнасць і высокая якасць нашых паслуг пацвярджаецца колькасцю ахоўных аб'ектаў, якая кожны дзень павялічваецца, наяўнасцю вялізнай колькасці пастаянных кліентаў. І гэты давер, аказаны народам, даражэй за ўсякія пахвалы!
Іна ЧЫРЭЦ-МІШЫНА.
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».