Намеснік начальніка аддзялення камплектавання аддзела ідэалагічнай работы і кадравага забяспячэння Гродзенскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы Яніна Міхайлаўна Буйніцкая — прыгожая, абаяльная жанчына з іскрынкай у вачах. Форма ёй да твару. А яшчэ ёй да твару ўсмешка, якая выдае ў ёй шчаслівага чалавека.
Яніна Міхайлаўна і не адмаўляе таго, што шчаслівая. «Трэба ставіцца да ўсіх з любоўю, а таксама любіць сваю працу. З добрым настроем прыходзіць на службу і вяртацца дадому», — кажа маёр міліцыі. Радуюць сям'я, маленькая ўнучка, калегі, большасць з якіх — мужчыны. А з імі, як лічыць Яніна Міхайлаўна, нашмат прасцей працаваць, таму што яны спакайней ставяцца да цяжкасцяў і ніколі не адмовяць у дапамозе. Таму ніякіх асаблівых сакрэтаў прыгажосці ў Яніны Буйніцкай няма. Уся справа — у станоўчых эмоцыях.
Працы ў міліцыі Яніна Міхайлаўна прысвяціла амаль трыццаць гадоў. Зусім хутка яна пойдзе на заслужаны адпачынак. Разумеючы, што цяпер трэба надаць больш увагі сям'і, усё ж з трывогай думае пра момант звальнення. «Нават не ведаю, як я буду без сваіх калег. Чым бліжэй да моманту звальнення, тым становіцца трывожней. Мая праца — гэта ўжо лад жыцця, звычка, — гаворыць Яніна Буйніцкая. — Калектыў аддзела ідэалагічнай работы і кадравага забеспячэння ўпраўлення працуе як зладжаны механізм. Кожны ведае сваю справу, але ў той жа час можа замяніць калегу пры неабходнасці. Кожны гатовы дапамагчы, нават калі гэта не звязана са службовымі абавязкамі».
Сёння медаль «За бездакорную службу» ІІІ ступені, Ганаровая грамата Дэпартамента аховы, падзяка міністра ўнутраных спраў, медаль «90 гадоў беларускай міліцыі», — далёка не ўсе ўзнагароды, якія мае маёр Буйніцкая, нягледзячы на тое, што ў органы ўнутраных спраў яна трапіла выпадкова. Аднойчы наша гераіня праходзіла міма Гродзенскага РАУС і вырашыла спытаць, ці няма для яе якой-небудзь працы. Намеснікам начальніка райаддзела тады быў Анатоль Аляксеевіч Белашэўскі, які прыняў яе ў штат на пасаду інспектара канцылярыі. Гэта было ў 1985 годзе. У 1987-м стала працаваць у Гродзенскім раённым падраздзяленні аховы, а з верасня 2001 года Яніна Міхайлаўна служыць у Гродзенскім абласным упраўленні Дэпартамента аховы.
«Спакойна тут ніколі не бывае, — расказвае пра спецыфіку працы Яніна Буйніцкая. — У сувязі з цякучасцю кадраў, трэба своечасова падрыхтаваць замену, каб падраздзяленні працавалі як належыць, каб не было некамплекта і вялікай нагрузкі на асабовы склад. Імкнёмся, каб колькасць звольненых супрацоўнікаў адпавядала колькасці тых, хто прыбыў на службу».
Летась Гродзенскае абласное ўпраўленне заняло другое месца ў рэспубліцы па камплектаванні. Як жа адбіраюцца кадры? Паводле слоў Яніны Міхайлаўны, зносіны з кандыдатам адбываюцца на працягу 4 месяцаў — паўгода. За гэты час можна вывучыць яго звычкі, лад жыцця, зразумець, як ён ставіцца да міліцэйскай службы. Намеснік начальніка аддзялення звяртае ўвагу на тое, як чалавек вучыўся, ці займаўся якімі-небудзь відамі спорту, ці прымаў удзел у грамадскім жыцці. І самае галоўнае патрабаванне да кандыдата — дысцыплінаванасць і законапаслухмянасць.
Многія з тых, чые асабістыя справы афармляла Яніна Буйніцкая, ужо працуюць на высокіх пасадах. Гэта начальнік аддзела тылавога забеспячэння ўпраўлення Лявонцій Пятровіч Рудакоўскі, начальнік фінансавай службы КДК вобласці Дзмітрый Мікалаевіч Назарук, старшы юрысконсульт штаба Гродзенскага абласнога ўпраўлення Марына Вацлаваўна Юрчак, намеснік начальніка аддзялення сродкаў і сістэм аховы Ленінскага аддзела аховы Андрэй Іванавіч Бандацкі і многія іншыя. У прафесійным станаўленні Яніне Буйніцкай дапамагаў Мікалай Мікалаевіч Лойша, з якім пачынала працаваць у абласным упраўленні. Спачатку ён быў намеснікам начальніка, потым начальнікам кадравай службы, цяпер працуе начальнікам штаба. З падзякай гаворыць і пра начальніка аддзела ідэалагічнай работы і кадравага забеспячэння Міхаіла Іванавіча Чывілу, які ніколі не адмовіць у дапамозе і парадзе.
У вольны ад працы час Яніна Міхайлаўна вельмі любіць гуляць па лесе, збіраць грыбы, умее вязаць. Ніколі не прапускае спартыўных спаборніцтваў, дзе не толькі падтрымлівае калег, але і сама прымае ўдзел. Разам ходзяць у тэатр, ездзяць у вандроўкі. Летась наведалі Нясвіж, Жыровічы, ездзілі на хакейны матч у сталіцу.
А яшчэ Яніна Міхайлаўна — бабуля цудоўнай трохгадовай дзяўчынкі Лізаветы. «Я чытаю ёй па тэлефоне кніжкі, казкі, — захоплена распавядае жанчына, — а потым пры сустрэчы гуляем у «бабулю і Чырвоную шапачку». Або Ліза пераказвае мне тыя казкі, што я ёй чытала. Яна яшчэ маленькая, таму для яе гэта ўжо дасягненне».
Вольга КАЦЬКО.
Фота аўтара.
Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.