Замест ваеннай формы — спецвопратка, замест аўтамата — венік і рыдлёўка
Такая альтэрнатыва неўзабаве будзе прапанавана юнакам прызыўнога ўзросту, якія адмаўляюцца служыць у арміі. Вядома, аднаго нежадання тут недастаткова. У першую чаргу, законапраект «Аб альтэрнатыўнай службе», які паступіў на разгляд у Палату прадстаўнікоў, будзе тычыцца тых хлопцаў, для каго нашэнне і прымяненне зброі супярэчыць іх рэлігійным перакананням.
Воінскі абавязак у такім выпадку будзе заменены працоўным. Праўда, замест звычайных 1,5 года альтэрнатыўшчыкаў чакаюць 2,5 года. Але на грамадзянцы.
— Альтэрнатыўную службу юнакі будуць праходзіць у арганізацыях аховы здароўя, сацыяльнай сферы, жыллёва-камунальнай, сельскай і лясной гаспадаркі, — зазначыў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Ігар СТАРАВОЙТАЎ.
— Таксама хлопцы будуць задзейнічаны ў арганізацыях, якія займаюцца добраўпарадкаваннем тэрыторый, будаўніцтвам і рамонтам дарог, у падраздзяленнях па надзвычайных сітуацыях.
У якіх канкрэтна ўстановах будуць праходзіць працоўную службу юнакі, вызначыць Міністэрства працы і сацабароны. Дапамогуць у гэтым і аблвыканкамы. Толькі гэта не значыць, што працаваць юнакі будуць па месцы жыхарства. Магчыма, камусьці пашчасціць. Толькі ўсё роўна пражываць яны будуць не дома, а ў добраўпарадкаваных грамадзянскіх інтэрнатах.
За 2,5 года службы прадугледжаны адпачынак — 30 дзён. У арміі, дарэчы, не намнога менш. Як і ў войску, для маладых людзей з вышэйшай адукацыяй існуе бонус: для іх служба будзе цягнуцца крыху больш за 1,5 года. У арміі, у сваю чаргу, юнакоў з дыпломам аб заканчэнні ВНУ больш чым год не трымаюць.
Калі для альтэрнатыўшчыкаў і гэта не аргумент, то ўсё роўна «халявы» чакаць не прыйдзецца. Працаваць юнакі будуць па 48 гадзін у тыдзень. Аб вялікіх заробках марыць не трэба. Штомесяц хлопцы будуць атрымліваць грашовае забеспячэнне ў памеры 150% найбольшай велічыні пражытачнага мінімуму. А гэта каля двух мільёнаў. Праз год альтэрнатыўнай службы грашовае забеспячэнне павялічыцца на 20%, праз два гады — на 40%.
Згодна з праектам закона, юнакі, якія будуць праходзіць альтэрнатыўную службу, вызваляюцца ад аплаты за карыстанне прадастаўленым ім памяшканнем для пражывання і за жыллёва-камунальныя паслугі. Акрамя таго, альтэрнатыўшчыкі змогуць разлічваць і на бясплатнае забеспячэнне лекавымі сродкамі ў выпадку хваробы.
«Законапраектам прадугледжаны дадатковы водпуск па хваробе, а таксама ў сувязі з паступленнем ва ўстановы адукацыі і атрыманнем адукацыі, з уважлівых прычын асабістага і сямейнага характару», — паведамілі ў міністэрстве.
Законапраект яшчэ не прыняты. Магчыма, некаторыя палажэнні будуць заменены, удакладнены ці ўвогуле скасаваны. Аднак калі ўсё ж такі вышэйзгаданы варыянт закона задаволіць дэпутатаў, то мінімум за 10 дзён да заканчэння прызыўной кампаніі юнак павінен напісаць заяву аб замене вайсковай службы на альтэрнатыўную і падаць яе ў ваенкамат па месцы жыхарства. На пасяджэнні камісіі ў прысутнасці прызыўніка, які па стане здароўя прыдатны для праходжання службы ў арміі, заяву разгледзяць. Калі яна будзе задаволена, малады чалавек павінен будзе звярнуцца ў орган па працы, занятасці і сацабароне. Там і вызначаць, дзе ён пройдзе альтэрнатыўную службу.
Дарэчы, у Расіі падобны закон аб альтэрнатыўнай службе ўжо функцыянуе на працягу амаль дзесяцігоддзя. І трэба сказаць, такая альтэрнатыва асаблівай папулярнасцю не карыстаецца. Хутчэй за ўсё, расіян палохае тэрмін, які амаль удвая большы за службу ў арміі. А магчыма, вялікую ролю адыгрывае і пачуццё патрыятызму.
Нягледзячы на тое, што юнак, які зробіць свой выбар на карысць альтэрнатыўнай службы, па сваім прававым статусе будзе набліжаны да салдата тэрміновай службы, у вачах людзей, хутчэй за ўсё, ён назаўсёды застанецца «ўхілістам». Таму, верагодна, што з прыняццем закона чакаць вялікага наплыву альтэрнатыўшчыкаў не варта.
Вераніка КАНЮТА.
Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.