Прыбірацца пасля зімы Магілёў пачаў яшчэ некалькі тыдняў таму, а падчас рэспубліканскага суботніка працоўны дэсант наводзіў парадак у парках, скверах і на сацыяльна значных аб'ектах. Ужо з самой раніцы каля хірургічнага корпуса абласной дзіцячай бальніцы (яго плануецца ўвесці ў строй ужо ў гэтым квартале) людзі ўсталёўвалі альтанкі і сметніцы, саджалі дрэвы і вымяталі смецце.
З рыдлёўкай у руках працаваў памочнік Прэзідэнта — галоўны інспектар па Магілёўскай вобласці Генадзь Лаўранкоў. Падчас перапынку ён адзначыў, што было б добра, калі б кожны з нас не чакаў суботніка, а пастаянна займаўся добраўпарадкаваннем свайго асяроддзя пражывання. І органам мясцовага самакіравання ёсць тут над чым падумаць.
Было шматлюдна і ўнутры хірургічнага корпуса, дзе наводзіўся парадак і расстаўлялася сучаснае медыцынскае абсталяванне. Навучэнцы бабруйскага прафесійна-тэхнічнага мастацкага каледжа ўпрыгожвалі сцены разнастайнымі малюнкамі. Дзяўчаты прызналіся, што гэтая практыка вельмі карысная для іх, паколькі адна справа — трэніравацца ў вучэбных аўдыторыях, і зусім іншая — праверыць свае здольнасці на такой адказнай пляцоўцы.
Асабліва прыўзняты настрой быў у супрацоўнікаў дзіцячай бальніцы. Яе кіраўніцтва адзначыла, што вельмі хутка ў Магілёве пачнецца новы этап у развіцці дзіцячай хірургіі. Толькі аперацыйных памяшканняў у новым корпусе 6 — усе яны будуць абсталяваны па апошнім слове тэхнікі. Гэта дазволіць рабіць у тым ліку і тыя аперацыі, якія раней не праводзіліся, з выкарыстаннем сучаснага відэаскапічнага і лазернага абсталявання. А галоўнае, увод новага аб'екта дазволіць сабраць у адным месцы ўсіх непаўналетніх пацыентаў (раней «дзіцячыя» хірургічныя ложкі знаходзіліся ў розных медыцынскіх установах горада і гэта было вельмі нязручна). Новы корпус разлічаны на 180 месцаў.
Генеральную прыборку на значным для горада аб'екце дапамагалі рабіць супрацоўнікі аблвыканкама, упраўлення Камітэта судовых экспертыз па Магілёўскай вобласці, работнікі Будтрэста‑12 і іншых службаў — усяго каля 800 чалавек.
— Гэты год праходзіць пад знакам Гасціннасці, і мы павінны зрабіць усё магчымае, каб Беларусь стала нашым агульным утульным домам, дзе ўсім было б камфортна жыць. Вось такімі сумеснымі мерапрыемствамі мы гэтага і дамагаемся, — адзначыў старшыня аблвыканкама Пётр Руднік, які прымаў удзел у добраўпарадкаванні тэрыторыі, а таксама агледзеў памяшканні хірургічнага корпуса і пабываў у аперацыйных блоках.
Перад тым як наведацца ў абласную дзіцячую бальніцу, губернатар пабываў яшчэ на адной значнай пляцоўцы суботніка — у Падніколлі, дзе вялося добраўпарадкаванне будучага парку і быў закладзены яблыневы сад. Сумесна з мэрам Магілёва Уладзімірам Цумаравым ён пасадзіў у ім пладовыя дрэвы. Усяго тут з'явілася больш за 60 саджанцаў.
Нэлі ЗІГУЛЯ.
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.