Усе метады добрыя
Віктар Яфімавіч Спірыдонаў, галоўны ўрач Віцебскага абласнога клінічнага скурна-венералагічнага дыспансера, заўсёды чамусьці вельмі сціпла расказвае пра навінкі нетрадыцыйных метадаў лячэння. І на гэты раз ён падкрэсліў, што такія метады — толькі дадатковая прапанова, а праблемы са здароўем трэба вырашаць комплексна.
— Пагадзіцеся, калі акрамя лекавай тэрапіі чалавеку прапануюць, напрыклад, курс лячэння біяполем пчол, дык няўжо гэта дрэнна? Тым больш што павялічылася колькасць хранічных захворванняў, якія дрэнна паддаюцца лячэнню. Гэта тлумачыцца і тым, што людзі займаюцца самалячэннем, у іх паніжаны імунітэт. Дрэнная экалогія таксама аказвае адмоўны эфект. Сярод іншых вельмі цяжка лечацца псарыяз, нейрадэрміт, экзэма... У сувязі з гэтым нашы медыкі часта прапаноўваюць хворым комплексны падыход. І паралельна з выкарыстаннем высокаэфектыўных медыкаментозных метадаў лячэння, фізіятэрапіі прызначаюцца і нетрадыцыйныя метады. Вельмі добра апраўдалі сябе псіхатэрапія, іголкарэфлексатэрапія, вода- і гразелячэнне, азонатэрапія. Ужо шосты год у нашым дыспансеры выкарыстоўваюцца гірудатэрапія, апітэрапія. Але калі раней мы проста лячылі пчаліным ядам (пчолы джалілі пацыентаў. — Аўт.), а таксама — прадуктамі пчалярства, то цяпер пачынаем праводзіць сеансы ўздзеяння на арганізм біяполем пчол, — расказаў галоўны ўрач.
Дамок, дзе пчолы лечаць біяполем, ён упершыню ўбачыў, калі адпачываў з жонкай у Трускаўцы. Там на курорце калегі яму дазволілі вывучыць «пчаліны кабінет», у якім адначасова маглі паправіць здароўе чалавек восем.
— Я і з пчаляром пагутарыў. Дык ён мяне здзівіў тым, што, аказваецца, на пчальніку адмоўная біяэнергетыка, а ў вуллі — дадатная. Ніколі не забуду сваё першае ўражанне ад таго, што адчуў у тым дамку. Пах мёду, воску, пяргі, траў... Тады я загарэўся ідэяй пераняць гэты вопыт, — працягвае Віктар Спірыдонаў.
І мужчынам дапамогуць «быць на вышыні»
Падчас гутаркі з Віктарам Спірыдонавым і яго калегамі мяне цікавілі падрабязнасці: як гэта дзейнічае?
Афіцыйная навука даўно прызнала тое, што ў савецкія гады ўспрымалася як казка. Прычына многіх захворванняў чалавека — да 85% — крыецца ў біяполі. І праблему можна знайсці, зрабіўшы аўраметрыю — вымярэнне біяполя чалавека. Такую паслугу аказваюць у Мінску. Падчас дыягностыкі можна ў рэальнасці ўбачыць, як выглядае аўра — у выглядзе аўраграмы (прасторавай трохмернай 3D выявы). А пчолы якраз і станоўча ўплываюць на чалавека сваім біяполем.
— Лячэнне біяполем пчол — метад, які выкарыстоўвалі нашы продкі, а яны ж былі не дурнымі людзьмі. Лічу, што трэба вывучаць іх вопыт, бо народныя спосабы лячэння — даступныя і простыя. І яны ніколі не пашкодзяць здароўю, калі, безумоўна, няма супрацьпаказанняў, — дадае галоўны ўрач.
— Гэтым метадам можна вылечыць не толькі дэрматалагічныя, але і ўралагічныя, гінекалагічныя хваробы, захворванні эндакрыннай сістэмы. Добры эфект пры праблемах нервовай і дыхальнай сістэм, пры парушэннях апорна-рухальнага апарата. Лячэнне біяполем пчол устараняе бяссоніцу, нармалізуе патэнцыю ў мужчын. Асабліва карысны сеансы для людзей, якім за 30 гадоў. Метад спрыяе амаладжэнню, з'яўляецца добрым агульнаўмацавальным і аздараўленчым сродкам. Рэкамендаваны курс — 5-10 сеансаў, кожны з якіх працягласцю ад 30 хвілін да гадзіны. Але не ўсім можна будзе паправіць здароўе ў дамку з пчоламі. Табу — для хворых на туберкулёз, анкалагічныя захворванні, у каго алергія на прадукты пчалярства... — растлумачыла Галіна Сяржанава, загадчыца аддзялення медыцынскай рэабілітацыі Віцебскага абласнога клінічнага скурна-венералагічнага дыспансера.
Паводле яе слоў, дамок спраектаваны такім чынам, што энергетыка пчалінага рою перадаецца чалавеку. Тысячы пчол адначасова лечаць. А цяпло ад дошак у дамку, якія награваюцца ад цяпла пацыента і ад пчол, дае магчымасць расслабіцца мышцам спіны. Пры гэтым паляпшаецца кровазварот... Чалавек атрымлівае мікрамасаж — за кошт вібрацыі, якая ствараецца, калі пчолы рухаюцца.
Ёсць кантакт
Папрасіў галоўнага ўрача, каб кампанію ў падарожжы да «пчалінага царства» мне склала самая прыгожая супрацоўніца. Але ж калі адна прыгажэйшая за другую, дык каго ж «камандзіраваць»? У выніку маім кансультантам і фатографам стала Ірма Шакунова, старшая медсястра аддзялення рэабілітацыі.
— Не трэба хвалявацца: не джаляць у дамку пчолы! — супакоіла яна мяне па дарозе. — Наадварот, зможаце адпачыць, гарантую! Тым больш сёння чарговы спякотны дзень, а ў дамку халаднавата, сонца не пячэ, а які пах: розных траў, мёду, пропалісу! Там жа паралельна і сеанс ароматэрапіі атрымаеце.
І вось ён драўляны невялікі цуд-дамок, дзе праводзяць сеансы. Унутры драўляная ляжанка. Пчолы свабодна залятаюць і вылятаюць з дамка. Пры гэтым ад чалавека іх аддзяляе сетка. А каб быў «кантакт з аўрай пчол», на ляжанцы зроблены адтуліны.
— Кладзіцеся і адпачывайце! Так, абутак трэба зняць, але раздзявацца не трэба. Не на агляд жа прыйшлі, — пажартавала медсястра.
Шчыра кажучы, адразу нічога я не адчуў. Мо толькі асалоду ад прыемнага паху і тое, што мне не тэлефануюць. Насамрэч цуд: звычайна турбуюць мяне разоў па пяць-шэсць за гадзіну, а тут мабільны раптам змоўк. Мо пчолы аўрай паўплывалі?
Пачаў прыслухвацца. Пчолы гудуць і гудуць, крылцамі махаюць (шмат пчол я ўбачыў праз акно дамка. — Аўт.). Насякомыя, вядома, не разумеюць, што яны нечакана для сябе сталі лекарамі. А мо і самі нешта адчуваюць, калі чалавек над імі ляжыць? Нездарма ж ёсць выраз: «Пчала — божая істота». Калі ляжаў, успомніў я і словы медыкаў пра тое, што біяполе пчол супадае па частаце ваганняў з біяполем здаровага чалавечага арганізма.
Журналісцкі эксперымент доўжыўся 30 хвілін. Калі ўстаў, адразу адчуў нейкую слабасць. А потым такі прыліў сіл з'явіўся, што не апісаць. Энергіі набраўся ў пчол шмат!
Потым ужо прачытаў, што энергетыка біяполя чалавека пасля лячэння ў дамках павышаецца разоў у пяць. А я ж толькі адзін раз паспрабаваў.
Сеанс абыдзецца пацыентам у 60 тысяч рублёў. Пагадзіцеся, не вельмі дорага. А колькі задавальнення, прыемных эмоцый і ўражанняў, прыбаўкі сіл і аздараўлення! Рэкамендую, не пашкадуеце!
Калектыў дыспансера, упэўнены, яшчэ не раз здзівіць. Калі я пажартаваў наконт змей, прыадкрылі тайну. Мо і смаўжы будуць дапамагаць медыкам. У Еўропе іх выкарыстоўваюць, каб яны маладзілі скуру. А мы ж чым горшыя? Будзе новая нагода напісаць рэпартаж.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
З мастацтвам па жыцці.
Баявое ўзаемадзеянне найвышэйшага ўзроўню.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».