Як правільна размаўляць з самымі рознымі людзьмі
Як не адчуваць сябе няёмка, размаўляючы з чалавекам з тымі ці іншымі парушэннямі? Як сябе паводзіць пры размове? Пра гэта нам распавяла дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Эніра Браніцкая.
—Самае галоўнае — памятаць, што людзі з інваліднасцю — гэта звычайныя людзі са сваімі сем'ямі, захапленнямі, працай, праблемамі і радасцямі, — лічыць наша суразмоў-
ца. — Інваліднасць — не адзінае, што вызначае іх індывідуальнасць. Не рабіце з іх герояў ці ахвяраў. Стаўцеся да іх як да асоб.
А цяпер больш канкрэтна…
Калі ваш суразмоўца ў інваліднай калясцы…
Не штурхайце і не дакранайцеся да інваліднай каляскі чалавека — гэта частка яго асабістай прасторы. Калі вы будзеце дапамагаць камусьці з'ехаць з краю тратуара, не чакаючы інструкцый, вы можаце выпадкова выкінуць чалавека з каляскі. Вы можаце зламаць дэталі каляскі, калі будзеце падымаць яе за поручні ці падстаўку для ног. Таму, калі чалавеку трэба дапамагчы, спытайце як, перш чым дзейнічаць.
Размаўляючы з чалавекам, які карыстаецца каляскай, вазьміце крэсла і сядзьце на адным з ім узроўні. Калі гэта немагчыма, стойце на невялікай адлегласці, так, каб ён не напружваў шыю, устанаўліваючы з вамі зрокавы кантакт.
Калі ваш суразмоўца — невідушчы чалавек
Невідушчыя людзі могуць карыстацца рукамі для раўнавагі, так што прапануйце сваю руку — але не бярыце яго за руку, — калі чалавека трэба правесці. (Дарэчы, можна падвесці руку сляпога чалавека да парэнчаў або спінкі крэсла, каб дапамагчы накіраваць яго да лесвіцы або сядзення).
Калі вы збіраецеся аб нечым папярэдзіць, будзьце канкрэтныя. Крык «асцярожна!» не кажа чалавеку, павінен ён спыніцца, ці бегчы, ці ўхіліцца або падскочыць.
Калі даяце ўказанні, выка-рыстоўвайце канкрэтную інфармацыю. Замест фразы «павярніце направа, калі дойдзеце да «канцылярскіх тавараў» (гэта прадугледжвае, што чалавек ведае, дзе знаходзяцца канцылярскія тавары), скажыце: «Ідзіце прама да канца гэтага праходу і рэзка звярніце направа».
Можна выкарыстоўваць ідыёматычныя выразы пры размове з невідушчым чалавекам. Напрыклад, сказаць «рады быў убачыць вас» або «ўбачымся пазней» цалкам прымальна. Невідушчыя людзі самі ўжываюць такія выразы.
Калі ваш суразмоўца — чалавек са страчаным слыхам
Перш чым загаварыць з чалавекам, які не чуе або слаба чуе, неабходна пераключыць яго ўвагу на сябе. У залежнасці ад сітуацыі вы можаце працягнуць руку ці памахаць ёю, асцярожна дакрануцца.
Кажыце па магчымасці павольней, чым звычайна, але без утрыраванай артыкуляцыі. Большасць людзей са страчаным слыхам разлічваюць на тое, што назіранне за вашымі вуснамі дапаможа ім зразумець вашу гаворку. Старайцеся не выкарыстоўваць жавальную гумку, не паліць і не засланяць рот рукой падчас размовы.
Не крычыце. Пры гэтым ваш твар зробіцца злосным і інфармацыя будзе скажоная няправільнай эмацыйнай афарбоўкай. Гэта можа ўвесці ў зман глухога чалавека і выклікаць неадэкватную рэакцыю. У чалавека, які выкарыстоўвае слыхавы апарат, ён будзе настроены на нармальны галасавы ўзровень; ваш крык будзе толькі скажаць словы і нават здольны выклікаць болевыя адчуванні.
Перафразуйце, а не паўтарайце сказ, які чалавек не разумее. Калі дыялог адбываецца з цяжкасцю з‑за розных прычын, напрыклад, такіх як шум, дрэннае асвятленне ці ваша барада або вусы, якія перашкаджаюць чытанню па вуснах, прапануйце ручку і паперу. Гэта здыме напружанне і ўсталюе добры кантакт.
Святлана Бусько
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.