Вы тут

Адроджанае ў славе


 

За дваццаць адзін год існавання міжнароднай навукова-асветніцкай экспедыцыі «Дарога да святыняў» з Дабрадатным агнём ад Гроба Гасподняга асвечана больш за 500 праваслаўных храмаў, капліц і манастыроў. У кожнага з іх сваё цікавае мінулае — часцінка нашай агульнай гісторыі.

12-12

Над гэтымі паплавамі чародамі птушак праляталі стагоддзі. На гэтай зямлі сталелі і сыходзілі ў нябыт патрыярхі-дубы. Паўнаводны Нёман неаднойчы выбіраў сабе новае рэчышча. Старэлі, разбураліся і зарасталі новымі лясамі манастырскія сцены...

12-11

Але не ў сценах схаваная моц манастыра. Яна — у пранікнёнай малітве і справах тых, хто тут жыў і жыве. На беразе Нёмана, паблізу ад вёскі Гнесічы Навагрудскага раёна будуецца, расце, адраджаецца ў славе Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр.

Згодна з царкоўнымі паданнямі, недалёка ад Навагрудка, дзе ў маляўнічым выгіне запавольвае сваю плынь Нёман, каля лясістага ўзвышша ў 1225 годзе сынам князя Тройната Елісеем быў заснаваны мужчынскі манастыр. Яго месцазнаходжанне пазней зафіксаваў Іпацьеўскі летапіс. У ХІV стагоддзі манастыр стаў цэнтрам беларускага летапісання. Каля 1329 года спецыяльна для манастыра было створана Лаўрышаўскае Евангелле. Гэты ўнікальны помнік айчыннага кнігапісання сведчыць, што манастыр насіў імя Прасвятой Багародзіцы і меў храмы, школу, багатую бібліятэку...

У 1508 годзе мошчы прападобнага Елісея ратавалі гэты край ад татараў: тады захопнікам раптам убачылася, што ў манастыры, дзе не было ніводнага воіна, стаіць вялікае грознае войска. Ворагі ў жаху пабеглі прэч.

За мінулыя стагоддзі манастыр некалькі разоў знікаў і зноў адраджаўся.

Сёння варта перайсці драўляны мост над Нёманам — і вы ўбачыце, як сярод старых сосен у задуменні глядзіць на наша ХХІ стагоддзе святы Елісей. Помнік яму размешчаны такім чынам, што ўзыходзячае сонца яднае сілуэт з абрысамі навакольнага лесу, нібы сцвярджаючы адзінства чалавека і прыроды.

 

12-1012-9

Манастыр адраджаецца. Цікава даведацца, што вельмі няпростым і адказным пытаннем сярод тых, якія вырашаюцца тут у нашы часы, была лакалізацыя святога прытулку. Звесткі пра яго былое месцазнаходжанне разам з матэрыяламі археалагічных пошукаў ляглі ў аснову навуковых пошукаў гісторыкаў і тэолагаў.

Стоячы перад новапабудаванымі карпусамі манастыра і разглядаючы інфармацыйную вітрыну з малюнкамі будучага комплексу, міжволі ўяўляеш клопаты продкаў, якія амаль восем стагоддзяў таму таксама шчыравалі тут дзеля сваёй веры. Безумоўна, без сучасных механізмаў, матэрыялаў, тэхналогій праца ішла не так хутка. Але зноў-такі, справа зусім не ў часе. Як сцвярджае народная прымаўка: «У Бога дзён многа». І яшчэ, як я зазначыў у маім дзённіку:

— Паводле высноў мудраца,

Ўсё скончыцца позна ці рана,

І толькі дарозе да Храма

Ніколі не будзе канца.

Яўген Пясецкі. Фота аўтара.

Навагрудскі раён

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.