Вы тут

Як з дапамогай сенатара вяскоўцам дапамаглі вярнуць грошы


Тое, што адбылося з некалькімі жыхарамі вёскі Налібокі, што на Навагрудчыне, інакш як махлярства і не назавеш. Навязлівы маркетынг вымусіў чатырох старых набыць фільтры для ачысткі вады па касмічных цэнах. Калі яны зразумелі, што іх банальна ашукалі, гандляроў і след прастыў... Скасаваць дамову і вярнуць грошы дапамог зварот у Савет Рэспублікі. 


Фота: pixabay.com

«Прашу вашай дапамогі і садзейнічання ў скасаванні дамовы куплі-продажу водаачысціцеля за 250 рублёў», напісала Тамара Дуброва ў звароце на імя Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай. 

У размове з карэспандэнтам «МС» заяўніца расказала ўсе падрабязнасці таго дня.

— Быў ліпень, абед, я чытала кніжку, калі ў хату пагрукалі. Бачу, прыйшлі дзве жанчыны і мужчына. Адна жанчына прадставілася работніцай мясцовага водаканала і паведаміла, што будуць усталёўваюць сістэму ачысткі вады. Маўляў, вада ў свідравіне дрэнная, брудная і што неабходна паставіць адмысловыя фільтры, каб карыстацца і піць чыстую. Ставіць будуць усім, таму хвалявацца няма чаго, — кажа 78-гадовая гаспадыня.

Яна спытала няпрошаных гасцей, колькі каштуе такая раскоша, у адказ — 500 рублёў. Важная дэталь: пенсіянерка якраз атрымала пенсію. — Але ж ветэранам працы прадугледжана зніжка ў 50 %, таму атрымаеце за паўцаны, — апавядае далей суразмоўніца. — Пакуль адна запаўняла дамову, другая распытвала «за жыццё», мужчына ўжо ставіў гэты фільтр. Хвілін пяць усё заняло. 

Пенсіянерка толькі і паспела, што аддаць 250 рублёў, атрымаць падпісаную дамову, як візіцёры пайшлі па вёсцы далей.— Ведаеце, гэта я зараз калітку не адкрываю, бо навучаная, а таксама мы прызвычаіліся верыць людзям: электрычнасць, ваду, газ часта прыходзяць правяраць, дакументаў жа мы не пытаем, — разважае пажылая жанчына. 

А тады яна крыху засумняваўшыся ў зробленым, патэлефанавала сынам. Абодва ў адзін голас сказалі: «матуля, ашуканцы!» 

Як высветлілася, фільтры прадае індывідуальны прадпрымальнік з Баранавіч і яго наёмныя работнікі. Прычым робяць гэта не першы год. Па дакументах атрымліваецца ўсё чыста: купляе танней, прадае даражэй, ёсць усе дамовы, выдадзеныя квіткі, а тое, што купляюць... дык дурняў, маўляў, хапае. 

Дарэчы, «МС» ужо пісаў раней аб гэтай справе ў матэрыяле «Воднае махлярства»: фільтр замест 90 па 250 рублёў! Як быць старым вяскоўцам?«. У вёсцы Налібокі тады клюнулі на гэтую вуду чатыры пенсіянеры — усе з адной вуліцы, суседзі. 

Тамара Мікалаеўна расказала, што пісала пісьмовую прэтэнзію ў адрас прадпрымальніка, звярталася ў мясцовы райвыканкам, нават падавала заяву ў міліцыю. Не тое што выніку не было, але вырашэнне гэтай праблемы бачылася толькі ў судзе. Тады жанчына і вырашыла: апошняя надзея — ліст у Савет Рэспублікі:

— Я ж тэлевізар гляджу, бачу, як людзям тут дапамагаюць, таму і напісала Наталлі Іванаўне, — прызнаецца суразмоўніца. 

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Таццяна Рунец, якой было даручана вывучыць гэты зварот, правяла ў Баранавіцкім райвыканкаме нараду з удзелам усіх зацікаўленых бакоў: ад сферы гандлю да пракуратуры. Дарэчы, падключэнне апошняй да вырашэння гэтага пытання ў канчатковым выніку і паўплывала на яго станоўчае вырашэнне — прадпрымальнік вярнуў людзям грошы добраахвотна. 

Фінал заяўніцу не можа не радаваць — яна сама і падманутыя суседзі задаволеныя. Аднак жа яна заўважае на развітанне:

— Чула, што яны (гандляры фільтрамі. — Заўв.аўт.) былі ў вёсцы Брольнікі і там каля 10 чалавек таксама набылі гэтыя фільтры, — кажа Тамара Дуброва. — Ездзяць жа вось так па вёсках і дураць старых людзей…

Таксама яна расказала, што атрымала некалькі лістоў ад праваахоўнікаў, якія інфармавалі яе аб тым, што ў дачыненні да прадпрымальніка праводзілася праверка па прыкметах складу злачынства «махлярства», але ў апошнім паведамлялася, што яна была прыпынена. Так што вяскоўцам трэба быць пільнымі: не пускаць чужых, пытаць дакументы ў службовых асоб, калі яны завіталі ў хату, і лішні раз параіцца з блізкімі і роднымі, перш чым спяшацца нешта падпісваць і аддаваць незнаёмцам грошы. 

Вольга АНУФРЫЕВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на пятніцу (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на пятніцу (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.

Грамадства

У вясковай школе арганізавалі музей у гонар загінуўшых байцоў Вялікай Айчынай вайны

У вясковай школе арганізавалі музей у гонар загінуўшых байцоў Вялікай Айчынай вайны

Байцы 174-га стралковага палка загінулі пры вызваленні вёскі Шылін.

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на чацвер

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на чацвер

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.