Беларуска-Казахстанскі бізнес-форум стартаваў учора ў Мінску. Беларусь прымае гандлёвую місію з 12 казахстанскіх прадпрыемстваў. Весці перамовы аб супрацоўніцтве будуць казахстанскія кампаніі, якія займаюцца вытворчасцю будаўнічых матэрыялаў, прадуктаў харчавання, машынабудаўнічага абсталявання, хімічнай і фармацэўтычнай прадукцыі.
Бізнес-форум праходзіць ужо трэці год запар. Новыя гандлёвыя ўзаемавыгадныя магчымасці з'явіліся дзякуючы пагадненням унутры Мытнага саюза. Як адзначае Вячаслаў Равута, першы намеснік старшыні Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, узаемны экспарт таварамі развіты дастаткова добра, чаго нельга пакуль што сказаць пра экспарт паслуг. Беларусь і Казахстан яшчэ не да канца засвоілі свае патэнцыйныя магчымасці ў гэтым кірунку. У прыватнасці, гэта тычыцца будаўніцтва і аховы здароўя. Таксама магутным рычагом супрацоўніцтва з'яўляецца сумесная праца па пагадненнях Адзінай эканамічнай прасторы.
«Мы прыехалі з мэтай умацаваць ужо наладжаныя сувязі і знайсці новых партнёраў для пашырэння дзелавога супрацоўніцтва. Сёння таваразварот паміж нашымі краінамі складае каля 1 мільярда долараў. Але, як было адзначана кіраўнікамі дзяржаў, таваразварот неабходна павялічыць у 2 разы. Такія мерапрыемствы спрыяюць дасягненню пастаўленых мэтаў», — падкрэсліў Меержан Майкенаў, намеснік старшыні праўлення АТ «KАZNЕХ ІNVЕST».
У Казахстане функцыянуе больш за 100 сумесных вытворчасцяў. Сумарны аб'ём інвестыцыйных праектаў складае больш за 100 мільёнаў долараў. У Казахстане працуюць каля 20 сэрвісных цэнтраў такіх беларускіх кампаній, як МАЗ, БелАЗ, МТЗ, «Атлант».
«Для Казахстана вопыт Беларусі ў развіцці машынабудавання і сельскай гаспадаркі мае вялікае значэнне. З аднаго боку, мы вучымся ў беларусаў, з другога — рэалізуем сумесныя праекты ў Казахстане. Мы прыехалі з вялікай наменклатурай — для абмеркавання магчымасцяў павелічэння паставак казахстанскай прадукцыі ў Беларусь. Плануем давесці экспарт да 300 мільёнаў долараў», — адзначыў Меержан Майкенаў.
Па аб'ёме экспарту для Беларусі Казахстан з'яўляецца трэцім значным партнёрам у СНД — пасля Расіі і Украіны. Сальда знешняга гандлю паміж дзвюма краінамі летась склала 785,9 мільёна долараў. За студзень — сакавік гэтага года сальда ўжо склала 162,3 мільёна долараў. Аб'ём знешняга гандлю паслугамі ў студзені — лютым 2014‑га павялічыўся на 29% у параўнанні з 2013 годам і склаў 12,2 мільёна долараў.
Ілья КРЫЖЭВІЧ
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.
У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.