Вы тут

Чытайце па... пярсцёнках


Перш чым ацэньваць чалавека па яго пярсцёнках, улічыце:

 кожны палец рукі мае сваё значэнне;

 адзін і той жа пярсцёнак на розных пальцах дасылае розныя «сігналы»;

 тэст дзейнічае, калі ўпрыгажэнні надзяваліся неўсвядомлена, па прынцыпе «мне так пасуе»;

памер упрыгажэння гаворыць пра важнасць «сігналу»: чым яно большае, тым большае праяўленне прыкметы.

20-20

І галоўнае — гэта толькі тэст, не трэба надаваць яму сакральнага значэння. Як і ўсе тэсты, ён сведчыць толькі пра тэндэнцыі і не бывае на сто працэнтаў аб'ектыўным. І яшчэ: паказваючы камусьці руку, зніміце пярсцёнак з мезенца — раптам чалавек няправільна вас зразумее.

Многім падабаюцца ўпрыгажэнні. Але мала хто ведае, наколькі яны могуць «раскрыць» чалавека, расказаўшы пра некаторыя жаданні, імкненні, страхі. Глядзіце на рукі і рабіце высновы.

ВЯЛІКІ ПАЛЕЦ. Нязвыклае месца для пярсцёнка. Аднак такое яго становішча, хутчэй за ўсё, сведчыць пра жаданне чалавека прыцягнуць да сябе ўвагу, падкрэслівае імкненне да дэманстратыўнасці.

УКАЗАЛЬНЫ. Упрыгажэнне тут паказвае моцную волю і актыўнасць уладальніка або яго імкненне стаць такім чалавекам. Паглядзіце ўважліва на выявы ўладароў — і вы заўважыце, што ў дыктатараў гэты палец амаль заўсёды «падкрэслены» якім-небудзь вычварным вырабам. Будзьце асцярожныя з уладальнікам «пярсцёнка ўсеўладдзя», ён не любіць «другіх роляў» і стараецца даволі хутка адстаяць сваё права на раздачу каштоўных указанняў. Калі гэта мілая ўсмешлівая дзяўчына, ведайце: у цені яна доўга не застанецца.

СЯРЭДНІ. Нездарма займае цэнтральнае становішча на руцэ, бо сімвалізуе пачуццё ўласнай годнасці, самалюбства, а часам і ганарыстасць. Пярсцёнак на гэтым пальцы дэманструе павагу гаспадара да сябе. Важна, што ён патрабуе таго ж і ад іншых. Невялікія, вытанчаныя ўпрыгажэнні нагадваюць, што гэты чалавек ведае сабе цану і хоча, каб да яго ставіліся адпаведна. Вялікія, бліскучыя пярсцёнкі або крычаць аб гордасці, або «сігналізуюць» пра незадаволенае жаданне высокай ацэнкі навакольнымі. Памятайце, статусныя адрозненні для гэтага чалавека маюць значэнне.

20-13

БЕЗЫМЕННЫ. Паказвае на ўспрымальнасць чалавека, дэманструе яго пачуцці. Заручальны пярсцёнак тут не выпадкова. Пакуль ён на руцэ, чалавек паказвае важнасць свайго шлюбу. Упрыгажэнне (нешлюбнае) на пальцы ў мужчыны гаворыць пра яго павышаную адчувальнасць (экзальтаванасць, узбуджальнасць), і няхай яго надта брутальны выгляд вас не падманвае. Жанчыны часам па-над заручальным надзяваюць іншы пярсцёнак, звычайна з напаўкаштоўным каменем. Гэта сведчанне значнасці шлюбу для яе, ён узмацняецца і ўмацоўваецца. Ювелірны выраб вялікага памеру паказвае, што нам сустрэлася вельмі экстравагантная асоба. Ну а ўпрыгажэнне на пальцы левай рукі ў нашай культуры нават не «сігналіць», а «семафорыць» пра жаданне гаспадара або гаспадыні памяняць свой матрыманіяльны статус.

МЕЗЕНЕЦ. Нездарма гэты палец «гуляе на бок». Ён сімвалізуе жаданне ўладальніка пярсцёнка адыходзіць ад агульнапрынятых правіл. Прычым як у псіхалагічным, так і ў эратычным плане. Чалавек імкнецца да новых уражанняў і адчуванняў. Калі ўпрыгажэнні традыцыйныя (каштоўныя камяні, апраўленыя ў золата або серабро), то гэта жаданне набыць досвед без асаблівых намаганняў. А вось які-небудзь ювелірны цуд або нейкая мудрагелістая штука на мезенцы — гэта заяўка на адмысловыя і арыгінальныя станы.

Упрыгажэнняў няма

Людзі не носяць упрыгажэнняў па розных прычынах. Адна з іх — скрытнасць, няўпэўненасць у сабе, жаданне быць непрыкметным. Другая — высокая самаацэнка, яны настолькі ўпэўнены ў сабе, што не маюць патрэбы ў спробах навакольных іх «класіфікаваць». Часам гэта праяўленне пазіцыі: «Няхай мяне ўспрымаюць і ацэньваюць як чалавека справы — толькі па думках і ўчынках».

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.