Вы тут

Дружба, правераная часам


Беларусі і Малдове трэба арыентавацца на таваразварот $1 млрд

Візіт Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Малдову для эканамічных і палітычных стасункаў дзвюх краін можна лічыць без перабольшвання гістарычна значным.

26-18

26-18

 

З апошняй афіцыйнай сустрэчы прэзідэнтаў нашых дзяржаў прайшло ні многа ні мала 14 гадоў. За гэты час Беларусь стала членам Мытнага саюза і падпісала дагавор аб уваходжанні ў Еўразійскі эканамічны саюз, а Малдова пайшла па шляху асацыяцыі з ЕС. Здавалася б, цяжкасцяў на шляху супрацоўніцтва дзвюх краін хапае. Аднак цяжкасці — гэта зусім не значыць непераадольныя перашкоды, і гэта стала зразумела з першых гадзін знаходжання беларускага Прэзідэнта на малдаўскай зямлі. «Аказваецца, і ў складаных умовах мы можам дамаўляцца», — сказаў Аляксандр Лукашэнка пасля размовы ў фармаце «сам-насам» са сваім калегам Мікалаем Цімофці. «Мы нязменна разглядаем Малдову як надзейнага партнёра, дружалюбную і блізкую нам краіну, развіццё палітычных і эканамічных адносін з якой прыярытэтнае для Беларусі», — падкрэсліў беларускі лідар, падводзячы вынікі перамоў, і гэта стала фактычна лейтматывам усёй надзвычай насычанай праграмы афіцыйнага візіту.

Учора, акрамя сустрэчы са старшынёй парламента Малдовы Ігарам Корманам і лідарамі парламенцкіх фракцый, а таксама прэм'ер-міністрам гэтай краіны Юрыем Лянкэ, Прэзідэнт Беларусі разам з Прэзідэнтам Малдовы ўрачыста адкрылі камерцыйны цэнтр па продажы керамічнай пліткі і санітарнай керамікі беларускага прадпрыемства «Керамін» у Кішынёве. Аляксандр Лукашэнка назваў гэта знакавай падзеяй, якая красамоўна сведчыць аб развіцці дзелавога супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі.

За дзень да гэтага, падчас беларуска-малдаўскага бізнес-форуму, «Керамін» заключыў буйны кантракт на пастаўку сваёй прадукцыі ў Малдову. Кампанія Stadler Mіnsk як правапераемнік прадпрыемства «Белкамунмаш» падпісала з упраўленнем гарадскога электрычнага транспарту Кішынёва пагадненне аб пастаўках машынакамплектаў і сумеснай вытворчасці тралейбусаў у сталіцы Малдовы да 2018 года, Смаргонскі аўтаагрэгатны завод атрымаў буйны кантракт на пастаўку трактаракамплектаў для прамысловай зборкі садова-вінаградарскіх трактароў у Малдове. Усяго ўдзельнікі бізнес-форуму заключылі кантрактаў на $ 20 мільёнаў. Але гэта толькі першы крок да супрацоўніцтва на поўную моц, лічыць беларускі лідар. Беларусі і Малдове трэба арыентавацца на таваразварот $1 млрд, заявіў Аляксандр Лукашэнка па выніках перамоў са сваім малдаўскім калегам Мікалаем Цімофці. Перадумовы для гэтага ёсць: з 2000 года аб'ём узаемнага гандлю вырас у пяць разоў і дасягнуў у 2013 годзе адзнакі амаль $360 млн. Паводле слоў Прэзідэнта Беларусі, пэўны задзел зроблены, трэба рухацца далей. Нездарма на праведзеных перамовах прэзідэнты акцэнтавалі ўвагу на развіцці гандлёва-эканамічных адносін паміж дзвюма краінамі.

І арыентацыя на розныя эканамічныя аб'яднанні тут не перашкода, лічыць Аляксандр Лукашэнка. Цяпер беларускі бок, праводзячы перамовы з Малдовай, з улікам абавязацельстваў у Мытным саюзе, з улікам арыенціраў Малдовы на Еўрапейскі саюз, знаходзіць дадатковыя шляхі супрацоўніцтва. Напрыклад, перспектыўным выглядае супрацоўніцтва ў вытворчай кааперацыі і выхадзе з сумеснай прадукцыяй на рынкі трэціх краін і Еўрасаюза. «На сумеснай вытворчасці трактароў і сельскагаспадарчай тэхнікі лакалізуемся, як гэта патрабуецца ў Еўрапейскім саюзе, — гэта значыць, Малдова будзе вырабляць пэўную частку такой тэхнікі, — сертыфікуем яе, будзем прадаваць у ЕС наш сумесны тавар і дзяліць грошы, як гэта звычайна бывае», — адзначыў беларускі лідар.

Кіраўнік беларускай дзяржавы падкрэсліў, што беларускі бок гатовы забяспечыць патрэбы малдаўскіх партнёраў у машынабудаўнічай і нафтахімічнай прадукцыі, таварах лёгкай прамысловасці, будматэрыялах, бытавой тэхніцы, лекавых сродках і прадуктах харчавання. Акрамя таго, Беларусь зацікаўлена ў рэалізацыі праектаў развіцця дарожнай інфраструктуры і сельскай гаспадаркі Малдовы.

«Нам не патрэбны напружанасць і дадатковыя раздзяляльныя лініі на еўразійскай прасторы. Мы прыхільнікі інтэграцыі інтэграцый, выхаду ў перспектыве на агульную эканамічную прастору — ад Лісабона да Уладзівастока. Упэўнены, што розныя вектары інтэграцыйнага развіцця Беларусі і Малдовы не павінны перашкаджаць двухбаковаму эканамічнаму супрацоўніцтву»,— падкрэсліў беларускі Прэзідэнт.

Закранаючы палітычныя адносіны Беларусі і Малдовы, Аляксандр Лукашэнка з задавальненнем канстатаваў высокі ўзровень узаемадзеяння дзвюх краін на міжнароднай арэне, у тым ліку ў рамках ААН, АБСЕ, СНД, іншых універсальных і рэгіянальных арганізацый. Ён падзякаваў малдаўскаму боку за падтрымку Беларусі на самітах «Усходняга партнёрства». Беларускі бок разлічвае таксама на сумесную работу парламентарыяў Беларусі і Малдовы, на падрыхтоўку заканадаўчых ініцыятыў, накіраваных на стымуляванне вытворчай кааперацыі, стварэнне сумесных прадпрыемстваў і вытворчасцяў. Акрамя таго, беларускі бок спадзяецца на больш актыўнае супрацоўніцтва з Малдовай у СНД. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што будзе чакаць у Мінску на чарговым саміце Садружнасці, які пройдзе ў кастрычніку, кіраўніка Малдовы. Ён таксама запрасіў Мікалая Цімофці наведаць з афіцыйным візітам Беларусь — з тым, каб пракантраляваць выкананне дасягнутых дамоўленасцяў.

***

Журналісты, якія прысутнічалі на прэс-канферэнцыі па выніках перамоў лідараў дзвюх дзяржаў, задавалі беларускаму Прэзідэнту і іншыя пытанні, большая частка якіх тычылася сітуацыі і ўрэгулявання канфлікту ва Украіне.

На думку беларускага лідара, падзел жыхароў адной краіны на заходніх і ўсходніх ствараецца штучна, каб сутыкнуць народы, каб знайсці матывацыю для сваіх пазіцый. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што выхад з канфлікту ва Украіне будзе цяжкі, але вайны не здарыцца. Паводле яго ацэнкі, кантактная група па Украіне, якая працавала ў Мінску, правяла каласальную работу. «Упэўнены: мы, славянскія народы, пераадолеем гэтыя цяжкасці, — сказаў беларускі лідар. — Любая вайна заканчваецца мірам». Пры гэтым Прэзідэнт запэўніў: «Мы менш за ўсё баімся, што заўтра нехта прыйдзе ў Беларусь і пачне ваяваць. Гэтага не будзе».

Паводле БЕЛТА.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.