Вы тут

Драўляныя ярусы Мсціслава


 або Горад «пастарэў» на пару дзесяцігоддзяў

Мсціслаў упершыню згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе ў 1156 годзе як крэпасць на заходняй мяжы Смаленскага княства. Але датай заснавання лічыцца 1135 год, калі смаленскі князь Мсціслаў Расціслававіч паставіў тут замак і назваў месца ў імя бацькі Мсціслава Вялікага — апошняга князя Кіеўскай Русі. Сёлета горад адзначае сваё 980-годдзе. І раптам напярэдадні святкавання высвятляецца, што «імянінніку» ўжо не менш за 1017 гадоў! Іншымі словамі, праз тры гады можна будзе адзначаць яшчэ адзін юбілей. Калі, вядома, вучоныя зноў не ўдакладняць дату.

31-43

Падземны горад

Тое, што горад старэйшы як мінімум на некалькі дзесяцігоддзяў, высветлілася падчас экспертызы, якую правялі спецыялісты Міністэрства лясной гаспадаркі. Для аналізу ім былі дадзены фрагменты старадаўняй драўлянай маставой, якую летась падчас раскопак на Замкавай гары знайшлі ўдзельнікі археалагічнай экспедыцыі МДУ імя Куляшова пад кіраўніцтвам доктара гістарычных навук, прафесара Ігара Марзалюка.

— Мсціслаў, як і Ноўгарад, мае шмат драўляных ярусаў, — тлумачыць вучоны. — Мы зрабілі раскоп ўздоўж меркаванага вала і на глыбіні 1,8 метра наткнуліся на частку драўлянай маставой і рэшткі старажытных пабудоў. Метр за метрам разбіралі гэты горад і з кожнага насцілу бралі фрагменты. Як паказала дэндрахраналагічная экспертыза, дуб, з якога ўзводзіліся зрубы-клеці гарадскіх дамоў, быў ссечаны ў 1098 годзе!

Але гэта не значыць, што гэтае месца пуставала раней. Пад старажытнай маставой яшчэ 2 метры магутнага культурнага слою, які адносіцца да протагарадскога перыяду. Тут даследчыкамі знойдзены рэдкія ключы Х стагоддзя, рэшткі ляпной керамікі, зробленай проста рукамі. Па гэты[ знаходка[ можна лічыць, што жыццё тут існавала без перапынку з VІІІ па X cтагоддзе.

Падарожжа на некалькі стагоддзяў назад

«Звязда» ўжо пісала пра тое, што летась магілёўскія археолагі зрабілі шмат сенсацыйных знаходак у Мсціславе. Адных толькі ўнікальных прадметаў тут адшукана 725, а масавых і наогул звыш 1000. Сярод рэдкіх рэчаў — лыжка для прычасця, берасцяная грамата са скандынаўскімі рунамі, праселка з пазначаным на ім імем дзяўчыны (нашы продкі яшчэ тысячу гадоў таму былі адукаванымі людзьмі!), фрагменты арабскіх келіхаў, бранзалеты з Сірыі і Візантыі і шмат чаго іншага, не менш каштоўнага. Мяркуецца, што непадалёк ад месца раскопак знаходзілася майстэрня ювеліра. Аб гэтым сведчаць знойдзеныя тут формы і малаточак. А яшчэ сабрана вялікая калекцыя зброі. «Мсціслаў неаднаразова падвяргаўся нападам, — адзначае Ігар Марзалюк. — Добра захаваліся сляды двух магутных пажараў. Адзін з іх датуецца XІV стагоддзем, калі крэпасць штурмавала дружына князя Aльгерда. А другі XVІІ стагоддзем, калі горад быў знішчаны падчас руска-польскай вайны».

Хутка на Замкавай гары старажытнага горада працягнуцца раскопкі. «Матэрыялы і рэактывы ўжо гатовыя да работы, — гарыць жаданнем як мага хутчэй заняцца справай вучоны. — Будзем рабіць раскоп побач з тым, што ўжо існуе. Летась мы зачапілі гаспадарчыя падворкі і цяпер збіраемся знайсці сядзібу цалкам».

Ігар Марзалюк спадзяецца, што да 980-гадовага юбілею Мсціслава, падчас якога ладзіцца традыцыйны рыцарскі фэст, атрымаецца зрабіць гораду неацэнны падарунак — нешта накшталт вядомага археалагічнага музея ў Брэсце. Гэта будзе стацыянарная драўляная пабудова, унутры якой на плошчы каля 120 квадратных метраў размесціцца кавалачак старажытнага гарадзішча ХІІ стагоддзя з рэшткамі пабудоў рознага прызначэння і часткай драўлянай маставой. Закансерваваць усё гэта на дзесяцігоддзі дапамогуць вопытныя рэстаўратары з Мінска і Гродна, якія прымуць удзел у раскопках.

Вакол старажытнага пасада разгорнецца экспазіцыя, прысвечаная жыццёваму ўкладу ўсходніх славян, на якой будуць прадстаўлены знойдзеныя падчас раскопак археалагічныя знаходкі.

Скарб на дне Віхры

Акрамя археалагічных даследаванняў на Замкавай гары, вучоныя збіраюцца пры дапамозе дайвераў з клуба «Марскі Пегас» працягнуць «падводныя раскопкі» на рэчцы Віхра. Леташняй сенсацыяй стала знаходка тут астанкаў рыцара Вялікага Княства Літоўскага ў поўным баявым рыштунку. Даспехі, у якія ён быў апрануты, лічацца рарытэтнымі. Такімі знаходкамі раней маглі пахваліцца толькі Нью-Ёрк і Вена, а цяпер яшчэ і Магілёў. А рыцарскі шлем, які датуецца XV стагоддзем, і наогул адзіны ў свеце. «Ён быў зроблены ў Бургундыі, — лічыць вучоны. — Такі шлем сёння можна пабачыць толькі на малюнках і ў нас. Ён адносіцца да той эпохі, якая апісваецца ў рамане Вальтэра Скота «Квенцін Дорвард». Я нават падазраю, што яго прывёз сын мсціслаўскага князя Сямёна Лугвена Юрый Сямёнавіч ў 1448 годзе, калі падарожнічаў са сваёй дружынай па землях Германіі і, магчыма, Бургундыі.

Ігар Марзалюк упэўнены, што Віхра яшчэ хавае ў сабе шмат чаго каштоўнага. І наколькі гэтыя спадзяванні спраўдзяцца, мы даведаемся ўжо ў хуткім часе.

Турыстаў запросяць прыняць удзел у раскопках

Дарэчы, планы ў магілёўскіх археолагаў на сёлета вялікія. І яны не абмяжоўваюцца толькі Мсціславам. Старадаўні Прапошаск, а цяпер Слаўгарад, таксама мае шмат цікавых загадак.

У раскопках на тэрыторыі раёна сёлета змогуць прыняць удзел нават турысты. «Мы распрацавалі археалагічны маршрут, які абяцае шмат розных сюрпрызаў, — адзначае Ігар Марзалюк. — Адным з іх стане рэканструкцыя старадаўняга абраду пахавання па ўзоры крэмацыі. Слаўгарадскі раён наогул для археолагаў сапраўдная скарбніца. Тут шмат археалагічных і гістарычных помнікаў, якія яшчэ трэба даследаваць. Нельга не парадавацца і таму, што тут адраджаюцца старадаўнія традыцыі, ладзіцца Сырны фэст. Стварэнне сыру гэта таксама сімвалічная з'ява ў этнаграфічным сэнсе. Разнапланавымі акцыямі мы збіраемся звярнуць увагу на ўнікальнасць усходне-славянскай культуры і паказаць шырокай грамадскасці, што ў нас таксама ёсць чым ганарыцца.

Нэлі ЗІГУЛЯ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.