Вы тут

Забава павышанай рызыкі


Зусім хутка ў паркі краіны адправяцца адпачываць дзясяткі тысяч людзей. А нязменным атрыбутам многіх гарадскіх паркаў даўно сталі атракцыёны, якія часам запоўнены з раніцы да вечара. Але перш чым мудрагелістыя забаўляльныя машыны ажывуць, неабходна дасканала праверыць, ці бяспечныя яны. Карэспандэнты «Звязды» паназіралі за працай спецыяліста, які абследуе сталічныя атракцыёны.

— Кантроль за належным станам забаўляльных агрэгатаў перадалі пад нашу юрысдыкцыю амаль шэсць гадоў таму ўказам Прэзідэнта, — згадвае эксперт Мінскага гарадскога ўпраўлення Дзяржпрамнагляда Віктар Ліхацэвіч. — Да гэтага амаль кожны год у Беларусі на такіх аб'ектах адбываліся надзвычайныя здарэнні, якія не заўсёды заканчваліся добра. У 2002 годзе сталічны атракцыён забраў жыццё
43-гадовага чалавека. А налета ўжо ў Брэсце разбілася 21-гадовая дзяўчына. Яшчэ праз пяць гадоў у сталічным парку Чалюскінцаў абвалілася ланцуговая карусель. На шчасце, тады абышлося без трагедыі, аднак пацярпелі чацвёра дзяцей і двое дарослых. Некалькі разоў стапарылася кола аглядання — уявіце сабе пачуцці людзей, якіх ратаўнікам даводзілася эвакуіраваць з вышыні ў некалькі дзясяткаў метраў. Сумны спіс гэты далёка не поўны. А вось пасля 2009 года няштатных сітуацый з атракцыёнамі рэзка стала менш. І больш за тое, летась у зводкі аварый, здарэнняў ды няшчасных выпадкаў гэтыя агрэгаты не трапілі ўвогуле. Як кажуць, адчуйце розніцу.

Пры гэтым Дзяржпрамнагляд правярае далёка не ўсе атракцыёны. Інспектары прыходзяць на аб'екты, якія або падымаюцца высока, або рухаюцца вельмі хутка. Напрыклад для дзіцячых атракцыёнаў рубеж хуткасці складае 3 метры ў секунду, а вось для дарослых — 5. Па вышыні градацыя іншая: 2 і 3 метры адпаведна.

8-34

Мяшкі з пяском і інфармацыйныя шыльды

Падчас гутаркі з Віктарам Ліхацэвічам чуем, як паступова пачынае даносіцца бухаючы гук працуючага атракцыёна. Падыходзім бліжэй і бачым: на халастым хаду працуе адна з каруселяў. Яна катае цяжкія мяшкі з пяском.

— Вось у такім рэжыме мы і выпрабоўваем атракцыён, — гаворыць Віктар Ліхацэвіч. — Па дзеючых правілах неабходна, каб ён прайшоў не менш за пяць поўных цыклаў. Акрамя гэтага, спецыялісты ацэньваюць візуальна стан агрэгата, ці не пашкоджаны канструкцыі да і пасля выпрабаванняў. «Дзядулі» дадаткова абследуюцца на стомленасць металу. Да таго ж у «асабістай справе» атракцыёна павінны быць пасведчанні, якія пацвярджаюць спецыяльную кваліфікацыю персаналу і загады аб замацаванні людзей на адпаведных пасадах. Таксама мы правяраем усю дакументацыю па атракцыёне. Гэта наяўнасць ліцэнзіі Дзяржпрам-
нагляда на права эксплуатацыі апарата, фармуляр, у якім запісваюцца ўсе адзнакі пра рамонт і абслугоўванне абсталявання. Правілы карыстання атракцыёнам для наведвальнікаў мусяць быць напісаны гранічна проста і вычарпальна.

Дарэчы, побач з кожным атракцыёнам размяшчаюцца дзве шыльды. Не ўсе людзі на іх зважаюць, а дарэмна. На першай з іх змешчана інфармацыя аб тым, з боку якога кантралюючага органа праходзіў праверку апарат. Другая ж тычыцца непасрэдна наведвальнікаў. Там чорным па белым прапісаны абмежаванні па карыстанні атракцыёнам: па росце, вазе, узросце, хваробах. Яшчэ адзін важны пункт — магчымасць бацькам зайсці на атракцыён разам з дзіцем.

Экзамены здаюць не ўсе

— Львіная доля парушэнняў, праз якія мы адмаўляем у выдачы ліцэнзіі, звязана з тым, што людзі, якія абслугоўваюць атракцыёны, не абучаны гэтай навуцы, — працягвае Віктар Ліхацэвіч. — Вось ужо сёлета па Мінску «дабро» не атрымалі дзве арганізацыі. Яны не замацавалі дзяжурных па атракцыёне. Аднак шанц рэабілітавацца ў «праштрафленых» ёсць заўжды. Дастаткова толькі адпавядаць усім нашым патрабаванням. Што перашкаджала зрабіць гэта раней, не разумею. Бізнес робіць гэтым горш толькі сабе, бо рызыкуе страціць час, наведвальнікаў і грошы.

8-35

Толькі звонку здаецца, што прафесія дзяжурнага па атракцыёне настолькі простая, што з ёй можа справіцца літаральна ўчарашні школьнік. Перш чым заступіць на гэты пост, неабходна прайсці адпаведнае навучанне. Доўжыцца яно больш за месяц. А калі чалавек раней ужо працаваў дзяжурным, то без чарговай праверкі ведаў яго да запаветнага штурвала не дапусцяць. Супрацоўнік Дзяржпрамнагляда экзаменуе будучага рулявога атракцыёна, і толькі пасля гэтага яму выдаецца пасведчанне з фота. Але абавязкі дзяжурнага не заканчваюцца на тым, каб уключыць ці выключыць агрэгат. Ён мусіць пракантраляваць, ці ўсе наведвальнікі прышпілілі рамяні бяспекі, і няспынна назіраць за працай самога механізму. Калі хтосьці з гасцей пачынае парушаць правілы бяспекі, дзяжурны павінен тут жа спыніць забаўку і растлумачыць наведвальніку, што так сябе паводзіць нельга. А пры неабходнасці і вывесці чалавека за тэрыторыю.

Бываюць сур'ёзныя заўвагі і да візуальнага стану атракцыёнаў. Прэтэнзіі ўзнікаюць да агульнага стану металаканструкцый, зварачных швоў. У месцах, якія працуюць пад нагрузкай, з'яўляюцца трэшчыны. Не заўжды карэктна пасля міжсезоннага захоўвання працуе электраабсталяванне. Усё-такі наш клімат для яго не самы спрыяльны. Аднак у любым выпадку небяспечным атракцыён становіцца не з прычыны таго, што яго дрэнна сканструявалі: такі апарат нават не пройдзе рэгістрацыю. Небяспечным ён становіцца праз няякаснае і несвоечасовае абслугоўванне. Новыя канструкцыі ў краіне павінны адпавядаць стандарту, які максімальна збліжаны з еўрапейскім.

20-гадовы «Вальс»

Большасць айчынных атракцыёнаў ужо адпрацавала закладзены вытворцам рэсурс, які складае звычайна 10 гадоў (у некаторых выпадках ён можа памяншацца і да сямі). Аднак тым не менш, яны працягваюць эксплуатавацца. У Мінску такіх «старычкоў» менш за ўсё — 36%. Самы вядомы з іх — «Вальс» у парку Горкага, якому пераваліла ўжо за два дзясяткі гадоў. Шмат новых машын, амаль усе з якіх беларускай вытворчасці, было закуплена да чэмпіянату свету па хакеі. А вось у глыбінцы паказчыкі гэтыя куды больш сумныя. Так, па звестках сайта Дзяржпрамнагляда, у сталічнай вобласці «на пенсію» сабраліся шэсць з кожных сямі атракцыёнаў.

— Пры гэтым старыя механічныя атракцыёны тэхнічна больш простыя, — кажа вядучы дзяржаўны інспектар Мінскага гарадскога ўпраўлення Дзяржпрамнагляда Алена Квітчук. — А вось у новых кожнае дзеянне кантралюе складаная электроніка. Адпаведна трэба мець і спецыяльныя навыкі па яе абслугоўванні.

Сваё «але» ёсць і ў перасовачных атракцыёнах. Як і звычайныя, яны абавязкова праходзяць штогод выпрабаванне перад самым першым запускам. Аднак калі канструкцыя пераехала на новае месца, яе забаронена ўключаць, пакуль тую не даследуе інспектар Дзяржпрамнагляда. Гэтае правіла дзейнічае, нават калі забаўляльны агрэгат змяніў дыслакацыю ў межах аднаго населенага пункта. І кожны раз апарат становіцца на часовы ўлік у абласным Дзяржпрамнаглядзе па новым месцы знаходжання...

Валяр'ян ШКЛЕННІК.

 Фота Надзеі БУЖАН.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.