Вы тут

Нашы краіны толькі ў пачатку вялікага шляху


Казахстан — краіна, якая ў савецкія гады прыняла з усяго Саюза спачатку сотні тысяч рэпрэсаваных, потым — мільёны энтузіястаў, што ехалі на асваенне цаліны. Гэта адна з самых вялікіх краін свету па тэрыторыі, а калі меркаваць па паказчыках эканамічнага развіцця, то дзяржава можа стаць ледзьве не самым магутным гульцом палітычнай і эканамічнай арэны свайго рэгіёна. Стасункі нашай краіны з Казахстанам ужо набылі стратэгічны характар, а таваразварот стабільна павялічваецца. Пра нюансы супрацоўніцтва з гэтай краінай, менталітэт яе жыхароў і беларускую дыяспару карэспандэнту «Звязды» расказаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол нашай краіны ў Казахстане Анатоль НІЧКАСАЎ.

20-17

20-17

 

— Вы з'яўляецеся паслом Беларусі ў Казахстане ўжо амаль два гады. Якімі былі вашы першыя ўражанні аб краіне і людзях? Якія мэты вы паставілі перад сабой у самым пачатку сваёй дыпламатычнай місіі і чаго ўдалося дасягнуць?

— Пунктам адліку новага этапу майго жыцця стала дата 10 верасня 2013 года, калі Прэзідэнт выступіў з наказам перад новапрыназначанымі пасламі нашай краіны. Ужо 17 верасня я прыляцеў у Астану, каб прыступіць да выканання пастаўленых перада мной і пасольствам задач.

Сонечнасць — мабыць, тая самая характарыстыка, якую можна прымяніць не толькі для апісання клімату ў Астане, але і для вызначэння характару людзей, якія жывуць у Казахстане. Добразычлівасць і ветлівасць людзей, з якімі мне давялося сустракацца ў тыя першыя дні і месяцы, расказалі мне і пра нацыянальныя рысы характару гэтага братняга народа, і пра тую павагу, якую адчуваюць казахстанцы да беларусаў.

Калі казаць пра мэты дыпламатычнай місіі, то самае галоўнае для нас, дыпламатаў, — пашырэнне эканамічнага складніка нашых адносін з замежнымі партнёрамі праз гандаль, інвестыцыі, экспарт. Кожны пасол павінен павялічыць тавазварот пэўнай краіны з Беларуссю.

Што да рэалізацыі гэтых мэт у Казахстане, то трэба адзначыць: дастаткова вялікі аб'ём працы мае доўгатэрміновы характар, і яе вынікі выявяцца ў найбліжэйшай перспектыве. Маецца на ўвазе, перш за ўсё, будаўніцтва буйных зборачных вытворчасцяў беларускай тэхнікі.

У той жа час атрымалася актывізаваць узаемадзеянне з Казахстанам на ўзроўні міністэрстваў і прамысловых прадпрыемстваў Беларусі, умацаваць станоўчую дынаміку ў гандлі, пачаць узвядзенне першай чаргі сумеснага індустрыяльна-тэхналагічнага парка, адкрыць і абсталяваць беларуска-казахстанскі цэнтр у Казахскім агратэхнічным універсітэце ў Астане...

— Як узаемадзеянне ў рамках ЕАЭС паўплывала на развіццё супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Казахстанам? Ці з'явіліся новыя праекты, сумесныя праграмы?

— У апошнія гады ўдалося істотна змяніць архітэктуру двухбаковых гандлёва-эканамічных адносін Беларусі і Казахстана, выйсці на новыя напрамкі двухбаковага супрацоўніцтва, у тым ліку і ў інвестыцыйнай сферы.

На тэрыторыі Казахстана арганізавана 15 сумесных зборачных вытворчасцяў, ажыццяўляецца рэалізацыя праекта па стварэнні беларуска-казахстанскага Індустрыяльна-тэхналагічнага парка сельскагаспадарчай і камунальнай тэхнікі з фарміраваннем сумесных прадпрыемстваў па вытворчасці трактароў «МТЗ», прэс-падборшчыкаў «Бабруйскаграмаш», камунальнай тэхнікі на базе шасі «МАЗ», дарожна-будаўнічай тэхнікі «Амкадор» , сельскагаспадарчай тэхнікі ААТ «Лідсельмаш», збожжаўборачных камбайнаў ААТ «Гомсельмаш».

— За мінулы год таваразварот паміж Беларуссю і Казахстанам склаў, наколькі мне вядома, каля 1 млрд долараў. Аднак краіны маюць дастатковы патэнцыял для таго, каб павялічыць гэты паказчык удвая. За кошт чаго можа быць дасягнуты такі вынік?

— За 2014 год таваразварот з Казахстанам склаў прыкладна 1,2 млрд долараў і вырас у параўнанні з 2013 годам на 23 працэнты. Пры гэтым беларускі экспарт тавараў у Казахстан склаў 877 млн долараў. Калі да лічбаў экспарту тавараў дадаць экспарт паслуг, што аказваюцца нашымі прадпрыемствамі казахстанскім партнёрам, то агульны аб'ём экспарту ў Казахстан перавысіць1 млрд долараў. Гэта нядрэнны вынік у сучасных умовах.

Найбольш развітымі напрамкамі двухбаковага супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай сферы паміж Беларуссю і Казахстанам з'яўляюцца прамысловая кааперацыя, навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва, двухбаковыя пастаўкі гатовых тавараў. Пачалася работа бакоў па наладжванні актыўнага супрацоўніцтва ў касмічнай сферы. Па гэтым напрамку сёлета ў сакавіку адбылося першае пасяджэнне казахстанска-беларускай рабочай групы па прапрацоўцы пытанняў супрацоўніцтва ў галіне космасу.

Перспектывы эканамічнага супрацоўніцтва паміж Казахстанам і Беларуссю мы бачым у рэалізацыі новых сумесных праектаў у галіне вытворчай кааперацыі. Па-першае, гэта стварэнне сумеснага прадпрыемства па зборцы збожжа- і кормаўборачных камбайнаў паміж ААТ «Гомсельмаш» і АТ «Аграмашхолдынг» у горадзе Кастанай на базе дзейнай зборачнай вытворчасці. Па-другое, завяршэнне працэсу рэфармавання і рэарганізацыі сумеснага прадпрыемства «КазБелАЗ» у Карагандзе. Па-трэцяе, перспектыўным напрамкам з'яўляецца забеспячэнне запуску зборкі беларускай тэхнікі на пляцоўцы беларуска-казахстанскага індустрыяльна-тэхналагічнага парка сельскагаспадарчай і камунальнай тэхнікі ў горадзе Какшетау.

Акрамя вышэйпералічанага, перспектыўнай бачыцца сумесная рэалізацыя некалькіх буйных транснацыянальных праектаў у такіх сферах, як космас, энергетыка, геолагаразведка, здабыча і перапрацоўка карысных выкапняў, гандлёва-лагістычная дзейнасць.

Перакананы, што патэнцыял для развіцця гандлёва-эканамічных адносін паміж Беларуссю і Казахстанам да канца не выкарыстаны, нягледзячы на тое, што за апошнія пяць гадоў узаемны таваразварот павялічыўся больш чым у 3 разы. На мой погляд, мы знаходзімся толькі ў пачатку вялікага шляху, паколькі перавагі інтэграцыі ствараюць усе перадумовы для павелічэння таваразвароту ў разы.

— Сусветная выстава «Энергія будучыні» пройдзе ў 2017 годзе ў Астане. Як горад рыхтуецца да гэтай падзеі? Як пасольства супрацоўнічае з арганізатарамі?

— Пачынаючы з 2014 г. у Астане на пляцоўцы 175 га разгарнулася ўзвядзенне выставачных павільёнаў, будаўніцтва аб'ектаў інфраструктуры (дарогі, сеткі, чыгуначны вакзал, аэрапорт з узлётна-пасадачнай паласой), жылля (камерцыйнае, сацыяльнае, арэнднае), сацыяльных аб'ектаў (дзіцячыя сады, школы). Прадугледжана будаўніцтва 26 аб'ектаў выставачнага комплексу, сярод якіх міжнародныя, карпаратыўныя і тэматычныя павільёны, жылыя комплексы, школы, дзіцячыя сады, гасцініцы, кангрэс-хол, канферэнцыя і прэс-цэнтр, Экспа-офіс, «Энэрджы хол», камерцыйныя і гандлёвыя зоны плошчай 140 тыс.м.кв., крыты горад, Экспа-плаза і мастацкі цэнтр. Будаўніцтва дадзеных аб'ектаў плануецца завяршыць у снежні 2016. Рэалізацыя такога маштабнага праекта ў якасці дзяржаўнага заказчыка ўскладзена на нацыянальную кампанію «Астана Экспа-2017». На падрыхтоўку і правядзенне спецыялізаванай выставы Казахстан плануе выдаткаваць з розных крыніц каля 3 млрд долараў ЗША.

Беларусь падтрымала выбар Рэспублікі Казахстан і пацвердзіла свой удзел у гэтым грандыёзным мерапрыемстве.

Пасольства дастаткова актыўна ўзаемадзейнічае з арганізатарамі. Напрыклад, у кастрычніку 2014 года пасольства прыняло ўдзел у першым сходзе міжнародных удзельнікаў спецыялізаванай выставы, арганізаваным пасля афіцыйнага рашэння аб правядзенні міжнароднай выставы «Экспа-2017» у Астане. Трэба адзначыць, што ў гэтым мерапрыемстве прыняло ўдзел кіраўніцтва Міжнароднага бюро выстаў, а таксама супрацоўнікі сакратарыята камісара Экспа і больш за 200 прадстаўнікоў з 86 краін.

— У Казахстане, як і ў нашай краіне, вялікая ўвага надаецца развіццю высокіх тэхналогій. А ці існуюць сумесныя двухбаковыя праекты ў гэтай сферы?

— Сёння рэалізуецца 26 сумесных казахстанска-беларускіх праектаў у рамках міждзяржаўнай мэтавай праграмы Еўразійскай эканамічнай супольнасці «Інавацыйныя біятэхналогіі».

Згодна з раней падпісаным пратаколам аб развіцці супрацоўніцтва паміж НАН Беларусі і Нацыянальным навукова-тэхналагічным холдынгам «Парасат», бакамі ў цяперашні час прапрацоўваюцца магчымасці рэалізацыі сумесных праектаў па такіх напрамках, як прамысловыя і будаўнічыя тэхналогіі, новыя матэрыялы, абсталяванне і новыя тэхналогіі для прамысловасці і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, інфармацыйныя тэхналогіі, новыя тэхналогіі для аграпрамысловага комплексу, інавацыйныя тэхналогіі для медыцыны і фармакалогіі.

— Для многіх беларусаў Казахстан асацыюецца з асваеннем цаліны, куды ад'язджалі тысячы маладых людзей. А што сёння з цаліннымі землямі? Наколькі прыбытковая галіна сельскай гаспадаркі ў Казахстане?

— Рашэнне аб асваенні цалінных зямель было прынята вясной 1954 года. Планавалася асвоіць 13 млн гектараў зямель і атрымаць на іх ад 17 да 19 млн тон збожжа. Казахстанцы падтрымалі рашэнне аб засваенні цаліны і прадэманстравалі гасціннасць і інтэрнацыяналізм. На заклік партыі і камсамола далучыцца да шэрагаў цаліннікаў з усіх канцоў Савецкага Саюза у Казахстан пачалі сцякацца людзі. У першы час усе яны жылі ў стэпе ў намётавых гарадках, вагончыках, зямлянках...

Сельская гаспадарка з'яўляецца важным сектарам эканомікі сучаснага Казахстана. Летась пасяўныя плошчы Казахстана склалі 21,2 млн гектараў, у тым ліку пасяўныя плошчы збожжавых — больш за 15 млн гектараў. Па выніках чацвёртага квартала 2014 года рэнтабельнасць сельскагаспадарчай галіны Казахстана склала каля 8%.

— У Астане і Алматы шмат новых і дастаткова цікавых будынкаў — манумент Байтэрэк у Астане стаў адным з сімвалаў як самога горада, так і цэлай краіны. Што вы, як чалавек, які прысвяціў архітэктуры значную частку свайго жыцця, можаце сказаць аб архітэктурным іміджы гарадоў гэтай краіны?

— Аўтарам генплана забудовы Астаны  стаў вядомы японскі архітэктар Кісе Куракава. План падчас рэалізацыі істотна змяніўся, што дазволіла дойлідам сумясціць сучасны дызайн і азіяцкі каларыт. Гэта надало гораду яго непаўторнае аблічча, па якім ён сапернічае з вядучымі сталіцамі свету.

Маё адчуванне Астаны — гэта архітэктурны «мікс», змяшэнне культур і стыляў, якое гістарычна склалася на ўсёй тэрыторыі Казахстана. Паўднёвая сталіца, Алматы, пастаянна мяняецца, яе дапаўняюць сучасныя архітэктурныя ансамблі. Архітэктура Казахстана ў цэлым уяўляе сабой своеасаблівы феномен. Геаграфічна знаходзячыся ў цэнтры Еўразійскага кантынента, Казахстан і народнасці, якія насяляюць яго, за сваю шматвекавую гісторыю неаднаразова аказваліся ўцягнутымі ў буйныя палітычныя, сацыяльныя і эканамічныя пераўтварэнні. Усё гэта ў канчатковым выніку сфарміравала аблічча гарадоў, аулаў і вёсак сучаснага Казахстана.

— У Казахстане існуе досыць вялікая і актыўная беларуская дыяспара. Як пасольства выстройвае свае адносіны з суайчыннікамі?

— Сёння ў Казахстане актыўна дзейнічаюць 13 беларускіх культурных цэнтраў. З усімі грамадскімі аб'яднаннямі беларусаў у Казахстане пасольства ўстанавіла цесныя кантакты. На пастаяннай аснове праводзяцца сустрэчы з кіраўнікамі і актывам беларускіх этнакультурных аб'яднанняў, падчас якіх праходзіць абмен думкамі па актуальных пытаннях дзейнасці беларускай дыяспары і перспектыўных напрамках супрацоўніцтва, а таксама праводзяцца розныя сумесныя мерапрыемствы і мерапрыемствы пад эгідай пасольства.

У 2014 годзе былі завершаны мерапрыемствы па вырабе і ўстаноўцы на тэрыторыі Спаскага мемарыяльнага комплексу ў Карагандзінскай вобласці «Карлаг» памятнага знака беларусам — ахвярам палітычных рэпрэсій XX стагоддзя. Мерапрыемствы былі ініцыяваныя пасольствам у 2011 годзе. Памятны знак устаноўлены ад імя ўрада Рэспублікі Беларусь пры садзейнічанні Ганаровага консула Беларусі ў Алматы Даулета Турлыханава, а таксама Беларускага фонду «Спадчына» Караганды і Карагандзінскай вобласці. Памятны знак быў выраблены па праекце беларускага скульптара С. Логвінава.

— У апошнія гады Казахстан пачаў актыўна развіваць сваю турыстычную сферу. На вашу думку, чым можа зацікавіць гэта краіна беларусаў? Што, у сваю чаргу, можа прыцягнуць казахстанскіх турыстаў у Беларусь?

— Развіццё беларуска-казахстанскага супрацоўніцтва ў сферы турызму — перспектыўны напрамак, які актыўна развіваецца. Тут у нас ёсць вялікі патэнцыял і шырокія перспектывы. І ў Беларусі, і ў Казахстане ёсць дзе адпачыць і што паглядзець. Асабліва хацелася б адзначыць у гэтай сферы такія напрамкі, як уязны турызм у мэтах аздараўлення і лячэння.

Мы адзначаем шчырую зацікаўленасць беларусаў зноў «адкрываць» для сябе Казахстан, а для казахстанцаў — Беларусь. Яскравым прыкладам гэтаму стала правядзенне ў маі мінулага года 78-га Чэмпіянату свету па хакеі, калі многія казахстанцы прыехалі да нас і былі прыемна здзіўлены хараством і гасціннасцю Беларусі.

Надзея ЮШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Пасол Беларусі ў Казахстане Анатоль Нічкасаў: «Нашы краіны толькі ў пачатку вялікага шляху»

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.