Вы тут

Эканамічны мост


У літоўскім Марыямпале прайшоў XІ Беларуска-Літоўскі эканамічны форум.

Падобныя форумы ўжо становяцца добрай традыцыяй. Першы адбыўся ў 2005 годзе. Пазней яны праходзілі кожны год па чарзе — то ў Беларусі, то ў Літве: Салігорск, Друскінінкай, Мінск, Вільнюс, Гродна, Клайпеда, Магілёў... Кожны з іх быў карысны для развіцця Беларуска Літоўскіх эканамічных адносін. Але асабліва вылучыўся ў 2009 годзе Вільнюскі форум,
у якім прыняў актыўны ўдзел Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. На ім былі зададзены асноўныя напрамкі двухбаковага развіцця і дадзены гарантыі абароны замежных інвестыцый з боку кіраўніка беларускай дзяржавы.

Гэта спрыяла таму, што Літва стала адным з вядучых еўрапейскіх знешнеэканамічных партнёраў Беларусі. Абедзве краіны эфектыўна супрацоўнічаюць у транспартна-транзітнай і інвестыцыйнай галінах, добрымі тэмпамі пашыраецца двухбаковы гандаль таварамі і паслугамі, турызм. Па выніках 2014 года аб'ём гандлю таварамі паміж Рэспублікай Беларусь і Літоўскай Рэспублікай дасягнуў 1,4 млрд долараў. За студзень—сакавік 2015 года паказчык склаў каля 300 млн долараў.

Аб'ём літоўскіх інвестыцый у эканоміку Беларусі ў 2014 годзе дасягнуў $233,5 млн і павялічыўся ў параўнанні з 2013 годам на 31 %. Пры гэтым прамыя інвестыцыі перавысілі 190 млн долараў (выраслі на 80%). У першым квартале 2015 года агульны аб'ём інвестыцый склаў $57,5 млн, у тым ліку прамыя — $46,9 млн.

У Беларусі працуе звыш 600 прадпрыемстваў з удзелам літоўскага капіталу, у Літве — каля 250 кампаній з беларускімі інвестыцыямі. На тэрыторыі Літвы створаны зборачныя вытворчасці трактароў МТЗ, грузавых аўтамабіляў МАЗ, абсталявання радыяцыйнага кантролю «Полімайстар», архітэктурнага шкла Glassbel. Сёлета плануецца адкрыць зборачную вытворчасць тэхнікі «Амкадор».

Такія вынікі абумовілі добры старт і XІ форуму ў Марыямпалі, у якім прыняло ўдзел звыш 230 прадстаўнікоў бізнесу і органаў дзяржкіравання дзвюх краін. У склад беларускай дэлегацыі пад кіраўніцтвам міністра эканомікі Уладзіміра Зіноўскага ўвайшлі першы намеснік міністра транспарту і камунікацый Яўген Рагачоў, намеснік міністра замежных спраў Аляксандр Гур'янаў, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Літве Аляксандр Кароль, намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыла, старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Міхаіл Мятлікаў, дырэктар Нацыянальнага агенцтва інвестыцый і прыватызацыі Наталля Нікандрава, прадстаўнікі Мінскага, Віцебскага, Гродзенскага, Магілёўскага выканкамаў. Літоўскую дэлегацыю ўзначаліў міністр гаспадаркі Літоўскай Рэспублікі Эвалдас Густас.

Асноўнай тэматыкай форуму стала гандлёва-эканамічнае і інвестыцыйнае супрацоўніцтва Беларусі і Літвы. Бакі абмеркавалі стан і перспектывы развіцця беларуска-літоўскага супрацоўніцтва ў розных сферах, вывучылі станоўчы вопыт літоўскага бізнесу ў Беларусі і магчымасці развіцця сумесных праектаў у Літве. Адбыліся і секцыйныя пасяджэнні па пытаннях узаемадзеяння ў сферы фінансаў і банкаўскіх паслуг, транспарту і лагістыкі, сельскай гаспадаркі і харчовай прамысловасці. Прайшла прэзентацыя інвестыцыйных праектаў у сельскагаспадарчай сферы Беларусі.

«З даўніх часоў Літву і Беларусь звязваюць цесныя гандлёвыя і эканамічныя сувязі. Беларусь уваходзіць у дзясятку найбуйнейшых гандлёвых партнёраў Літвы. За апошнія 10 гадоў гандлёвы абарот паміж дзвюма краінамі вырас у 3,5 раза. Экспарт літоўскіх тавараў у Беларусь вырас у 4 разы, а экспарт беларускай прадукцыі ў Літву павялічыўся ўтрая. Але гэта не мяжа. Улічваючы патэнцыял абедзвюх краін, мы можам актыўна пашыраць узаемна выгаднае супрацоўніцтва ў харчовай, хімічнай, папяровай і лёгкай прамысловасці, у сферы біятэхналогіі, машынабудавання, электронікі, будаўнічых матэрыялаў. А таксама ў транспарце, лагістыцы, інфармацыйных тэхналогіях, турызме. Такія форумы, як гэты, вельмі спрыяюць развіццю супрацоўніцтва», — сказаў Эвалдас Густас.

«Канфедэрацыя прамыслоўцаў Літвы, пры садзейнічанні беларускіх партнёраў, ужо арганізавала 11 двухбаковых эканамічных форумаў. XІ эканамічны форум у Марыямпалі стварыў выдатныя магчымасці наладзіць новыя кантакты з прадстаўнікамі бізнес-супольнасці і дзяржаўнага сектара Літвы і Беларусі. Вялікае значэнне ўмацаванню гандлёва-эканамічных адносін паміж дзвюма краінамі надае Літоўска-Беларускі дзелавы савет, створаны ў 2012 годзе», — паведаміў карэспандэнту «Звязды» адзін з арганізатараў форуму, Прэзідэнт Канфедэрацыі прамыслоўцаў Літвы Рабертас Даргіс.

«Кожны чацвёрты трактар, набыты ў Літве, — беларускі. З Беларуссю ў нас добра развіты гандаль сельскагаспадарчай прадукцыяй. Гэтыя сувязі нам вельмі важныя. Таму я з вялікай цікавасцю наведаў і выставу «Белагра-2015», якая праходзіла ў Мінску», — аддзячыў віцэ-міністр сельскай гаспадаркі Літвы Альбінас Ежэрскіс.

«Мы цесна супрацоўнічаем з міністрам транспарту і камунікацый Беларусі. Яскравым прыкладам гэтага з'яўляецца адкрыццё новага маршруту пасажырскага цягніка Гродна — Ліда — Вільнюс, які абслугоўваюць беларускія чыгуначнікі», — сказаў віцэ-міністр зносін Aльгіс Жваляўскас.

У рамках форуму адбыліся сустрэчы і перамовы дзелавых колаў дзвюх краін, наведванне вядучых прамысловых прадпрыемстваў Марыямпальскага рэгіёна. Вынікам перамоў сталі дамоўленасці аб далейшых інвестыцыях літоўскай кампаніі Сенукай (Senukaі) у развіццё гандлёвай сеткі ОМА (Беларусь). Таксама прадстаўнікі дзвюх краін дамовіліся аб пастаўках прадукцыі для патрэб літоўскай чыгуначнай галіны.

Вітаўтас ЖЭЙМАНТАС,

уласны карэспандэнт «Звязды» ў Літве.

г. Вільнюс.

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.