Вы тут

Сваёй баязлівасці трэба баяцца


Тэлефаную ў адну арганізацыю, каб дамовіцца пра сустрэчу, мэтай якой будзе напісанне матэрыялу. «Пачакайце, — раздаецца на тым канцы, — трэба ўзгадніць з кіраўніцтвам, вось вам тэлефон намесніка па ідэалогіі». Набіраю прапанаваны нумар — гаспадар кабінета адказвае вельмі ветліва, але просіць пазваніць заўтра, бо, на яго думку, трэба праінфармаваць дырэктара, а то неяк няёмка атрымаецца, субардынацыя і ўсё такое. Спрабую патлумачыць, што мяне цікавіць адно канкрэтнае пытанне, я не збіраюся праводзіць глыбіннае даследаванне на прадмет эфектыўнасці функцыянавання іх установы. «Ну тады вы, можа, у пісьмовай форме накіруеце запыт, а мы адкажам», — спрабуе «саскочыць» ідэолаг. Гавару, што матэрыял тэрміновы, што я не прашу звестак, якія змяшчаюць ваенную альбо дзяржаўную тайну, яшчэ нешта ў гэтым родзе... І ўсё ж мне настойліва рэкамендуюць пачакаць яшчэ дзень, а лепш за ўсё — набраць у панядзелак, бо начальства недзе ад'ехала і сёння наўрад ці будзе.

Урэшце набіраю першы тэлефонны нумар, па якім званіла, і пытаю ў жанчыны «не для друку» прычыну такой канспірацыі. Яна не ўтойвае, што пытанне, якое я задаю — «капеечнае» для спецыяліста яе ўзроўню, яна расклала б па паліцах усё за чвэрць гадзіны. Але ёй засталося пару гадоў да пенсіі, якія пажадана дапрацаваць. А калі начальству стрэліць у галаву, што яна парушыла субардынацыю альбо не ўключыла працэс узгадненняў, якія яно так любіць, то ёй можа быць дрэнна. Бо аднойчы было, што адзін кіраўнік аддзела пагаварыў з журналістам, а дырэктару не спадабалася з газетнай цытаты адна фраза з лічбай. Той паказчык кіраўнік, аказваецца, не хацеў агучваць, бо баяўся рэакцыі вышэйшага начальства. «Што было, успамінаць не хочацца».

— А чаго вы здзіўляецеся? — гаворыць мая суразмоўца. — Што, у нас адных так? Не так даўно ў нашай супрацоўніцы сын у школе атрымаў траўму. Дык да іх прыходзілі, на прамілы бог прасілі, каб у паліклініцы сказалі, што хлопчык вывіхнуў руку ў двары дома. Яны так і зрабілі. Настаўнікаў шкада, іх жа зацягаюць з напісаннем тлумачальных запісак, разборамі і пакараннямі. Нібы некаму невядома, што дзеці бегаюць, часам падаюць, б'юць насы. І ніхто не застрахаваны ад сінякоў, драпін, а то і пераломаў.

І з ёю даводзіцца пагадзіцца. У нас вельмі любяць шукаць таго, каго можна пакараць. Гэта, відаць, падсвядомае, а можа, і свядомае імкненне апярэдзіць і зняць з сябе адказнасць. І як вынік, жаданне патэнцыяльнай ахвяры замаўчаць альбо наогул паказаць сітуацыю крышачку інакш. Як расказваюць ветэраны-вайскоўцы, з гэтага менавіта і пачыналася дзедаўшчына ў арміі. Ніякаму камандзіру не хацелася, каб яго падраздзяленне запісвалі ў адстаючыя, а самога лаялі на нарадах, а то і накладвалі спагнанні. Таму брыдкія ўчынкі асобных ваеннаслужачых не атрымлівалі заслужанай ацэнкі, не выкараняліся адразу. І, па сутнасці, злачыннасць атрымала распаўсюджанне. Потым доўга і балюча давялося яе выкараняць. І то тут, то там адгалоскі гэтай з'явы перыядычна даюць пра сябе знаць: то ў асяродку навучэнцаў прафтэхвучылішчаў, то ў іншых юнацкіх калектывах.

Адзін раз баімся папсаваць статыстыку, другі раз — імідж, потым прывыкаем баяцца. Тую боязь давялося згадаць не раз, пакуль рыхтавала матэрыял пра гісторыю сям'і інвалідаў з Івацэвіч, у якой маглі забраць дзіця. Маці спраўляецца з доглядам немаўляткі, але яна інвалід першай групы. І жалезным аргументам некаторых чыноўнікаў становіцца пасыл: «Раптам што здарыцца з вашым дзіцем, некаму тады давядзецца адказваць». А чаму нехта мусіць адказваць, скажам, за няшчасны выпадак? У нашай вобласці за час спякоты трое дзяцей выпала з вокнаў, некалькі малых патанулі на вадаёмах. Ніхто ж за гэта не адказваў, бацькі і так ужо пакараны няшчасцем.

У адной сям'і, дзе маці — журналістка, а бацька — выкладчык, шмат гадоў таму трохгадовы сын выпіў бутэлечку лякарства ад насмарку і трапіў у рэанімацыю. Як вы, відаць, зразумелі, гавару зараз пра сябе. Колькі здароўя каштавала мне тая яго ноч у рэанімацыі, пра гэта асобная размова. Але ж не пазбавілі мяне бацькоўскіх правоў, не пакаралі ўчастковых медыкаў за недастатковую прафілактычную работу. І хлопец, дзякаваць Богу, вырас. Я да таго, што няшчасныя выпадкі, надзвычайныя здарэнні з дзецьмі бываюць ва ўсе часы і ва ўсіх краінах. І што тут баяцца загадзя? Лепей усё ж спадзявацца на лепшае, каб, як той казаў, не накаркаць.

...Гадоў дзесяць таму давялося праведваць у бальніцы каляжанку пасля аперацыі з нагоды апендыцыту. Дык вось яна сказала, што ўсё жыццё амаль што панічна баялася апендыцыту. «Можа, таму ён і здарыўся», — горка пажартавала жанчына. А калі аперацыя прайшла і праз колькі дзён ачомалася, то зразумела, што не варта было баяцца. Гэта я да таго, што мы самі нярэдка становімся крыніцай розных страхаў, а яны потым вырастаюць, набіраюць сілу і становяцца традыцыяй грамадства.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.