Вы тут

Насустрач сонцу


Кітай — краіна, у якой надзвычай арганічна сышліся старажытнасць і сучаснасць. Прычым у пікавых сваіх пунктах: адлік цывілізацыі і найноўшыя, амаль фантастычныя тэхналогіі на мяжы ўспрымання. Скажам так, на радзіме Канфуцыя цягнікі рухаюцца з хуткасцю больш як паўтысячы кіламетраў у гадзіну! Гэта дыяпазон Паднябеснай, якая, паверце, здольная і не на такія дзівосы.

1-36

Дарэчы, пра рух насустрач сонцу і світанак сярод ночы. Пра яго расказала ў «Шарамецьеве» Ірына Пятроўна, прафесар-мовазнаўца з Саратава, з якой мы стаялі разам у чарзе на рэгістрацыю. Жанчына ляцела спачатку ў Бейджын (менавіта так, на думку спецыялістаў, правільна вымаўляецца галоўны горад КНР — у дакладным перакладзе «паўночная сталіца»), а пасля ў Харбін, дзе выкладае рускую мову. «Пастарайцеся дачакацца таго моманту, калі за ілюмінатарам пачне шарэць, — настаўляла Ірына Пятроўна. — Суцэльная ноч, а праз імгненне — світанне, ды такое ўрачыстае. Фантастычнае відовішча!» І насамрэч бяссонная ноч аказалася таго вартая — я злавіў тое самае імгненне...

1-30

З «Шарамецьева» мы вылецелі ў шэсць вечара і праз восем гадзін сустрэлі сем раніцы ў сталіцы Паднябеснай. «Прыплюсавалі» пяць гадзін. І, дарэчы, надалей рухаліся па старажытнай краіне з неймавернай хуткасцю. У шыкоўным аэрапорце Бейджына (які, дарэчы, сам, як горад) адразу сустрэлі... драконаў — знакавых для Кітая жывёл. Іх выявы паўсюль, ды і сам Шоўду абрысамі нагадвае вялізную грацыёзную істоту, якая падрыхтавалася да пакарэння нябёсаў.

1-32

Зрэшты, як мне падалося, уся краіна жыве менавіта ў такім рытме. Працавітасць — насамрэч адна з яскравых рыс нацыянальнага характару. У кітайцаў усё павінна быць «самае-самае». І, што самае цікавае, так і ёсць. Тыя ж хмарачосы растуць у прамым сэнсе на вачах. Сам таму сведка: паверх хайтэкавага будынка ўзводзілі літаральна за ноч. Дарэчы, арганізаванасць — яшчэ адна з рыс нацыянальнага характару. Натоўпы на вуліцах у тым жа Бейджыне вы не ўбачыце. І нават на самай галоўнай плошчы краіны — Цяньаньмэн — у выходны няма даўкі. Безумоўна, аўтамабільныя заторы і смог — на жаль, спадарожнікі мегаполіса. І ў Бейджыне яны ёсць.

1-33

Непрыемна, вядома, але ці гэта галоўнае? У горадзе, акрамя найсучаснейшых будынкаў (пачынае балець шыя, бо ўвесь час ходзіш з задранай галавой) шмат унікальных старажытных помнікаў. Напрыклад, Цяньтань — Храм Ураджая (яго часта яшчэ называюць Храмам Неба) — велічны і непаўторны, самы вялікі ў свеце. Дарэчы, унесены ЮНЕСКА ў Спіс сусветнай спадчыны чалавецтва. Ён дасюль дзейнічае, праўда, у асабліва адметныя дні. А маладыя пары, якія хутка пабяруцца шлюбам, ладзяць тут фотасесіі (што цікава — напярэдадні вяселля). Далей можна прайсціся па адной са сцяжынак, якія дораць багацце, славу ці даўгалецце. Чамусьці больш за ўсё людзей заўважыў на апошняй.

1-43

На галоўнай плошчы краіны Цяньаньмэнь ідзе падрыхтоўка да галоўнага дзяржаўнага свята Кітая — дня ўтварэння КНР, які штогод адзначаецца 1 кастрычніка. Побач знаходзіцца помнік народным героям і маўзалей Маа Цзэдуна. Зусім нядаўна тут праходзіў грандыёзны парад, прысвечаны 70-годдзю завяршэння Другой сусветнай і кітайска-японскай войнаў. Непадалёку — Гугун (Забаронны горад) — самы вялікі палацавы комплекс у свеце, таксама ўнесены ў Спіс сусветнай спадчыны. Сапраўды ўражвае: агульная плошча складае 720 тысяч «квадратаў» — можна і згубіцца. Вакол комплексу, як і належыць, роў з вадой. У адным з пунктаў выглядае, амаль як наш Нясвіжскі палац, толькі замест вежы — пагада.

Ну і, вядома ж, Вялікая Кітайская сцяна. Яе працягласць, паводле асобных крыніц, перавышае 20 тысяч кіламетраў! Любыя эпітэты і параўнанні тут, напэўна, залішнія — гэта трэба бачыць. Хоць знаўцы і сцвярджаюць, што пасля рэстаўрацыі «рарытэтных» камянёў у старажытных мурах амаль не засталося, галоўнае, пэўна, уласнае адчуванне. Калі літаральна з-пад аблокаў пазіраеш уніз, насамрэч здаецца, што ў цябе за спінай вырастаюць крылы...

1-31

Можна бясконца расказваць пра Паднябесную. За два тыдні, акрамя Пекіна, давялося пабываць у старажытным Ланчжоу і субтрапічным рамантычным мегаполісе Чунцыне. Дарэчы, гарады стаяць на ўзбярэжжы дзвюх вялікіх кітайскіх рэк — Хуанхэ і Янцзы. І безліч сустрэч, знаёмстваў, уражанняў. Усяго і не раскажаш — варта патрапіць. Тым больш што маршрут вядомы — на ўсход, насустрач сонцу.

Мікалай ЛІТВІНАЎ

lіtvіnov@zvіazda.by

Мінск — Бейджын — Ланчжоу — Чунцын — Бейджын — Мінск

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.