Вы тут

Я ў ІT-шнікі пайшоў бы...


Дацэнт кафедры «Матэматычныя праблемы кіравання» матэматычнага факультэта Гомельскага дзяржуніверсітэта імя Ф. Скарыны Міхаіл Далінскі ў пачатку 90-х стаў заснавальнікам школы юных праграмістаў. З таго часу яна дала свету шмат пераможцаў міжнародных алімпіяд, а потым і вядомых спецыялістаў у ІT-сферы. Вось ужо на працягу многіх гадоў Міхаіл Сямёнавіч не толькі працягвае выкладаць у ВНУ, але і факультатыўна займаецца з дзецьмі ў школе №27. Серада і нядзеля — дні, безумоўна аддадзеныя школьнікам, якія, магчыма, хутка апраўдаюць спадзяванні вядомага настаўніка на новыя алімпійскія перамогі па праграмаванні.


10-28

Нагадаем, што вядомы на ўвесь свет вучань Міхаіла Далінскага — камп'ютарны геній Генадзь Караткевіч. Сёння ён — трэцякурснік універсітэта інфармацыйных тэхналогій, механікі і оптыкі ў Санкт-Пецербурзе. Юнак на працягу дзясятка гадоў з лёгкасцю выйграваў многія спаборніцтвы праграмістаў. Сёння Генадзь займае першае месца ў рэйтынгу Topcoder і Codeforces.

Дарэчы, ганарыцца Міхаіл Сямёнавіч усімі, хто чагосьці дасягнуў, але галоўнае — прыкладаў вялікія намаганні ў спасціжэнні інтэлектуальнай прафесіі:

— Галоўнае — гэта жаданне. У мяне калісьці на пятым курсе найлепшымі сталі тры студэнты. Два — пераможцы алімпіяд, а трэці ад нараджэння дрэнна чуў. Я спачатку не ведаў гэтага. Ён на першых курсах садзіўся на першую парту і ўгадваў, што расказвае лектар. Хлопец спачатку значна адставаў ад усіх, але потым не толькі нагнаў, але і стаў адным з самых лепшых. Ён меў жаданне спасцігаць, шмат працаваў і дабіўся свайго. Між тым праграмаванне можна назваць сацыяльнай лесвіцай, якую трэба прайсці сваімі нагамі, каб узлезці на пэўную вышыню. Але ж для гэтага трэба вельмі многа працаваць.

Зараз выкладчык ставіць перад сабой новыя задачы. Яны тычацца, напрыклад, удасканалення першага ў рэспубліцы сайта дыстанцыйнага навучання dl.gsu.by і заняткаў са школьнікамі пачатковых і сярэдніх класаў. У прыватнасці, цяпер у 1-4 класах на рэгулярнай аснове займаецца больш за 60 чалавек, а ў 5-8 класах — больш за 120. Урэшце, лічыць педагог, колькасць павінна перайсці ў якасць вынікаў на рэспубліканскіх і міжнародных алімпіядах.

Мы гутарым на занятках у аўдыторыі ГДУ імя Скарыны. Студэнты працуюць самастойна, але час ад часу звяртаюцца да выкладчыка. Ён імгненна ацэньвае пытанне і адразу ж накіроўвае юнака да аднакурсніка, які павінен растлумачыць незразумелае:

— Важна, калі яны растлумачваюць адзін аднаму і дапамагаюць рашаць задачы. Такім чынам вучацца абодва. Адзін ганарыцца не толькі ведамі, але і тым, што змог дапамагчы. Другі атрымлівае стымул ведаць не горш, чым сябар. Роўны растлумачвае роўнаму. Я заўсёды карыстаюся гэтым прыёмам. Яны пачынаюць абмяркоўваць праблему, думаць разам. Гэта павышае якасць навучання і нясе дадатковы матывацыйны эфект. У тым ліку для работы ў камандзе. Не сакрэт, што сёння многія фірмы, якія з'яўляюцца спажыўцамі праграмнага прадукту, аддаюць перавагу тым, хто ўмее працаваць разам. Яны, дарэчы, і арганізоўваюць многія камандныя спаборніцтвы па праграмаванні. А ўсё таму, што сёння ніякія сучасныя задачы ў адзіночку не вырашаюцца. Каб працаваць у калектыве, патрэбны адпаведныя навыкі. Трэба ўмець слухаць, разумець іншага чалавека, размяркоўваць час, ставіць пытанні... Камандныя алімпіяды дазваляюць атрымаць такі навык калектыўнай работы.

Міхаіл Сямёнавіч сцвярджае, што практычна з кожнага вучня можна зрабіць праграміста. Але ж толькі амбіцыі бацькоў, якія жадаюць бачыць сваё дзіця спецыялістам у высокааплатнай сферы, наўрад ці дапамогуць. Сам нашчадак павінен не толькі мець жаданне, але і настойліва самастойна працаваць:

— Ёсць некалькі кірункаў, якім чынам мы развіваем дзяцей. Першае — гэта мысленне. Другі — матэматыка. Самі матэматычныя веды карысныя для вырашэння праграмісцкіх задач. Трэці кірунак — праграмаванне непасрэдна. Прынцыпова важным з'яўляецца дыферэнцаванае аўтаматычнае навучанне. Наша сістэма пабудавана так, што яна вядзе кожнага вучня персанальна. Яму выдаецца задача. Калі ён можа яе зрабіць — робіць. Калі не — націскае кнопку —«не ведаю». І яму будзе дадзена сістэма заданняў, якія падвядуць яго да выканання той задачы, якую ён не змог зрабіць першапачаткова. Атрымліваецца, што кожнае дзіця можа займацца самастойна, а настаўнік працуе франтальна. Яго задача — арганізаваць працэс. Каб дзеці не перашкаджалі адно аднаму, думалі, стараліся, самастойна рабілі. У некаторых выпадках трэба і дапамагчы. Але, калі прыйшлося дапамагаць камусьці, для мяне гэта сігнал — у гэтым месцы сістэма дрэнна працуе. Трэба паставіць там заданне, каб не было патрэбы дапамагаць.

Каб стымуляваць работу школьнікаў дома, расказвае Міхаіл Далінскі, пастаянна праводзяцца конкурсы. Напрыклад, сезонныя — хто больш за ўсіх рашыць задач?

— Мы праводзім спаборніцтвы па праграмаванні і па матэматыцы. Таблічка на сайце аўтаматычна абнаўляецца, можна бачыць, хто колькі задач рашыў. Кагосьці такая сістэма стымулюе да новых вяршынь, але прынцыпова праблема матывацыі ўсё ж не вырашана. Не ўсе, каму цікава на занятках, дома гэтым займаюцца. А калі б вучні, як Гена Караткевіч, штотыдзень 20 гадзін аддавалі праграмаванню, былі б і вынікі больш высокія. Ну а паколькі я не ведаю, як яшчэ матываваць вучняў на працу, можна зрабіць спробу і павялічыць час заняткаў з імі. Пачынаць займацца гэтай справай трэба не з 9 класа, як раней усе пачыналі, а з першага. Тады, магчыма, хопіць часу, каб нечага большага дасягнуць.

У Гомелі працуюць філіялы многіх замежных фірмаў, і нашы вучні пасля заканчэння ВНУ ўладкоўваюцца менавіта туды. Большая частка з іх тут, на Беларусі, працягвае жыць, працаваць і зарабляць неблагія грошы. Дзяржава, між іншым, атрымлівае падаткі. Здаецца, праблемы ўцечкі мазгоў сярод праграмістаў у нашай краіне няма. Прывяду прыклад: Арцём Кузняцоў, першы гамяльчанін, які стаў чэмпіёнам рэспублікі ў 1997 годзе, на пэўны час з'ехаў у Маскву займацца мабільным банкінгам. Хутка стаў там кіраўніком аддзела, пасля чаго аддзел перавёў у Гомель. Дарэчы, Арцём быў першым распрацоўшчыкам сістэмы дыстанцыйнага навучання.

Сёння многія бацькі церпяць ад таго, што іх дзеці маюць стасункі толькі з тэхнікай і не ўяўляюць сабе іншага ладу жыцця. Міхаіл Далінскі згаджаецца, але падкрэслівае: не камп'ютар псуе дзяцей, а тое, што ў сучасным свеце змянілася сістэма каштоўнасцяў. Грамадства стала спажывецкім, і ў многіх адна мэта — любымі спосабамі мець рэчы модныя, дарагія, прэстыжныя...

— Праблема не ў тым, што з'явіліся камп'ютары, а ў тым, што памянялася жыццёвая ўстаноўка: цяпер важна, што ты з'еў, што апрануў, а не колькасць кніг, якія прачытаў. Цяпер дзяцей зацягваюць не толькі гульні, але і сацыяльныя сеткі, дзе адбываецца імітацыя рэальнага жыцця. Адзіны спосаб, які я ведаю, каб вырваць дзяцей з віртуальнага свету — навучыць іх нейкай рэальнай справе. Камп'ютарная залежнасць з'яўляецца звычайна ў гульні, дзе прысутнічаюць моцныя эмоцыі. У нас на занятках дзеці разважаюць, стамляюцца і адпачываюць. Яны рана разумеюць, што, калі жадаеш чагосьці дасягнуць, на гульні часу не будзе. Вось менавіта таму я парэкамендаваў бы бацькам рабіць так, каб іх дзеці больш працавалі.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іost@zvіazda.by

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.