Вы тут

«Арол» або «рэшка», ці «манетызацыя» дзіцячых радасцяў


Навіна пра хуткую дэнамінацыю і ўвядзенне ў абарачэнне новых грашовых знакаў зацікавіла, без перабольшвання, усіх. Таму што, гаворачы словамі з анекдота, самым папулярным друкаваным выданнем у насельніцтва з'яўляюцца грошы. Але, бадай, поўнай нечаканасцю было даведацца, што неўзабаве ў нашых кашальках з'явяцца і манеты. Дагэтуль многія з маладых людзей сутыкаліся з імі толькі падчас паездак за межы Беларусі. А вось старэйшыя пакаленні адразу ж з настальгіяй прыгадалі тыя часы, калі ў нашых кашальках былі манеты наміналам у 1, 2, 3, 5, 10, 15, 20 і 50 капеек, а таксама металічныя рублі. І што на ўсё гэта можна было некалі купіць...

Напэўна, не знойдзецца ніводнай сям'і, у якой бы не захаваліся дагэтуль — недзе ў далёкім кутку шуфляды стала, у секцыі — манет, якія страцілі сваю пакупніцкую здольнасць больш за дваццаць гадоў таму. У кагосьці некалькі, у іншага — добрая жменя. У некаторых гэта выпадковыя знаходкі сярод рознай гаспадарчай драбязы, а хтосьці наўмысна пакінуў на памяць — як сімвал адыходзячай эпохі — металічныя кружочкі з рознымі па вартасці лічбамі на рэверсе і гербам СССР на аверсе.

Калі па праўдзе, асабліва і не магу прыгадаць, каб у нашых руках і кішэнях часта былі менавіта папяровыя грошы. Хіба што часам рубель, зрэдку траяк, яшчэ радзей — пяцёрка. А вось манеты — так, прысутнічалі ўвесь час. Па-першае, для дзіцяці і 20 капеек былі вялікай сумай, па-другое, думаю, такім чынам бацькі яшчэ і сумяшчалі заахвочванне з вызваленнем сваіх кашалькоў ад дробязі ці залішняй вагі. Таму, калі ў нас быў шанц разжыцца рублём, яны заўжды ішлі насустрач пажаданням і выдавалі металічны. Бо што паперка? А тут — такая манета!

11-25

У кра­ме мож­на бы­ло на­быць вось та­кую драў­ля­ную скар­бон­ку...

Адзін з першых успамінаў, звязаных з металічнай дробяззю, гэта калі мы вулічнай кампаніяй збіраліся ў кіно. Дзіцячы білет каштаваў 10 капеек. І вось стаім купкай каля пасялковага кінатэатра, у чаканні сваёй чаргі ў касу ўжо каторы раз пералічваем у далоньках манеты, хоць яны ўжо даўно падлічаны і адкладзены. І тут нехта раптам кажа: не хапае! Як так? Усе нервова — чарга хутка падыдзе — лезуць у кішэні і наноў пачынаюць пералічваць дробязь: колькі табе не хапае? А, памыліўся? Дык лічыць правільна трэба!..

Мабыць, у тыя часы не было такога дзіцяці, у якога не было дома скарбонкі. Усе памятаюць класічныя — гліняных свінак. Мне такія ніколі не падабаліся, бо ў класічным жа варыянце рана ці позна гэтую «жывёлу» чакаў толькі адзін канец — ад малатка. У нас з братам былі драўляныя, у форме такіх пузатых бочачак. Яны і дагэтуль, дарэчы, «жывыя» (і напоўнены тым, чым і павінны быць напоўнены па сваім прызначэнні — манетамі СССР). Дык вось з імі можна было рабіць адзін фокус, калі раптам карцела нешта набыць, неабходнае дзіцячай душы, а бацькі адмаўляліся прафінансаваць гэты парыў. Трэба было нажом асцярожна (каб не пашкодзіць лакіроўку) прайсціся ўздоўж усёй накрыўкі бочачкі, а потым зняць яе.

Дастаткова цяжка гэта было зрабіць толькі першы раз, калі скарбонка была новай, далей жа падобнае станавілася, як той казаў, справай тэхнікі. Каб захаваць чысціню ілюзіі, што скарбонку не ўскрывалі, накрыўку потым саджалі на клей. Вядома, гэта была ўжо не заводская склейка, таму ў наступныя разы яна здавалася амаль без «бою». Ці вось яшчэ менш кардынальны спосаб крыху «вытрыбушыць» скарбонку (калі быў час) ці проста пацікавіцца сумай назапашанага капіталу (і потым зноў вярнуць яго на месца), праўда, пры дапамозе ўсё таго ж нажа.

Скарбонку трэба было перакуліць прораззю ўніз і ўвесці ў яе лязо. А потым трэсці-падкідваць бочачку. Адна за адной манеткі выслізгвалі са сваёй схованкі...

Калі ўжо загаварылі пра скарбонкі, быў некалі і такі адмысловы пераносны варыянт кшталту кашалька. Называўся — манетніца. Ён уяўляў сабой невялікую плоскую металічную скрыначку, наверсе якой знаходзілася некалькі «кішэнек» для манет рознага памеру. Трэба было падсунуць падыходзячую па дыяметры пад абадок сваёй «кішэнькі» і прыціснуць яе ўніз. У адну «кішэньку» змяшчалася некалькі манетак аднаго наміналу. Каб дастаць адну, трэба было пальцам ссунуць яе з-пад абадка — спружына падавала ўгору наступную.11-27

Не­па­збеж­ны фі­нал глі­ня­най схо­ван­кі для гро­шай.[/caption] Як відаць, манеты былі адначасова і скарбам у скарбонцы, і капіталам для ўвасаблення ў жыццё розных жаданняў. О, колькі дзіцячых радасцяў можна было атрымаць за тыя манеткі! Папіць газіроўкі з сіропам — тры капейкі. Столькі ж каштавала стрэліць раз з пнеўматычнай вінтоўкі ў ціры. А атракцыёны ў сталічным парку Чалюскінцаў, куды нас раз-пораз вазілі бацькі (білет ад маіх Смілавіч да Мінска на «ЛАЗе», які ехаў гадзіну з прыпынкамі, каштаваў 40 капеек)?!. 15 капеек каштавала згуляць на ігральным аўтамаце «Марскі бой»: прыпадзеш да перыскопа і выпускаеш тарпеды па караблях на гарызонце. Шчыра кажучы, мне ў гэтай справе не шанцавала. «Двушкі» і дзеці і дарослыя бераглі, каб можна было патэлефанаваць з вулічнага аўтамата. Дарэчы, па памеры для гэтых мэт падыходзіла і 10-капеечная манета, але так марнаваць грошы можна было толькі ў самым крайнім выпадку. Гэта ж страчаная шклянка найсмачнейшага таматнага соку! 10 капеек! За сем можна было выпіць шклянку бярозавіку, а на рэшту ў тры капейкі — праехацца ў трамваі (талончыкі для паездкі ў аўтобусе і тралейбусе каштавалі на капейку даражэй) ці ў кіёску набыць газету.

А хто ў нашым маленстве не бегаў у аптэку? Не, не па тое, што каштавала дзве капейкі...Тады нас там цікавіла найперш аскарбінка за шэсць капеек і батончык гематагену за сем. Упакоўка жуйкі з пяці пласцінак каштавала 50 капеек. За канверт без маркі трэба было аддаць адну капейку (сто штук за рубель!). У старшых класах яны падыходзілі для адпраўкі лістоў стрыечным братам у армію (марка ў такім выпадку была неабавязковай), у малодшых у іх можна было складваць фотаздымкі і запіскі.

Пятачкі былі патрэбны для аплаты праезду ў метро. Некалі жэтонаў не было, замест іх у турнікеты кідалі 5-капеечныя манеты. У вестыбюлі станцый на сценах віселі металічныя скрыні — спецыяльныя аўтаматы для размену грошай. Кідаеш, напрыклад, у такі 20 капеек і чакаеш, калі табе ў латок з грукатам выкацяцца чатыры пятачкі. Нам, дзецям, падабаўся сам працэс! Памятаю, як у 1984 годзе ў Мінску адкрылася метро і да гэтай падзеі тыя самыя апараты зарадзілі навюткімі пятакамі, толькі з манетнага двара. Яны літаральна зіхацелі! Цётка павезла нас пакатацца, дык мы мянялі і мянялі белыя манеты на жоўтыя 5-капеечныя і адбіралі сярод іх тыя самыя,бліскучыя...

11-28

Адзін з са­мых ма­са­вых ме­та­ліч­ных руб­лёў.[/caption] Памятаеце «Родственник, рупь гони!» — гаварыў герой Браніслава Брандукова ў камедыі «Афоня»? У дарослых, вядома, часам быў свой «інтарэс» на гэты самы рубель... А мы спрабавалі калекцыянаваць металічныя (у нашым дзяцінстве кожны быў крышачку нумізматам) і не спяшаліся з імі развітвацца. Самым масавым быў рубель, выпушчаны ў 1965 годзе «ХХ гадоў Перамогі над фашысцкай Германіяй» — з выявай манумента Воіну-вызваліцелю ў Трэптаў-парку. Было некалькі рублёў з правадыром рэвалюцыі: «Пяцьдзясят гадоў Савецкай улады» (дзе ён стаяў з выцягнутай рукой), «Сто гадоў з дня нараджэння У.І. Леніна» (з выявай профілю і датай 1870—1970).

Дарэчы, у мяне былі тры памятныя манеты з серыі «50 гадоў рэвалюцыі», выпушчаныя ў 1967 годзе: 10-капеечная (на ёй быў адлюстраваны палёт чалавека ў космас), 15-капеечная (з «Рабочым і калгасніцай») і 20-капеечная (з выявай «Аўроры»). Як правіла, рублі былі прысвечаны пэўным датам у гісторыі краіны (30 і 40 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, 20 гадоў палёту чалавека ў космас і г.д) або вядомым дзеячам мінулага (Карлу Марксу і Фрыдрыху Энгельсу, Церашковай, Пушкіну, Ламаносаву, Талстому, Горкаму і іншым). Апошніх у маёй калекцыі, на жаль, не было, бо яны выпускаліся не такімі вялікімі тыражамі. Манеты былі не толькі плацежным сродкам і дзіцячым капіталам. Для пакалення, не раздуранага сённяшнімі гаджэтамі, яны былі і яшчэ шмат чым іншым. Кантам падыходзячай па памеры манеткі можна было, напрыклад, адкруціць-закруціць шрубу. Яе таксама можна было выкарыстаць у якасці медыятра пры ігры на гітары, калі не было пластыкавага. А якой простай была забава з паперай?

Манету трэба было накрыць лістком, прыціснуць і заштрыхаваць паверхню алоўкам. Што атрымаецца? Праз паўгода сённяшнія дзеці змогуць даведацца на ўласным досведзе.

А яшчэ можна было па чарзе заштрыхаваць так аверс і рэверс манеты, потым выразаць гэтыя кружочкі і склеіць паміж сабой. Атрымліваліся сапраўдныя «грошы» для дзіцячых гульняў. Раней я ўжо пісаў, што некалі была і азартная гульня «ў капейкі», за якую «ўлятала» ад настаўнікаў многім вучням, бо «рэзаліся» ў яе прама ў школьных калідорах. Згулялі хуценька раз-два і разбегліся, каб педагогі не «накрылі». Колькі было азарту! Ды і проста падкінутая манета — «арол» або «рэшка» — дапамагала вырашыць нейкую спрэчку...

11-30

Раней мы заўсёды падымалі ўбачаную манетку, не праходзілі міма, як гэта часам бывае з цяперашнімі купюрамі дробных наміналаў. Знайсці капеечку (а лепш — больш!) заўсёды было прыемна — хоць у кішэні кашулі, хоць недзе на зямлі. Цікавасць выклікалі манеты, выпушчаныя да 1961 года, якія зрэдку траплялі ў рукі. Яны былі крыху іншымі, і мы шукалі гэтыя адрозненні: у гербе, манеры напісання наміналу, годзе выпуску... Я і зараз раз-пораз знаходжу савецкія манеткі. І, як і раней, заўсёды іх падымаю, — як напамін з далёкага дзяцінства...

Сяргей РАСОЛЬКА rs@zviazda.by

Іншыя матэрыялы рубрыкі "Узровень-40":

Ласункі далёкага дзяцінства…

Мае настаўнікі

Світанкі новага жыцця пад гукі вечна маладога вальса…

«Камкі», «мальвіны» і скураныя курткі з «ліхіх 90-х», або ад «Візітнай карткі пакупніка» і талонаў да валютных секцый

Пакаленне дэфіцыту, ці Што насілі і як выглядалі дзеці ў савецкія часы

Першы прыклад у жыцці

Даць бы многім чарнільную ручку…

Мае Арбузік і Бябешка, ці Як «Па­лес­кія ра­бін­зо­ны» ў па­ход ва­дзі­лі

Цацкі і забавы савецкага дзяцінства

Смаленне вепрука, або Чаго не ведае пакаленне-ХХІ

Бульба, яблыкі, каменне, або «Сельгасрамантыка» колішніх школьнікаў і студэнтаў

Верасень, які пахне драўнінай і сокам…

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.