Вы тут

Гравюрная дошка XVІІІ ст. у Гродзенскім музеі гісторыі рэлігіі


Гравюрную дошку XVІІІ стагоддзя «Маці Божая Ружанцовая» з адбіткам на паперы можна бачыць у Гродзенскім дзяржаўным музеі гісторыі рэлігіі.


Клішэ ўнікальнага ўзору заходнееўрапейскага мастацтва выканана малым фарматам у тэхніцы разцовай гравюры на медзі ў Аўгсбургу (Германія). Там існавала моцная школа сюжэтнай і арнаментальна-дэкаратыўнай гравюры, а ўзнікла гэтая тэхніка ў першай палове ХV стагоддзя ў ювелірных майстэрнях. Правяраючы выявы, нанесеныя на сярэбраныя ці залатыя пласціны, ювеліры рабілі адбіткі на паперы. З'явілася ідэя тыражаваць такія выявы. Заглыбленні гравюрнай пласціны пакрывалі фарбай і рабілі на станку адбіткі. Мастакі-рэзчыкі прыўнеслі ў гравюру жывапіс і зрабілі яе самастойным відам мастацтва.

— Друкаваныя аркушы графікі масава завозіліся на беларускія землі, дзе станавіліся праваднікамі заходнееўрапейскага выяўленчага мастацтва і атрымлівалі самабытную інтэрпрэтацыю, — кажа старшы навуковы супрацоўнік Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі Ігар ГАНЧАРУК.

Майстар разцовай гравюры працаваў карпатліва і павольна, бо не было ніякай магчымасці ўнесці істотныя выпраўленні. Таму патрабаваўся вялікі прафесіяналізм, які відаць і ў гэтым творы. Уражваюць падрабязна прапрацаваныя дэталі твараў з шырокай гамай пачуццяў, буйныя складкі адзення, якія свабодна аблягаюць постаці. Пры гэтым кампазіцыя адпавядае іканаграфічнай традыцыі. У цэнтры на аблоках паказана Маці Божая з Дзіцем Хрыстом, якая перадае ружанцы для чытання малітваў Святой Кацярыне Сіенскай і Святому Дамініку. Абаім святым, паводле царкоўнага падання, з'яўлялася Маці Божая і перадавала ім ружанец.

Асобнае свята ў гонар ружанца і Маці Божай Ружанцовай, аб чым сведчыць лацінскі надпіс унізе, было ўведзена 7 кастрычніка 1571 года ў сувязі з перамогай хрысціянскага флоту над туркамі пад Лепанта (сучасная Грэцыя). У гэты дзень у Рыме ружанцовае брацтва ўзносіла малітвы да Маці Божай, якая лічылася заступніцай хрысціянскага свету ад турэцкай пагрозы. Як падзяка за апякунства, гэты дзень назвалі ў гонар Маці Божай Пераможнай, а крыху пазней — Маці Божай Ружанцовай.

Ігар Ганчарук таксама звяртае ўвагу, што над выявай змешчаны тэкст з Апакаліпсісу, у якім узгадваецца коннік з шалямі ў руцэ. Па баках тэксту адлюстраваны шалі і іх задыякальная выява. Шалі — гэта дзясяты месяц года, якому ў Каталіцкай царкве прысвечаны ружанец. Такім чынам, перад намі алегарычная выява аднаго з 12 месяцаў года.

prakopchik@zviazda.by

Фота Яраслава ВАНЮКЕВІЧА

Загаловак у газеце: Выстава... адной гравюры

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.