Вы тут

«Звязда» завітала на «Млын» у пошуку крэатыву па-беларуску


На кірмашы вырабаў ручной работы ў выхадныя яблыку не было дзе ўпасці: пяцьсот майстроў з'ехаліся ў Мінск з усёй краіны, каб парадаваць тысячы пакупнікоў. Асабіста мяне ўсцешыла вялікая колькасць арыгінальных рэчаў з нацыянальным каларытам. Цацкі ў вышываных строях, ільняныя «кашулькі» для дакументаў, шляхетны керамічны сервіз з беларускімі сімваламі...  


Што тычыцца керамікі, яе на «Млыне», як заўсёды, было вельмі шмат. У асноўным у класічным стылі. Таму не дзіўна, што гліняныя вырабы Вікторыі САКАЛОЎСКАЙ з вёскі Вялікае Запруддзе Валожынскага раёна вылучаліся на агульным фоне. «Звычайна ганчары робяць посуд на ганчарным крузе, таму ён атрымліваецца роўнай формы, — расказвае Вікторыя. — Я ж ляплю рукамі, таму ў мяне кожны выраб непаўторны. Калі бяру кавалак гліны, спачатку сама не ведаю, што атрымаецца ў выніку. Ставіш на паліцу, праз нейкі час глядзіш і думаеш: «Ого!». Такое адчуванне, што Бог праз цябе стварае. Я карыстаюся прыроднымі фарбавальнікамі — альховымі шышкамі, шалупіннем цыбулі, ягадамі іргі. Абпаленую кераміку на пэўны час акунаю ў адвар, затым пакрываю пчаліным воскам».

Вікторыя прыехала на «Млын» разам з мужам і сябрамі-суседзямі, якія вырабляюць афрыканскія барабаны. «Пераязджайце жыць да нас, у Вялікае Запруддзе, — запрашае дзяўчына. — У нас там шмат творчай моладзі набылі дамы: рамеснікі, музыкі.

Я сама раней не надта моцна цаніла прыроду, бо ўсё дзяцінства правяла ў вёсцы. Але пасля таго, як тры гады пажыла ў Мінску, прыехала дадому, упала на зямлю і кажу: «Госпадзі, я больш ніколі не паеду жыць у горад».

Заўважыла, што вельмі шмат маладых рамеснікаў пераязджаюць жыць у вёску ці нават на хутар. Там, кажуць, найлепшыя ўмовы для творчасці. З іх ліку і Мікіта ЦЭХАНОВІЧ з Гродзенскай вобласці. Майстар прыехаў на «Млын» разам з маленькім сынам. Дарэчы, менавіта Дабрыня Мікіціч (так прадставіўся нам хлопчык) натхніў тату на стварэнне цудоўных дзіцячых качалак. «Калі Дабрыньку споўнілася два гады, мне захацелася падарыць яму коніка-качалку, бо ў мяне з гэтай цацкай звязаныя добрыя ўспаміны з дзяцінства. Можна было, вядома, набыць яе ў краме. Але захацелася зрабіць падарунак сваімі рукамі. Сябры і знаёмыя, калі ўбачылі маю драўляную качалку, сталі прасіць зрабіць і ім такія ж.

Спачатку рабіў конікаў, потым лосікаў, кітоў. А пасля падумаў: «А чаму б не зрабіць качалку ў выглядзе зубра? Мы ж у Беларусі жывём, як-ніяк».

Працуе Мікіта ў пары з мастаком. У аздабленні яны выкарыстоўваюць у тым ліку і элементы беларускага арнаменту. «Вось гэты — зорка роду, адзін з самых моцных ахоўных сімвалаў. Гэта цяпер нас прывучаюць да бессэнсоўных рэчаў. А раней не было дробязяў, кожны знак, які наносіўся на рэч, насіў пэўны сэнс. Нашы качалкі вельмі моцныя, разлічаны на некалькі пакаленняў. Яны нават мяне вытрымліваюць спакойна (дэманструе). Раней у кожным доме была такая штука. Людзі разумелі, што яна развівае вестыбулярны апарат дзіцяці, кардынацыю рухаў, мышцы; для псіхікі вельмі карысна, для выхаду негатыўнай энергіі».

У Наталлі ВАНЬКЕВІЧ з Гатава я некалькі гадоў таму набывала вокладку для пашпарта з «Вожыкам у тумане». На гэты раз маладая рамесніца парадавала новай распрацоўкай. Апошнюю называе вельмі цёпла — кашулькі на пашпарт. «Восенню прыйшла мне ідэя зрабіць ільняныя вокладкі з ручной вышыўкай. Спачатку зрабіла проста з арнаментам, потым падумала: «А чаму б не вышыць які-небудзь надпіс? Усё пачалося з жартаўлівай фразы «Хавайся ў бульбу». Потым з'явіліся: «Я беларус і тым ганаруся», «Шчасце ёсць». У мяне нядаўна дзіця нарадзілася, і для мяне шчасце — гэта сям'я. Менавіта таму на вокладцы я і вышыла сімвал моцнай сям'і. Неўзабаве мы з маёй калегай запускаем серыю майстар-класаў пад назвай «Вышый сабе шчасце». Будзем вучыць ахвотных вышываць з нуля. На выхадзе ў кожнага будзе такая цудоўная кашулька на пашпарт».

Пазнаёмілася я на «Млыне» і з дзвюма віцяблянкамі, якія актыўна выкарыстоўваюць беларускі арнамент у сваіх вырабах.

Вышывальшчыца ў трэцім пакаленні Марына ВОЛКАВА здзівіла льнянымі заплечнікамі: «Спачатку я рабіла звычайныя сумкі з вышыўкай. Моладзь падыходзіла і пыталася, ці няма падобных заплечнікаў. Такім чынам і падказалі мне новы кірунак для развіцця. Перш чым уключыць арнамент у работу, я вельмі шмат чытаю. У гэтых заплечніках выкарыстала адмысловыя сімвалы, якія засцерагаюць чалавека ў дарозе.

Хочацца ж не толькі зрабіць, але і блаславіць сваю рэч на жыццё. Бо ўсё, што створана рукамі, змяшчае энергетыку. Яна павінна быць станоўчай. Лён і вышыўка, лічу, — непадзельныя. Таму я яшчэ пачала рабіць ключніцы з арнаментам. У планах — інтэр'ерныя падушкі, касметычкі, ручнікі з нацыянальным каларытам. Я па прафесіі матэматык, але ў нейкі момант гены далі пра сябе знаць. Бабуля адпрацавала ўсё сваё жыццё вышывальшчыцай у арцелі ў горадзе Таруса Калужскай вобласці. Мая мама таксама працавала на гэтай фабрыцы. Яны вышывалі рукамі. Я ж да гэтага прыйшла, пражыўшы паўвека, але ў больш сучасным варыянце: машынная вышыўка, камп'ютарны дызайн, уласныя распрацоўкі».

Яшчэ адна рамесніца з Віцебска — Тамара ВОЛАХ — прадавала на «Млыне» рукавіцы з арнаментам. «Якія рукавіцы, на календары ж вясна!» — скажаце вы. Я таксама спярша так падумала, але Тамара Мікалаеўна параіла рыхтаваць сані летам... «Займаюся я рукавічкамі з 1982 года. Спачатку вязала іх ад фабрыкі мастацкіх вырабаў. Уладкавалася туды на працу, можна сказаць, ад безвыходнасці, каб агульны стаж не перарываўся, бо дзіця хваравітае было. Калі ж пайшла на пенсію, цалкам аддалася гэтай справе.

Памятаю, гадоў 5 таму на «Славянскім базары» прадавала рукавічкі розных колераў. Да мяне падышлі расіяне, пытаюцца: «Ці ёсць у вас штосьці нацыянальнае?». Я тады моцна на гэта не звяртала ўвагі, не задумвалася. Яны для мяне з'явіліся штуршком. Прыбегла дадому, знайшла грамату, якую мне ўручылі за добрую работу. На ёй быў прыгожы арнамент. Я ўзяла паперу ў клетку, пачала маляваць схему. Потым мне ў рукі трапілася кніга Міхаіла Кацара. Там фрагменты посцілкі ўбачыла, вырашыла, чаму б на рукавічку не пакласці?

Цяпер мне не сорамна перад іншаземцамі (усміхаецца): бачыце, колькі ў мяне тут рукавічак з нацыянальным каларытам? Вось на гэтых — бэзавых — Жыцень (усярэдзіне вяночак, а зверху каласочкі) — сімвал багацця, дабрабыту. А вось на гэтых зялёненькіх — вобраз роднай прыроды. Усе гэтыя знакі-абярэгі стварылі нашы продкі і мы павінны іх захаваць, прымножыць і вам, маладым, перадаць. Муж — мой верны сябар, падтрымлівае мяне і суправаджае на ўсіх кірмашах. Часам бурчыць крыху. Але кажу: «Валодзя, трэба боршч даварыць, пачысціць агародніну», ён не пярэчыць: «Ну што з табой зробіш, ты ж у нас фанатка, улюбёная ў сваю справу. Як жа табе адмовіш? (смяецца)».

— Вой, а што яны азначаюць?», — цікавіцца жанчына сярэдніх гадоў і паказвае на гадзіннікі, на якіх замест лічбаў розныя беларускія сімвалы. «Дык тут жа ўсё напісана», — падказвае іншая пакупніца і паказвае на расцяжку з тлумачэннем «Знакі-засцярогі беларускага арнаменту».

Рамеснік Алег СЯМЁНАЎ з Мінcка, які стварыў тыя цудадзейныя гадзіннікі з гіпсу, кажа, што яму хочацца, каб людзі не проста бяздумна набывалі сімвалы, а ведалі, што кожны абазначае. Я ж звярнула ўвагу на вышыты ручнік, які вісеў на стэндзе побач з тым гадзіннікам. «Ён не прадаецца, — ловіць мой погляд рамеснік. — Проста для аздаблення выкарыстаў, яму гадоў 200, бабуля вышывала». «Як было б цудоўна, каб такі гадзіннік з'явіўся ў доме кожнага беларуса», падумала я і прыхапіла з сабой візітоўку майстра. Разам з ёй з «Млына» я прывезла дадому гліняныя магніцікі з беларускімі сімваламі ў якасці сувеніраў замежным сябрам ды льняную «кашульку» для пашпарта ў падарунак мужу. Ён жа, у сваю чаргу, парадаваў мяне «вышыванкай» для пасведчання кіроўцы.

dryla@zviazda.by

Больш фотаздымкаў з кірмаша глядзіце тут

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Зубр-качалка, гадзіннік-абярэг ды «кашулька» на пашпарт

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.