Вы тут

Гаспадыня «вострава скарбаў»


— Ах, якая прыгажосць! — усклiкнула я, залюбаваўшыся вышыўкай адной з народных майстрых на Днi пiсьменства ў Барысаве.

— Вам падабаецца? Праўда?! — перапытала тая.

— Вельмi! — шчыра прызналася я, вачэй не могучы адвесцi ад твораў.

— А самi ж хто будзеце? — мiж тым цiкавiлася вышывальшчыца.

Хоць-нехаць я мусiла назвацца i...

— А маё ж вы сонейка! — усклiкнула майстрыха. — А як жа я люблю вас!.. Каб вы толькi ведалi! Па радыё заўсёды слухаю... I на табе — Бог даў сустрэцца!

Вось так, шчодра, па-беларуску аблашчыла мяне словамi Лiлiя Радзiвонаўна Зарэцкая, знаная майстрыха з вёскi Навасёлкi Пастаўскага раёна. Яна лiтаральна асвяцiла мяне святлом сваёй прамянiстай душы; сказала, што вельмi любiць лiтаратуру i асаблiва паэзiю, што вельмi ганарыцца трыццаццю кнiгамi з аўтографамi, у тым лiку — Генадзя Бураўкiна, Лiдзii Арабей, Сяргея Рублеўскага, Уладзiмiра Лiпскага...

Сярод мноства стракатых вышытых падушачак ды ручнiкоў, рознакаляровых дываноў, абрусаў i сурвэтак, сярод (зноў жа вышытых!) карцiн з цэрквамi, краявiдамi, звярамi i птушкамi яна здалася мне гаспадыняй сапраўднага «вострава скарбаў», якая за некалькi хвiлiн паспела, хоць коратка, ды расказаць пра сябе:

— Вышываю ўсё жыццё! Без iголачкi з нiтачкай жыць не магу! Маю шмат дыпломаў, узнагарод, член Саюза майстроў народнай творчасцi... А нарадзiлася ў 1941 годзе. У 39 засталася ўдавой... У мяне пяцёра дзетак, 10 унукаў... Працоўнага стажу 39 гадоў, 35 з iх адпрацавала на ферме... А вам, Валянцiнка, за вашы вершы я хачу падарыць падушачку. Выбiрайце — любую!..

Я з велiзарнай удзячнасцю прыняла падарунак — як сiмвал нашай сустрэчы.

З тых часоў яркая падушачка, якая заўсёды прыцягвае позiркi гасцей, стала ўпрыгажэннем майго дома. А з Лiлiяй Радзiвонаўнай мы час ад часу размаўлялi па тэлефоне, зрэдку я атрымлiвала ад яе лiсты, напiсаныя непаўторнай, вельмi вобразнай мовай, дзе было столькi жыццёвай мудрасцi, столькi цеплынi...

Другi раз мы сустрэлiся з гэтай цудоўнай жанчынай ужо на Днi пiсьменства ў горадзе Глыбокае. Яна з радасцю расказала мне пра новыя задумкi i творы.

— Колькi ж iх у вас? — спытала я.

— Галоўная праца — гэта «Дрэва майго роду», — сказала Лiлiя Радзiвонаўна. — На ёй прадстаўлена 90 чалавек (пачынаючы з 1830 года), 16 прозвiшчаў, 6 пакаленняў. I ў кожнага сямейнiчка — свой лiсточак на дрэве. Яго, гэтае дрэва, я буду вышываць, пакуль буду жыць... Яшчэ вышыла вялiкае палатно, прысвечанае беларускiм пiсьменнiкам-класiкам; карты свайго раёна i Беларусi... Дапамагала дачцэ Танi вышыць вялiкi абраз святога Тадэвуша для касцёла ў вёсцы Лучай, што на нашай Пастаўшчыне. Так старалася, што 35 дзён на вулiцу не выходзiла... Вышыла 8 абразоў свяцiцеля Мiкалая, 40 карцiн, 15 дываноў... А ўжо колькi ручнiкоў, абрусоў, навалак ды падушачак... Iх я раздарыла вельмi шмат: Надзеi Ермаковай, Iрыне Дарафеевай, Дзмiтрыю Калдуну, шмат-шмат каму, па ўсiм свеце... Наскубла яшчэ пер'я i пашыла сваiм сямейнiкам 16 пуховых коўдраў, пад сотню дыванкоў звязала... Я i сама не веру, што змагла ўсё гэта зрабiць...

З пяшчотай расказвала Лiлiя Радзiвонаўна пра любiмы занятак, пра дзяцей i ўнукаў, пра сонечную праўнучку Сонечку, потым распытала мяне пра творчасць i вельмi ўзрадавалася, атрымаўшы ў падарунак кнiгi вершаў.

— А я ж вам, Валянцiнка, таксама падарунак прывезла, — сказала яна. — Даўно яго задумала: каб у вас адной падушачцы сумна не было, я ёй парачку вышыла!.. Вось... Каго люблю, таму дару...

Пасля гэтых слоў у мяне ў руках аказалася яркая, незвычайна радасная падушачка, якая захоўвае святло шчодрай душы вышывальшчыцы...

Адзiн з паэтаў, якiя прыехалi ў складзе нашай дэлегацыi, убачыўшы гэтую прыгажосць у маiх руках i пачуўшы аповед пра два цудоўныя падарункi, жартаўлiва зрыфмаваў:

— Падушачкi — для душачкi!

Я абсалютна сур'ёзна адказала яму:

— У вашым вершы трэба замянiць прыназоўнiк i дадаць эпiтэт. «Падушачкi ад шчодрай душачкi» будзе дакладней, бо такiя добрыя, бескарыслiвыя людзi — вялiкая рэдкасць. А Лiлiя Радзiвонаўна Зарэцкая i наогул — адзiная i непаўторная.

Прайшоў час, i ў мяне нарадзiлiся радкi пра дабрыню, якой нябёсы могуць узнагароджваць чалавека. Гэтую якасць у людзях я цаню вышэй за ўсё, таму што менавiта яна, нароўнi з сонцам, сагравае i ратуе наш свет.

Дарующее сердце не стареет,

Итожит правду, отвергает лесть.

И добрые глаза глядят добрее,

Мир делая добрее, чем он есть.

Живительный родник не убывает.

Пожизненные истины просты.

И ничего на свете не бывает

Сильней и неподкупней доброты.

Валянцiна ПАЛІКАНІНА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.