Вы тут

Хто інфармаваны, той узброены


Маніторынг навакольнага асяроддзя ўжо больш за паўстагоддзя дапамагае выяўляць радыеактыўнае ўздзеянне на тэрыторыі нашай краіны.


Су­пра­цоў­нік Гід­ра­ме­та пра­во­дзіць га­ма-спектра­мет­рыч­ны ана­ліз на мяс­цо­вас­ці.

Хто за гэтым сочыць?

Радыяцыйны маніторынг — гэта сістэма рэгулярных працяглых назіранняў для ацэнкі стану радыяцыйнага становішча, а таксама прагнозу змены яго ў будучыні. Ён праводзіцца для назірання за натуральным радыяцыйным фонам, становішчам у раёнах уздзеяння патэнцыйных крыніц радыеактыўнага забруджвання, у тым ліку для ацэнкі трансгранічнага пераносу радыеактыўных рэчываў, за радыеактыўным забруджваннем атмасфернага паветра, глебы, паверхневых вод на тэрыторыях, якія падвергліся забруджванню ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Сістэма кантролю радыеактыўнага забруджвання ў Рэспубліцы Беларусь мае тры ўзроўні:

— рэспубліканскі (МНС, Мінздраў, Мінпрыроды і Дзяржстандарт);

— ведамасны (Мінсельгасхарч, Мінлясгас, Мінжылкамгас, Мінэнерга, Белкаапсаюз, Белдзяржхарчпрам, Беллеспаперапрам, ДВА «Белпалгаз» і інш.);

— вытворчы (рэгіянальныя ветстанцыі, аграхімлабараторыі, прадпрыемствы пякарнай галіны, лясгасы, водаканалы, прадпрыемствы жыллёва-камунальнай сферы, электрычныя сеткі, рэгіянальныя спажывецкія таварыствы, торфапрадпрыемствы і інш.).

Галаўной арганізацыяй па вядзенні радыяцыйна-экалагічнага маніторынгу ў рамках Нацыянальнай сістэмы маніторынгу навакольнага асяроддзя (НСМНА) з'яўляецца Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя (Гідрамет).

Японскі след

Аварыя на АЭС «Фукусіма-1», якая адбылася ў сакавіку 2011 года, уразіла сваёй маштабнасцю жыхароў Японіі і ўсяго свету. Водгулле гэтай радыяцыйнай трагедыі дайшло і да Беларусі.

У сакавіку-красавіку 2011 года фільтравентыляцыйныя ўстаноўкі і высокаадчувальнае вымяральнае абсталяванне, існуючае ў сетцы радыяцыйнага маніторынгу атмасфернага паветра, зафіксавалі ёд-131, а таксама ізатопы цэзію-134,137 у пробах аэразоляў. З'яўленне гэтых радыенуклідаў было абумоўлена іх далёкім паветраным пераносам у атмасферы.

Але, на шчасце, вынікі разліку, праведзеныя Мінздравам Беларусі, паказалі, што дозы апрамянення шчытападобнай залозы, разлічаныя для крытычнай групы насельніцтва (дзеці), былі ў мільёны разоў меншыя за крытэрый для правядзення мерапрыемстваў па абароне шчытападобнай залозы пры аварыях (блакіравання шчытападобнай залозы) і не выклікалі пагрозы для здароўя насельніцтва краіны.

Калі «прачнуўся» атам

Пра небяспеку радыяцыі актыўна загаварылі з сярэдзіны ХХ стагоддзя, калі ў свеце пачаліся масавыя выпрабаванні ядзернай зброі. У выніку вялікая колькасць радыеактыўных рэчываў, у тым ліку даўгавечных, трапіла ў верхнія слаі атмасферы, а затым выпала ў розных частках зямнога шара. Гэты факт абумовіў стварэнне першых сістэм назірання за радыеактыўнасцю навакольнага асяроддзя.

У Беларусі вымярэнні магутнасці дозы гама-выпраменьвання (МД) на сетцы гідраметэаралагічных станцый пачалі праводзіць з 1963 года. Праз некаторы час былі ўведзены пункты назірання за радыеактыўнымі ападкамі з атмасферы (адбор спроб выконваецца з дапамогай гарызантальных планшэтаў). Адказнасць за правядзенне радыяцыйнага маніторынгу была ўскладзена на Белгідрамет, які ўваходзіў у склад Дзяржаўнага камітэта па гідраметэаралогіі СССР.

Да 1986 года кантроль радыеактыўных ападкаў з атмасферы з выкарыстаннем гарызантальных планшэтаў праводзіўся ў 8 пунктах назіранняў (Баранавічы, Брэст, Віцебск, Гомель, Гродна, Мінск, Магілёў і Пінск). Дзеючая сетка радыяцыйнага маніторынгу і дазволіла ацаніць дынаміку ўзроўняў магутнасці дозы гама-выпраменьвання і канцэнтрацыі ёду-131 і цэзію-137 у пунктах назіранняў у першыя дні пасля катастрофы на ЧАЭС.

Сёння спецыялісты гавораць пра эфектыўнасць створанай у краіне сістэмы вывучэння міграцыі радыенуклідаў у навакольным асяроддзі (вадзе, паветры, глебе). На забруджванне цэзіем-137 і стронцыем-90 правераны ўсе населеныя пункты краіны, а таксама лясныя і сельскагаспадарчыя ўгоддзі. У Гідрамеце функцыянуе аўтаматызаваны банк радыяцыйнага забруджвання, які забяспечвае аператыўны аналіз, прагноз радыяцыйнага становішча і падрыхтоўку лічбавых карт на базе ГІС-тэхналогій.

Атрыманыя даныя дазваляюць гаварыць пра паступовае паляпшэнне радыяцыйнага становішча ў краіне. У параўнанні з 1986 годам, плошча зон радыеактыўнага забруджвання зменшылася амаль удвая і сёння складае 13,4% тэрыторыі краіны (у 1986-м — 23%).

Пе­ра­соў­ная ра­дые­ла­гіч­ная ла­ба­ра­то­рыя.

Што маем сёння

Чарнобыльская катастрофа адзначыла важнасць і неабходнасць падтрымання высокага ўзроўню нацыянальнай сістэмы рэагавання на магчымыя надзвычайныя сітуацыі радыяцыйнага характару.

У краіне працуе 45 пунктаў назірання, на якіх вымяраецца магутнасць дозы гама-выпраменьвання. На 27 пунктах назіранняў ажыццяўляецца адбор проб радыеактыўных ападкаў з прыземнага слоя атмасферы. На сямі пунктах назіранняў (Браслаў, Гомель, Мінск, Магілёў, Мазыр, Мсціслаў, Пінск) адбіраюцца пробы радыеактыўных аэразоляў у прыземным слоі атмасферы.

Радыяцыйны маніторынг паверхневых вод праводзіцца на рэках, якія працякаюць па забруджаных у выніку аварыі на ЧАЭС тэрыторыях: Дняпры (г. Рэчыца), Прыпяці (г. Мазыр), Сожы (г. Гомель), Іпуці (г. Добруш), Бесядзі (в. Свяцілавічы), Ніжняй Брагінцы (в. Гдзень). У зоне ўплыву Ігналінскай АЭС аб'ектам назіранняў з'яўляецца возера Дрысвяты (в. Дрысвяты).

Ад­бор проб ра­дые­ак­тыў­ных аэ­ра­зо­ляў ат­мас­фер­на­га па­вет­ра на тэ­ры­то­рыі Па­лес­ка­га за­па­вед­ні­ка.

Вельмі ўважліва спецыялісты Гідрамета назіраюць і за радыяцыйным становішчам паблізу атамных электрастанцый краін-суседзяў, размешчаных бліжэй за 100 км ад беларускай мяжы — літоўскай Ігналінскай АЭС (4 км ад мяжы), украінскімі Чарнобыльскай (12 км) і Ровенскай АЭС (65 км) і расійскай Смаленскай АЭС (75 км).

У зоне назіранняў гэтых атамных электрастанцый дзейнічаюць чатыры аўтаматызаваныя сістэмы радыяцыйнага кантролю (АСРК), якія ўключаюць 26 аўтаматычных пунктаў вымярэнняў. Важным элементам гэтай сістэмы з'яўляюцца перасоўныя радыелагічныя лабараторыі, прызначаныя для аператыўнага адбору проб навакольнага асяроддзя і правядзення хуткіх аналізаў на месцы ці паблізу месца аварыі.

Беларуская АЭС — новы этап нацыянальнай сістэмы радыяцыйнага маніторынгу

Будаўніцтва ў Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці Беларускай АЭС стала новым этапам у развіцці сістэмы радыяцыйнага маніторынгу. У раёне размяшчэння атамнай станцыі сёння ствараецца найбуйнейшая і самая сучасная ў краіне аўтаматызаваная сістэма кантролю радыяцыйнага становішча новага тэхналагічнага пакалення. На гэтай тэрыторыі ўжо арганізаваны радыяцыйна-экалагічны маніторынг аб'ектаў навакольнага асяроддзя.

У зоне Беларускай АЭС прадугледжваецца ўстанавіць каля 20 аўтаматычных пунктаў вымярэнняў (АПВ). Цяпер доследную эксплуатацыю праходзіць сістэма АСКРС, якая ўключае тры пункты назіранняў (АПВ «Гервяты», АПВ «Міхалішкі» і АПВ «Тракенікі»).

Інфармацыя з АПВ перадаецца ў бесперапынным рэжыме ў цэнтры рэагавання. Сістэма забяспечвае збор і апрацоўку даных пра ўзроўні магутнасці дозы гама-выпраменьвання і метэаралагічных даных (тэмпературы, хуткасці і кірунку ветру, ападкаў). Выконваецца бесперапынны радыяцыйны кантроль навакольнага асяроддзя, а грамадскасць інфармуецца пра радыяцыйны стан АЭС і раёна яе размяшчэння.

Комплекс АСКРС плануецца пашырыць і даабсталяваць спектраметрычнымі датчыкамі новага пакалення, якія дазваляюць вымяраць ізатопны склад гама-выпраменьвальных радыенуклідаў. Сучасныя тэхналогіі, якія выкарыстоўваюцца на АСКРС, стануць асновай пры стварэнні Адзінай дзяржаўнай аўтаматызаванай сістэмы радыяцыйнага кантролю тэрыторыі краіны.

Сур'ёзную падтрымку ў развіцці беларускай сістэмы маніторынгу радыеактыўнага забруджвання навакольнага асяроддзя аказвае і МАГАТЭ — Мінжнароднае агенцтва па атамнай энергіі. Нядаўна беларускі Гідрамет атрымаў грант на ажыццяўленне праекта «Мадэрнізацыя і пашырэнне сеткі атмасфернага радыяцыйнага маніторынгу» на суму каля 160 тыс. еўра. На гэтыя сродкі набыта ўнікальнае абсталяванне па радыяцыйным кантролі, якое сёння выкарыстоўваецца ў практыцы радыевымярэнняў.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.