Вы тут

Эксперты акрэслілі асноўныя праблемы водна-балотных ўгоддзяў краіны


Натуральныя балоты ці балоты са слаба парушаным гідралагічным рэжымам у Беларусі складаюць 863 тысячы гектараў. 26 такіх прыродных аб’ектаў маюць статус водна-балотных угоддзяў сусветнага значэння, у тым ліку чатыры іх з’яўляюцца часткамі трансгранічных ВБУ. Як захоўваецца і выкарыстоўваецца ў краіне гэты каштоўны рэсурс?


Захаваць біяразнастайнасць на балотах - адна з галоўных задач.

Курс на аднаўленне

Дзяржаўная палітыка ў вобласці аховы водна-балотных угоддзяў пачала фарміравацца ў канцы 1990-х — пачатку 2000-х гадоў, калі Беларусь далучылася да Рамсарскай канвенцыі, ці Канвенцыі аб водна-балотных угоддзях. За гэты час былі распрацаваны і зацверджаны Стратэгія захавання і рацыянальнага (устойлівага) выкарыстання тарфянікаў і Схема размеркавання тарфянікаў па напрамках выкарыстання на перыяд да 2030 года. Лагічным працягам стаў Закон «Аб ахове і выкарыстанні тарфянікаў», прыняты ў 2019 годзе.

Паводле слоў начальніка ўпраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Мікалая Свідзінскага, водна-балотныя ўгоддзі дапамагаюць захоўваць да 40 % сусветнай папуляцыі вяртлявай чаротаўкі, 10 % вялікага падворліка і 3 % дупеля, а таксама шмат відаў жывёл і раслін, уключаных ў Чырвоную кнігу Беларусі. 

Пры гэтым, як адзначыў загадчык сектара міжнароднага супрацоўніцтва і навуковага суправаджэння прыродаахоўных канвенцый Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах Аляксандр Казулін, беларускія балоты даволі хворыя. На многіх з іх парушаны гідралагічны рэжым, што патрабуе дадатковых мер па яго аднаўленні.

У нашай краіне праведзена значная работа ў гэтым кірунку. Так, за апошні час рэабілітацыя парушаных тарфянікаў прайшла на балотах Бярозавік (4,5 тыс. га) і Жада (4,7 тыс. га) на паўночным захадзе краіны. На плошчы 2,1 тыс. га пачалося аднаўленне чатырох балот і ў Гомельскай вобласці. У хуткім часе таксама ў Хойніцкім раёне ў рамках Праграмы малых грантаў Глабальнага экалагічнага фонду плануецца завяршыць работы па забалочванні тарфяніку Аўраамаўскае плошчай каля 1000 га. Усяго ж у выніку рэалізацыі падобных праектаў у Беларусі былі ўжо адноўлены 67 тыс. га балот. Рэабілітацыя яшчэ каля 200 тыс. га прапісана ў перспектыўным плане, складзеным навукоўцамі.

Каштоўны рэсурс і крыніца выкідаў

Водна-балотныя ўгоддзі з’яўляюцца не толькі прыроднай скарбніцай, але асновай важнага рэсурсу — высокаўрадлівых зямель. Дырэктар Інстытута меліярацыі НАН Беларусі Аляксандр Анжанкоў лічыць, што трэба раздзяляць тэрыторыі, якія патрабуюць захавання, і астатнія, прыдатныя для выкарыстання ў эканоміцы.

— Для каля 20 раёнаў краіны доля меліяраваных зямель складае больш за 50 % тэрыторыі. І калі ў іх забраць прыродны рэсурс, гэта прывядзе да істотнага зніжэння аграрнай вытворчасці і эканамічных праблем, — адзначыў ён.

Добрая інфраструктура дазволіць прыцягнуць турыстаў.

— Ніхто не ставіць сабе мэтай перабудову структуры зямель, — запэўніў намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф. Купрэвіча Дзмітрый Грумо. — Важна даваць ацэнку рызык, які нясе тая ці іншая дзейнасць.

Навуковец расказаў, што на поўдні краіны сфарміраваўся «пажарны пояс», дзе практычна ўсе раёны з’яўляюцца рэкардсменамі па пажарах за апошнія 20 гадоў. Нагадаем, што менавіта тэрыторыя Палесся масава асушалася ў савецкія часы. З-за пагаршэння гідралагічнага рэжыму і зніжэння ўзроўня грунтавых вод адбываецца і ўсыханне лясоў.

Ён таксама прывёў прыклад выкарыстання Альманскіх балот — трансгранічнай тэрыторыі міжнароднага значэння. Калі падлічыць кошт гэтага прыроднага комплексу, то 12 % складае лес на пні, больш за 60 % прыходзіцца на экасістэмныя паслугі, звязаныя з воднымі рэсурсамі, а 5 % «зарабляюць» журавіны. Значыць, за тры гады ўраджай ягад можа акупіць вядзенне лясной гаспадаркі на гэтай тэрыторыі.

— Мы павінны ўлічваць гэтыя магчымасці і знаходзіць кампраміс паміж эканомікай і захаваннем такіх тэрыторый, — упэўнены вучоны. — І калі тэрыторыя не дае эканамічнага эфекту, трэба пераводзіць яе ў іншы зямельны фонд і праводзіць яе рэабілітацыю.

Яшчэ адну праблему, якую выклікаюць асушаныя тарфянікі, назваў Аляксандр Казулін. Нягледзячы на вялікую колькасць водна-балотных угоддзяў, якія лічацца захавальнікамі вугляроду, Беларусь знаходзіцца ў лідарах па выкіду парніковых газаў з адзінкі плошчы. Прычына — у няправільным выкарыстанні тарфяных глеб у сельскай гаспадарцы. У нашай краіне забаронена вырошчваць на такіх тэрыторыях прапашныя культуры — толькі шматгадовыя травы. Але гэта забарона практычна паўсюль парушаецца, што цягне за сабой наступствы — зніжаецца ўзровень грунтавых вод, тарфяны слой глебы хутка выветрываецца, саступаючы месца пяскам.

Выкарыстоўвай разумна

Рацыянальны падыход да выкарыстання рэсурсаў балот і іншых водна-балотных угоддзяў — важная ўмова іх захавання, лічыць загадчык лабараторыі біягеахіміі і аграэкалогіі Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі Вячаслаў Раковіч. Так, торф быў і застаецца важным рэсурсам краіны. Але яго можна выкарыстоўваць не толькі як паліва, але і як сыравіну для вытворчасці самых розных тавараў. Цяпер вучоныя Інстытута прыродакарыстання працуюць над стварэннем з торфу абсарбентаў, угнаенняў, стымулятараў росту. Пры гэтым яны імкнуцца мінімальна выкарыстоўваць торф, але атрымліваць з яго больш дарагую прадукцыю.

Самі ж водна-балотныя комплексы сёння не проста каштоўныя прыродныя аб’екты, але і крыніца даходу, самазанятасці для мясцовага насельніцтва. Сюды можна аднесці збор ягад і грыбоў, а таксама развіццё экалагічнага турызму. Дзякуючы гэтаму з’яўляюцца аграсядзібы, праводзяцца экафестывалі, развіваецца праца рамеснікаў.

Аляксандр Казулін упэўнены: захаваць прыроду, водна-балотныя ўгоддзі ў добрым стане можна толькі тады, калі гэтым пачнуць займацца на месцах, людзі, якія там жывуць.


  • З 2,5 млн га балотаў, якія існавалі ў нашай краіне ў ХІХ стагоддзі, у натуральным стане сёння захаваліся толькі 863 тысячы гектараў.
  • З 1960-х гадоў у выніку мінералізацыі з балотаў знікла каля 7 мільярдаў тон вады. Столькі ж яе ўтрымліваецца ва ўсіх азёрах Беларусі.
  • 2 лютага адзначаецца Сусветны дзень водна-балотных угоддзяў.

Вераніка КОЛАСАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.