Першы цягнік з будаўнічымі матэрыяламі з Кітая для Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень» прыбыў на сталічную грузавую таварную станцыю Калядзічы. Такім чынам, распрацаваны спецыялістамі трансгранічны транспартны калідор па сучасным «Шоўкавым шляху» пачаў дзейнічаць, паведаміў на цырымоніі прыбыцця цягніка з Паднябеснай у нашу краіну дырэктар «Чайна Мерчантс Груп», генеральны прадстаўнік прадстаўніцтва «Чайна Мерчантс Груп» у раёнах Цэнтральнай Азіі і Балтыі Ху Чжэн.
Паводле яго слоў, матэрыялы, якія прыбылі ў Беларусь з Кітая, прызначаны для ўзвядзення камерцыйнага і лагістычнага цэнтраў кампаніі «Чайна Мерчантс Груп» — рэзідэнта парка «Вялікі камень». У большасці гэта металаканструкцыі.
Спадар Ху Чжэн патлумачыў, што на будаўніцтва першай чаргі адзначаных цэнтраў неабходна 9 тысяч тон металаканструкцый. Эксперты кампаніі вырашылі купіць у беларускіх вытворцаў каля 5,5 тысячы тон такіх канструкцый, а таксама прывезці з Кітая прыкладна 3,5 тысячы тон падобных грузаў. Ужо ўчора першы эксперыментальны цягнік новага трансгранічнага калідора даставіў у Беларусь 41 кантэйнер з 800 тонамі металаканструкцый. «Цягнік адправіўся з паўночнай правінцыі Кітая Хэбэй і прыбыў у Мінск. Ён праехаў праз Кітай, Казахстан, Расію і Беларусь. Гэта стала сапраўды трансгранічнай дастаўкай аб'ёмістых грузаў на вялікія адлегласці. Цягнік ехаў 16 сутак. Калі ажыццяўляць дастаўку морам, то спатрэбіцца як мінімум 45 сутак», — растлумачыў Ху Чжэн.
«Гэта значная падзея, — упэўнены дырэктар кампаніі, — бо ўпершыню грузы, прызначаныя для будаўніцтва індустрыяльнага парка «Вялікі камень», наўпрост прыбылі ў Мінск з Кітая». А яшчэ Ху Чжэн высока ацаніў працу Беларускай чыгункі і мытных службаў Беларусі.
«Беларускія спецыялісты паказалі высокую кампетэнтнасць і прафесіяналізм у прыёме грузу, забяспечылі якаснае абслугоўванне. Дзяржаўны мытны камітэт таксама аказаў вялікае садзейнічанне нашай працы і аператыўна ажыццявіў мытнае афармленне, забяспечыў хуткую растаможку і прыём грузаў», — паведаміў кіраўнік кітайскага прадпрыемства.
Ён выказаў надзею, што па меры развіцця індустрыяльнага парка «Вялікі камень» усё больш і больш грузаў будуць дастаўляцца менавіта чыгункай. Тут спадзяюцца, што кошт кантынентальнай транспарціроўкі будзе паступова памяншацца. Гэтаму павінна паспрыяць і больш поўная загрузка транспартнага кантэйнернага калідора ў два бакі, у тым ліку за кошт грузаў з беларускай прадукцыяй у Кітай.
Спецыялісты кампаніі «Чайна Мерчантс Груп» разлічваюць, што гандлёва-лагістычны субпарк у Кітайска-беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень» цалкам пачне дзейнічаць ужо ў наступным годзе. У цэлым інвестыцыі гэтай кампаніі ў праект складуць 500 млн долараў, а агульная плошча субпарка будзе дасягаць аднаго квадратнага кіламетра.
Менавіта ў дзень прыбыцця першага прамога грузавога цягніка з правінцыі Хэбэй, на станцыі Калядзічы адразу шэраг кампаній з Беларусі і Кітая падпісалі пратаколы аб намеры выкарыстоўваць склад захоўвання, выставачны і бізнес-цэнтр ЗАТ «Чайна Мерчантс СіЭйчЭн-БіЭлАр Камерцыйная і Лагістычная Кампанія», якія будуць пабудаваны ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень».
На цырымоніі прысутнічаў і намеснік міністра эканомікі Беларусі, часовы кіраўнік дзяржаўнай установы «Адміністрацыя Кітайска-беларускага парка» Індустрыяльны парк «Вялікі камень» Аляксандр Ярашэнка, які ўпэўнены, што кампанія «Чайна Мерчантс Груп» з'яўляецца сёння галоўным рэзідэнтам парка з пункту гледжання развіцця транспартнай лагістыкі.
Паводле яго слоў, падпісанне пратаколаў аб намеры выкарыстоўваць склад захоўвання, выставачны і бізнес-цэнтр гэтай кампаніі з'яўляецца ключавой падзеяй у развіцці парка. «Прыемна адзначыць, што сярод кампаній, якія падпісалі пратаколы, ёсць і беларускія. Напрыклад, шклозавод «Нёман». Мы чакаем, што такое супрацоўніцтва дазволіць прадпрыемству значна скараціць выдаткі пры пастаўках сваёй прадукцыі ў далёкае замежжа», — сказаў Аляксандр Ярашэнка.
Дарэчы
Нашы вытворцы гатовы выйсці на кітайскі рынак па новай лагістыцы
Шклозавод «Нёман» стаў адным з першых прадпрыемстваў нашай краіны, які яшчэ летась пачаў актыўна супрацоўнічаць з камерцыйнай кампаніяй «Чайна Мерчантс Груп» па лініі паставак сваёй прадукцыі на кітайскі рынак.
Начальнік упраўлення па продажы шклопрадукцыі на экспарт завода «Нёман» Аксана АПАНАСЕНКА паведаміла рэдакцыі, што першыя кантакты з гэтай кампаніяй іх прадпрыемства пачало наладжваць яшчэ ў сярэдзіне мінулага года. «З іх дапамогай мы ўжо адправілі адзін кантэйнер беларускага хрусталю ў Кітай. Пасля падпісання пратакола аб намеры супрацоўніцтва мы разлічваем, што спецыялісты гэтай кампаніі будуць і надалей дапамагаць нам прадаваць нашу прадукцыю ў гэту краіну», — расказвае Аксана Апанасенка.
— Першы кантэйнер ад вас у Паднябесную быў адпраўлены марскім шляхам?
— Так. Эксперыментальная пастаўка нашага хрусталю на суму каля 30 тысяч долараў была адпраўлена на поўдзень Кітая ў горад Шэньчжэнь. Зразумела, што пастаўкі па моры значна таннейшыя, чым па сушы, але ажыццяўляюцца яны даволі працяглы час. Наш кантэйнер прыбыў на месца толькі праз два месяцы. Агучаная ў Калядзічах лагістыка новага транспартнага калідора (15—16 сутак) робіць камерцыйныя пастаўкі сапраўды аператыўнымі. Між іншым, у далёкае замежжа (Чылі, ЗША) асобныя тэрміновыя заказы мы дастаўлялі нават авіятранспартам. Таму мы будзем разглядаць перспектыву паставак беларускага хрусталю і па чыгунцы.
— Якія ў вас планы па развіцці гэтага кітайскага напрамку?
— Мы яго толькі пачынаем развіваць, але ўжо цяпер можна адзначыць адкрытую цікавасць да нашай прадукцыі з боку кітайскага кіраўніцтва і спецыялістаў кампаніі. Непасрэдна беларускі хрусталь толькі днямі трапіў у кітайскія крамы. Калі на наш тавар там будзе попыт, то мы атрымаем сур'ёзнага пакупніка. А рынак Кітая вельмі вялікі, наш завод можа адшукаць сваю нішу. Калі справа пойдзе ўгору, то мы гатовы накіроўваць туды больш аб'ёмныя пастаўкі.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?