Вы тут

На подступах да Мінска


Разам з удзельнікам вызвалення Аляксандрам Фенем карэспандэнты «Звязды» прайшліся па мясцінах, дзе больш як сем дзесяцігоддзяў таму разгарнуліся баі за нашу сталіцу.


За акном аўтобуса праплываюць зялёныя ўскраіны Мінска і генерал-маёр Аляксандр Фень успамінае, як выглядалі гэтыя мясціны щ дні вызвалення Беларусі.

Тут, на ўзлеску каля Астрашыцкага Гарадка, у перадсвяточныя ліпеньскія дні не толькі спявалі птушкі ды стракацелі конікі. Бадай што ніколі (калі не лічыць мінулы год) на гэтай лясной паляне не гучаў гімн Беларусі, марш «Развітанне славянкі» ды знакаміты «Дзень Перамогі» ў выкананні ваеннага аркестра. У ліпені 1944-га тут былі іншыя гукі. Страшныя гукі...

Ужо столькі гадоў прайшло, але яны назаўжды застануцца ў памяці ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Аляксандра Феня. Гэтая паляна для яго святая. Менавіта тут, непадалёк ад Астрашыцкага Гарадка, 72 гады таму разгарнуліся жорсткія баі за вызваленне Мінска. У эпіцэнтры тых падзей быў і ён — тады старшы лейтэнант, начальнік штаба танкавага батальёна 31-й танкавай брыгады.

Ужо другі год запар 92-гадовы (!) ветэран арганізоўвае паездку сюды, дзе змагаліся і гінулі яго баявыя таварышы, дзе жыццё яго самога вісела на валаску. І кожны раз Аляксандр Фёдаравіч расказвае нешта новае. Сёлета, напрыклад, па дарозе да сімвалічнага для ветэрана месца мы спыняліся тройчы. На тэрмометры зашкальвала за 30, а мы, прагна ловячы кожнае слова франтавіка, крочылі за ім, каб даведацца, як ішлі баі за беларускую сталіцу.

Старыя танкі каля Кургана Славы нагадваюць пра далёкія баі.

Прыпынак № 1

Мы яшчэ не выехалі з Мінска, як аўтобус спыніўся. Тут, у раёне Дзіцячай чыгункі, у 1944 годзе праходзіла мяжа горада.

— За тры-чатыры кіламетры адсюль знаходзілася забалочаная мясцовасць, праз якую былі пракладзены дарожкі, — расказвае ветэран. — Менавіта па іх 19-я гвардзейская танкавая брыгада і 2-я гвардзейская мотастралковая брыгада 3-га гвардзейскага танкавага корпуса наступалі на Мінск пасля таго, як пераадолелі супрацьтанкавы роў, да якога выйшлі 2 ліпеня 1944 года. Завязаўся агнявы бой. На працягу ночы разам з сапёрным батальёнам 23-га гвардзейскага танкавага корпуса вайскоўцы зрабілі праходы, якія былі гатовы прыблізна ў 6 раніцы 3 ліпеня.

На світанку ўздоўж вуліцы Захар'еўскай (сучасны праспект Незалежнасці) пачалося наступленне. З неба савецкія войскі падтрымлівала авіяцыя.

Удзельнік вызвалення Мінска генерал-маёр Аляксандр Фень.

— 1 ліпеня 1944 года быў вызвалены Барысаў, — працягвае Аляксандр Фень. — Наш батальён і перадавы разведвальны ўзвод Гарачава пачалі перапраўляцца цераз Бярэзіну, як наляцела нямецкая авіяцыя. Два пантоны былі разбіты. Мы з камандзірам батальёна па прозвішчы Туз пабеглі наперад, каб даведацца, у чым справа. Пакуль мы дамаўляліся, па якім сігнале пачаць рух, раптам пад'язджае чорны легкавы аўтамабіль. Выходзіць чалавек у чорным камбінезоне росту вышэй сярэдняга. Мы бягом да яго (на фронце ніхто на легкавых аўтамабілях не ездзіў). Прадставіліся. У адказ пачулі: «Маршал Савецкага Саюза Васілеўскі». Некалькі пытанняў — і атрымалі задачу: праз пяць хвілін быць на іншым беразе.

Ён і сёння дакладна памятае кожную дэталь баявой аперацыі.

Прыпынак № 2

Мы стаім непадалёк ад шашы ў раёне Кургана Славы. Гэта зараз тут прыгожая асфальтаваная дарога. Тады ж, улетку 1944-га, танкісты 3-га танкавага корпуса 5-й танкавай арміі трымалі курс на Мінск па гравійцы. Сярод іх быў і Аляксандр Фень.

— Наша танкавая брыгада павінна была ісці ўздоўж рачулкі: не памятаю, Усвейка ці як яна называлася, — гаворыць ветэран. — Было загадана выехаць на гэтую дарогу і па ёй рушыць на Астрашыцкі Гарадок. Камандзір батальёна параніў нагу, камандаванне перадаў мне. Я сеў на яго месца і даў каманду: «Уперад!» На вялікай хуткасці прайшлі міма Смалявічаў. Немцы спрабавалі прымяніць гарматы, былі бачны аўтаматчыкі, але ні аднаго стрэлу з іхняга боку не паступіла. Так дайшлі да Астрашыцкага Гарадка. Ключавую ролю ў гэтым сыграў разведдазор малодшага лейтэнанта Маторына.

Недалёка ад Кургана Славы ветэран расказаў, як тут ішлі у наступленне танкі з чырвонымі зоркамі на брані.

Прыпынак № 3

Мы спыніліся пры ўездзе ў Астрашыцкі Гарадок. Менавіта тут 3 ліпеня 1944 года адбыліся падзеі, якія атрымалі ўвасабленне ў інсталяцыі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны «Танкавы таран». Аляксандр Фень, яго непасрэдны сведка, быў кансультантам у падрыхтоўцы інсталяцыі. Сёння на гэтым месцы ён расказвае, як тое адбылося.

— На досвітку 3 ліпеня экіпаж малодшага лейтэнанта Аляксандра Маторына тараніў самаходную ўстаноўку ворага «Фердынанд», — успамінае ветэран. — Калі вызвалілі Астрашыцкі Гарадок, гэты «Фердынанд» спрабаваў перагарадзіць шлях нашай брыгадзе. Экіпаж Маторына мы ўперад адправіць не маглі: пасля знішчальнага ўдару танкістам трэба было прыйсці ў сябе. Экіпаж рухаўся трэцім. Наперадзе ішоў экіпаж малодшага лейтэнанта Зайца. Па дарозе на Радашковічы натрапіў на нямецкую «Пантэру». Напэўна, экіпаж фашысцкай машыны спаў, бо Заяц сходу знішчыў яе. Восем кіламетраў баявы дазор прасоўваўся па гэтай дарозе і выйшаў вось на гэтую паляну.

Пад высокімі старымі хвоямі стаіць помнік гераічнаму камсамольскаму экіпажу.

Прыпынак № 4

Мы на легендарнай паляне пад вёскай Маркаўшчына. Сёння аб подзвігу воінаў 31-й танкавай брыгады, якія загінулі за некалькі гадзін да вызвалення Мінска, нагадвае помнік і мемарыяльная дошка, якая па ініцыятыве ветэрана і пры падтрымцы мясцовай улады з'явілася тут летась. Нас сустракаюць ваенны аркестр 30-й асобнай чыгуначнай брыгады, салдаты 65-й аўтамабільнай брыгады. У гонар загінуўшых герояў праходзіць мітынг-рэквіем.

Аляксандр Фень успамінае трагічныя падзеі таго дня: «Наперадзе рухаўся танкавы экіпаж малодшага лейтэнанта Зайца. Дайшоў да гэтага месца і пачаў разварочвацца ў напрамку вёскі Бяларучы. За ім ішоў танк Гарачава, за вежай якога сядзеў я. Толькі мы сюды выйшлі, як нямецкія танкі зрабілі тры выстралы. Нашы танкі ўспыхнулі. Маторын меў права даць каманду выскачыць з палаючага танка, але гэтага не зрабіў. Убачыўшы, адкуль страляюць немцы, даў каманду зараджальшчыку — і з яго ахопленага полымем танка былі знішчаны тры танкі ворага. Са свайго танка хлопцы выскачыць не паспелі — баявая машына ўзарвалася...»

На чырвоным граніце — кароткі расказ пра подзвіг танкістаў.

Усе члены экіпажа — камандзір танка Аляксандр Маторын, механік-вадзіцель Іван Пятроў, зараджальшчык Аляксандр Карагодзін і радыст-кулямётчык Мікалай Разуваеў — пасмяротна былі ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга. Двум хлопцам было ўсяго 20 гадоў, яшчэ двум — толькі 18...

За той бой Зорку Героя Савецкага Саюза — таксама пасмяротна — атрымаў механік-вадзіцель 277-га танкавага батальёна Рыгор Зубаў. Ён паспеў выскачыць з палаючага танка, але яго напаткала варожая куля. Нямала палеглых было ў тым баі. З усяго батальёна засталося 5 танкаў і каля 20 чалавек. Але групіроўка гітлераўцаў была знішчана.

Тут жа каля помніка прагрымелі залпы воінскага салюту героям-танкістам.

Аляксандр Фень за той бой і ўвогуле за вызваленне Беларусі атрымаў надзвычай рэдкую і каштоўную ўзнагароду — ордэн Аляксандра Неўскага. Усяго на парадным кіцелі франтавіка — 7 баявых ордэнаў і 28 медалёў! За гады ваеннага ліхалецця Аляксандр Фень, які прайшоў і Сталінград, і Курск, асабіста знішчыў 12 танкаў праціўніка.

kanyuta@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.