Вы тут

«За дугой...»


«Просім патлумачыць паходжанне назвы вёскі Закаблукі.

Вучні 9-га класа сярэдняй школы аграгарадка Чачкава Мінскага раёна».

На вашы пытанні адказвае старшыня Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі пры НАН Беларусі Ігар КАПЫЛОЎ.


Вёска Закаблукі — адзіны населены пункт з такой назвай на сучаснай карце Беларусі. У гістарычных дакументах яна абазначана на генеральнай карце «Беларускія землі ў канцы ХVІІІ стагоддзя» на тэрыторыі Менскага павета ВКЛ. У той час адносілася да маёнтка Старое Сяло. Паводле пісьмовых крыніц, у 1800 годзе гэта было зусім невялікае паселішча: налічвалася ўсяго 5 двароў з трыццаццю жыхарамі. Напачатку Закаблукі належалі віленскаму ваяводу К. Радзівілу, пазней, у 1815 годзе значыліся ва ўласнасці Д. Радзівіла, а ў другой палове ХІХ стагоддзя перайшлі ва ўладанне І. Валадковіча.

Паходжанне назвы да сённяшняга дня застаецца неразгаданым. Нават самыя аўтарытэтныя беларускія даследчыкі тапаніміі ў сваіх працах не прыводзяць ніякіх звестак адносна гэтай назвы. У такім разе застаецца толькі выказаць гіпотэзу адносна яе ўзнікнення. Структурная частка наймення — прыстаўка за — дае падставы меркаваць, што гэта можа быць назва-арыенцір: указвае на месца размяшчэння вёскі адносна іншага геаграфічнага аб'екта (параўнайце, вёска Залессе — за лесам, вёска Зарэчча — за ракой, вёска Задзвінне — за ракой Дзвіной і інш.). У такім разе можна дапусціць, што некалі побач з вашай вёскай было іншае паселішча з назвай Каблукі або такое найменне меў нейкі іншы геаграфічны аб'ект — зямельны ўчастак, луг, лес, балота, якія атрымалі сваю назву праз форму. Слова каблук у славянскіх мовах мае значэнне «дуга, частка акружнасці» (украінская мова), «выгіб, дуга, паўкружжа, арка» (польская мова).

Не выключана таксама, што разгадка крыецца ў варыянце назвы Загаблукі, які фіксуецца ў беларускіх гістарычных крыніцах. Як не выключана і тое, што такі варыянт — памылка пісара.

Нельга ігнараваць версію, што назва вашай вёскі родавая: яна ўказвае, што на гэтым месцы пасяліліся і заснавалі паселішча прадстаўнікі аднаго роду, які меў мянушку Закаблукі. На карысць гэтай версіі сведчыць множналікавая форма назвы, а яшчэ той факт, што ў сучаснай іменаслоўнай сістэме беларусаў сустракаюцца прозвішчы Закаблук, Закаблукаў, якія сваім паходжаннем звязаны з украінскім словам закоблук, якое ў мове шаўцоў азначала «частка абутку над абцасам, якая ахоплівае пяту; заднік». Чаму такую мянушку далі чалавеку ў далёкім-далёкім мінулым, сёння адказаць складана.

Такім чынам, назва вёскі не толькі рэліктавая, але і змяшчае ў сваёй аснове таямніцы, якія ў будучыні давядзецца раскрыць вучоным-тапанімістам. А вам вялікі дзякуй за ліст, які паслужыць дадатковым штуршком да новых навуковых пошукаў і, спадзяюся, новых цікавых адкрыццяў.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Асноўную частку часу Аўноў паглыне праца. 

Грамадства

Які культурны код зашыфраваны ў «Абрадvеі»?

Які культурны код зашыфраваны ў «Абрадvеі»?

«Я натхнялася творчасцю беларускіх бабуль...»

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.