Вы тут

Пераход на дыстанцыйнае абслугоўванне


А налета плануецца браць падатак і з мабільных праграм.

Пра гэта паведаміў першы намеснік міністра па падатках і зборах (МПЗ) Беларусі Ігар Клепча. Ён адзначыў, што за апошнія гады сістэма падаткаабкладання ў краіне была істотна рэфармавана, бо колькасць плацяжоў паменшылася ў 12 разоў, а падатковая нагрузка — на траціну. Дарэчы, менавіта дадатковага спрашчэння падатковых працэдур патрабаваў днямі ад кіраўніцтва галіны Прэзідэнт.


Ігар Клепча ўпэўнены, што праца ў гэтым напрамку будзе працягнута і далей. Сёння ўжо дзейнічае сістэма электроннага дэкларавання, якой карыстаюцца каля 300 тысяч падаткаплацельшчыкаў. Цяпер у інспекцыях ствараюцца спецыяльныя месцы для абслугоўвання кліентаў на адлегласці з выкарыстаннем сістэмы электроннай чаргі. Гэты метад дазволіць кліентам падаваць дэкларацыю, атрымліваць кансультацыі і ажыццяўляць іншыя адміністрацыйныя працэдуры. Сёлета першы такі цэнтр па абслугоўванні падаткаплацельшчыкаў будзе адкрыты на базе падатковай інспекцыі Маскоўскага раёна сталіцы. А ў наступным годзе такія цэнтры павінны з'явіцца ў кожным абласным цэнтры краіны.

Афшоры не схаваюць

Ігар Клепча паведаміў, што цяпер МПЗ праводзіць актыўныя перамовы па далучэнні да шматбаковага міжнароднага пагаднення аб аўтаматычным абмене паміж падатковымі органамі звесткамі па фінансавых аперацыях. «Падобныя дакументы дазваляюць ажыццяўляць аўтаматычны абмен інфармацыяй аб замежных фінансавых рахунках па адзінай форме. У выніку такога абмену падатковыя органы атрымліваюць доступ да рахункаў, адкрытых плацельшчыкамі ў замежных фінансавых установах, а таксама да іншых фінансавых актываў, у тым ліку і ў афшорных зонах», — растлумачыў ён.

Ігар Клепча адзначыў, што на пачатак мая за далучэнне да гэтага пагаднення выказаліся больш за 80 дзяржаў. «Гэта дасць магчымасць павысіць эфектыўнасць кантрольных мерапрыемстваў па вызначэнні падатковых абавязацельстваў плацельшчыкаў і дазволіць спыняць схемы вываду рэзідэнтамі краіны капіталаў за мяжу больш аператыўна», — падкрэсліў намеснік міністра. Ён нагадаў, што ў апошні час усё часцей выкрываюцца факты незаконнага перамяшчэння плацельшчыкамі капіталу за мяжу або атрымання беларускімі грамадзянамі даходаў у іх за мяжой, якія знаходзяць адлюстраванне ў тым ліку і ў прэсе. «У сувязі з гэтым мы разумеем, што традыцыйнага абмену інфармацыяй з падатковымі органамі замежных дзяржаў, які працуе па прынцыпе запыт-адказ, ужо недастаткова. Таму і ўзнікла патрэба ў атрыманні інфармацыі без запыту ў аўтаматычным рэжыме.

Мабільныя гульні — пад падатковы «каўпак»?

Услед за Расіяй і наша падатковая служба вырашыла разгледзець магчымасць спаганяць падатак з рэалізацыі мабільных праграм, гульняў і фільмаў. Гэтыя прапановы будуць ажыццяўляцца з дапамогай карэкціроўкі палажэнняў Падатковага кодэкса.

«Першае, што мы будзем рабіць, гэта прызнаем месцам рэалізацыі такіх паслуг тэрыторыю Беларусі. А гэта значыць, што замежныя кампаніі, якія аказваюць іх, павінны будуць выконваць падатковыя абавязацельствы ў выглядзе вылічэння выплаты падатку на дабаўленую вартасць у нас», — растлумачыў сітуацыю начальнік галоўнага ўпраўлення метадалогіі падаткаабкладання арганізацый Міністэрства па падатках і зборах Ігар Скрыннікаў. Ён падкрэсліў, што гаворка вядзецца выключна аб ПДВ. Пры гэтым плануецца прымяняць стандартную стаўку ў 20%.

Цяпер гэта міністэрства сумесна з зацікаўленымі органамі прапрацоўвае механізмы найбольш аб'ектыўнага збірання ПДВ як непасрэдна з замежных кампаній, так і з беларускіх плацельшчыкаў, якія могуць выконваць падатковыя абавязацельствы за замежныя кампаніі. «Гэтыя прапановы будуць сістэматызаваны і накіраваныя ў найбліжэйшы час у Мінфін для наступнага абмеркавання з усімі зацікаўленымі органамі. Мы спадзяёмся, што такая прапанова будзе падтрымана і знойдзе адлюстраванне ў Падатковым кодэксе з 1 студзеня 2017 года», — адзначыў Ігар Скрыннікаў.

Разам з тым, патлумачыў спецыяліст, ніхто не збіраецца такім чынам закрыць Беларусь ад усяго свету. Падатковае ведамства не зацікаўлена забараняць або абмяжоўваць што-небудзь. «Гэта даволі няпростае тэхнічнае рашэнне, і яно патрабуе адпаведных выдаткаў. З 1 студзеня не будзе ўведзена нейкіх вельмі жорсткіх, а тым больш абмежавальных мер. Мы зацікаўлены ў тым, каб усе як працавалі, так і працягвалі працаваць, але пры гэтым неабходна выконваць падатковыя абавязацельствы на тэрыторыі нашай краіны», — лічыць прадстаўнік МПЗ.

Ігар Скрыннікаў адзначыў, што прапрацоўкай гэтага пытання займаюцца многія краіны, у тым ліку Расія і ЕС. «Усе разумеюць, што даходы здабываюцца з тэрыторыі тых дзяржаў, якія з'яўляюцца спажыўцамі гэтых паслуг, а плацельшчыкі, як правіла, зарэгістраваныя ў падатковых гаванях — там, дзе мінімальная стаўка падаткаабкладання. Беларусь зацікаўлена, каб падатковыя абавязацельствы ў частцы выплаты падатку на дабаўленую вартасць выконваліся на яе тэрыторыі», — удакладніў ён.

Каля 4 тысяч сацыяльных утрыманцаў — пакуль...

Сёлета на экспертаў МПЗ ускладзены абавязак выявіць тых грамадзян, якія не ўдзельнічалі ў 2015 годзе ў фінансаванні дзяржаўных расходаў, паведаміла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Ірына Крыварошчанка.

Да 31 мая 2016 года яны мелі права самастойна апавясціць падатковыя органы аб тым, што па выніках мінулага года не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржвыдаткаў альбо ўдзельнічалі менш за 183 дні, каб потым да 1 ліпеня заплаціць адпаведны збор у памеры на 10% меншыя за вызначаны заканадаўствам. Многія вырашылі заплаціць менш і загадзя. Было пададзена больш за 4 тысячы апавяшчэнняў, а ў выніку іх апрацоўкі грамадзянам прад'яўлена да аплаты звыш 10 млрд недэнамінаваных рублёў. Па стане на 8 ліпеня ў бюджэт ужо паступіла больш за 9 млрд «старых» грошай. На другім этапе падатковых утрыманцаў будуць выяўляць і накіроўваць ім паперкі да аплаты збору па фінансаванні дзяржвыдаткаў ужо ў поўным памеры. Сам збор неабходна будзе заплаціць да 15 лістапада.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Культура

Выклік ці новы погляд? Ірына Рамбальская прадставіла незвычайную арт-інтэрвенцыю ў музеі Я.Коласа

Выклік ці новы погляд? Ірына Рамбальская прадставіла незвычайную арт-інтэрвенцыю ў музеі Я.Коласа

Ірына Рамбальская прадставіла незвычайную арт-інтэрвенцыю ў музеі Я.Коласа.