Вы тут

Ніколі не здавацца!


Гэта здарылася два гады таму. Быў канец жніўня, і я з сябрамі праводзіла апошнія дні лета, атрымліваючы асалоду ад канікулаў і цёплага сонца. Тады нам так падабалася залазіць на дрэвы, праводзіць там фотасесіі і гадзінамі абмяркоўваць усё, што было для нас цікавым. Мы не задумваліся аб небяспецы, здавалася, весялосць ніколі не скончыцца. І вось адбыўся няшчасны выпадак. Мая сяброўка Каця Сычова сарвалася з галінкі, на якой сядзела, і ўпала спінай на зямлю...


Спалохаўшыся, мы злезлі з дрэва і падбеглі да дзяўчыны. Пыталіся, як яна сябе адчувае, ці можа ўстаць. Каця паскардзілася на боль у спіне і боку. На наступны дзень мы даведаліся, што ў маёй сяброўкі зламаныя чатыры пазванкі... Каці быў прызначаны пасцельны рэжым на паўгода. Для цыркуляцыі крыві ёй было рэкамендавана рабіць лёгкія практыкаванні для рук і ног, лежачы ў ложку. Усе блізкія хваляваліся за яе здароўе. А сама Каця вельмі перажывала, што больш не зможа весці актыўны лад жыцця, бо яна займалася спартыўнымі бальнымі танцамі і музыкай, вельмі любіла катацца на каньках. Яна не магла ўявіць сабе сваё жыццё без усяго гэтага і старалася не здавацца, робячы ўсё магчымае, каб хутчэй стаць на ногі.

Паколькі сяброўка не магла наведваць школу, да яе кожны дзень прыходзілі настаўнікі і займаліся з ёй па вучэбнай праграме. Яны падтрымлівалі Кацю, расказвалі нам, якая яна малайчына! Бо вельмі цяжка вучыцца, калі ты заўсёды ляжыш і працуеш толькі рукамі. А яна старалася пісаць, чытаць падручнікі і вучыць школьны матэрыял. Мы з аднакласнікамі, вядома ж, таксама не забывалі пра яе: пасля ўрокаў наведвалі, дзяліліся цікавымі навінамі са школьнага жыцця, прыносілі пачастункі. Я бачыла, як рада яна нам, і не пераставала здзіўляцца жыццярадаснай пазіцыі і ўпартасці сяброўкі.

...З ложка яна змагла падняцца раней, чым праз шэсць месяцаў. Каця расказвала, што не зусім верыла ў сябе, але вельмі хацела хутчэй стаць на ногі і вырашыла змагацца да апошняга. І вось дзяўчыне ўжо можна наведваць школу.

Мы з радасцю сустрэлі Кацю пасля доўгага выздараўлення, кінуўшыся да яе насустрач. Каця ўся ззяла і дзякавала нам у адказ. Наша падтрымка ў цяжкую хвіліну дапамагла ёй у барацьбе з хваробай. Напачатку аднакласніца не магла займацца сваімі любімымі танцамі. Аднак мая сяброўка не журылася і не падала духам, а прымала ўдзел у творчых мерапрыемствах і фестывалях, дзе паказвала ўсё, на што яна здатная. Кацюша такі чалавек, які імкнецца да сваёй мэты і дамагаецца таго, чаго хоча.

Яна вялікая малайчына, бо сёння зноў займаецца сваёй любімай справай — танцамі! Гледзячы на яе, я разумею, як важна быць моцным і цярплівым чалавекам. Мая сяброўка дала мне прыклад веры ў сваю мару. І калі мне раптам захочацца ўсё кінуць і з усім змірыцца, я заўсёды буду ўспамінаць Кацю.

Ганна КУРТАСАВА, выпускніца 11 класа ліцэя №2 г. Мінска

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.