Вы тут

Мінулае тармозіць будучыню


Рыбакамбінат «Любань», што на Міншчыне, яшчэ некалькі гадоў таму быў паспяховым, працаваў з рэнтабельнасцю ў 14%. Але з цягам часу вытворчыя паказчыкі зніжаліся, і сёння прадпрыемства ў даўгах як у шаўках...


Гаспадарка ўяўляе сабой 49 сажалак, якія раскінуліся на плошчы больш як 2 тыс. гектараў. Тут у асноўным вырошчваецца карп (72%). Акрамя таго, ёсць сом, белы амур і таўсталобік. У 2010 годзе на заводзе адкрылі цэх па перапрацоўцы, дзе вырабляецца філе свежай рыбы ў вакуумнай упакоўцы, а таксама вэнджаная і вяленая рыба, наборы для юшкі, шашлык у пластыкавых вядзерцах, прэсервы. Сёння гэтая вытворчасць загружана толькі на траціну, а працуюць тут у асноўным з замарожанай марской рыбай, якую закупляюць у беларускіх пастаўшчыкоў. За першае паўгоддзе перапрацавана 346 тон рыбы, у тым ліку толькі 46 тон сваёй. У цэлым аб'ём вырошчвання і адлову рыбы знізіўся на 60%. Летась ён быў на ўзроўні 550 тон, а страты склалі 14,9 млрд рублёў, за паўгоддзе сёлета — 3,9 млрд рублёў.

Тры месяцы таму дырэктарам камбіната прызначаны Валерый Гормаш. Дзесяць гадоў ён узначальваў рыбгас «Свіслач», што ў Асіповіцкім раёне. Вопыту ў Валерыя Іванавіча дастаткова. Але не кожны б на яго месцы згадзіўся ўзваліць на свае плечы спадчыну, якая дасталася пасля мінулага кіраўніцтва. Толькі па крэдытах трэба штомесяц выплачваць па 380 млн рублёў, 2 млрд рублёў пратэрмінаванай запазычанасці перад Банкам развіцця Беларусі, 12,4 перад Белаграпрамбанкам (сумы да дэнамінацыі). Ды Валерый Іванавіч, як сам прызнаўся, не прывык пасаваць перад цяжкасцямі, і ўзяўся за справу па-гаспадарску. Пачаў з зарыблення. Да 100 тон пасадачнага матэрыялу, што меўся, дакупіў яшчэ 80 тон. Правёў ачыстку ўсіх сажалак, задзейнічаў такія нетрадыцыйныя віды кармлення, як адходы крухмальнай і спіртавой прамысловасці: завезена 800 тон брагі і 900 тон бульбяной мязгі. Акрамя таго, у вадаёмы ўнесена 3 тыс. тон арганічных угнаенняў. Усё гэта дазволіла развіць натуральную кармавую базу. Заставалася невырашальным пытанне з камбікармамі і збожжам.

— Здабывалі іх рознымі шляхамі, дзесьці за бюджэтныя сродкі, а недзе і ў доўг, — расказаў Валерый Гормаш. — На сённяшні дзень маем 1 500 тон збожжа, ужо скармілі 300 тон камбікорму. Заключаны дагаворы на пастаўку яшчэ 400 тон камбікорму і 600 тон збожжа. Паводле бізнес-плана, гаспадарка павінна вылавіць 550 тон рыбы, але я планую выйсці на 900 тон рыбы.

Звярнуў увагу новы дырэктар і на тое, што шмат рыбы і кармоў для яе раскрадаецца. Кожную ноч браканьеры не толькі з Любанскага, але і з Салігорскага, Слуцкага, Бабруйскага раёнаў выцягвалі з вадаёмаў сеткамі тоны рыбы. І ўсё ім сыходзіла з рук. Валерый Іванавіч наладзіў ахову базы і сажалак. Дванаццаць чалавек, забяспечаныя транспартам, нясуць кругласутачную варту. Наладзілі і ўзаемадзеянне з міліцыяй, па першым званку супрацоўнікі прыбываюць на месца праз 4-5 хвілін.

Старт узяты, але праблем яшчэ, як кажуць, воз і маленькая цялежка. Штомесячная выручка ад рэалізацыі прадукцыі ў мільярд рублёў ідзе на выплату зарплаты, разлік па даўгах. Пра тое, што трэба памяняць зношаны амаль на 80% аўтапарк, устанавіць агароджу, адрамантаваць падсобныя памяшканні, размова пакуль не ідзе. Але асноўны галаўны боль — давесці да ладу цэх па вытворчасці рыбных кансерваў праектнай магутнасцю 20 тыс. бляшанак за змену. Рэалізацыя праекта пачалася ў лістападзе 2012 года. На будаўніцтва памяшкання і абсталяванне Банк развіцця Беларусі выдзеліў крэдыт у памеры 49 млрд рублёў (да дэнамінацыі). Аднак да гэтага часу новая вытворчасць так і не наладжана.

Кіраўнік цэнтральнага рэгіёна Сямён Шапіра даў даручэнне старшыні камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Мінаблвыканкама Сяргею Трусаву разабрацца з будаўнічай часткай.

— Мая задача выявіць недаробкі, што пакінуў пасля сябе падрадчык. Дарэчы, прадпрыемства з Магілёўскай вобласці, якое вяло тут работы, абанкруцілася. У асноўным недахопы ліквідаваны, засталося толькі выправіць 60 квадратных метраў падлогі, бо тут збіраецца вада, і пакласці каля 250 метраў плінтуса. З падрадчыкаў мы знялі 35 млн недэнамінаваных рублёў. За гэтыя грошы знойдзем іншую арганізацыю, якая давядзе ўсё да ладу, — канстатуе Сяргей Трусаў.

Але галоўная праблема ўсё ж заключаецца ў тым, што абсталяванне для вытворчасці кансерваў не стыкуецца паміж сабой. Калі асобна агрэгаты працуюць, то запусціць у цэлым сістэму практычна немагчыма. Напрыклад, з ёмістасці рыба павінна аўтаматычна паступаць на разборку. Але тут трэба ставіць чалавека, які б яе загружаў уручную. На другой машыне можна перапрацоўваць толькі рыбу вялікіх памераў. Карпа вагой 400-600 грамаў нажы будуць пераразаць напалову, і 30% прыдатнай тушкі пойдзе ў адходы. Для прамыўкі рыбы неабходна затрачваць 16 кубаметраў вады ў гадзіну, у змену — паўтары чыгуначныя цыстэрны. Для паўнацэннага цыклу неабходна будаваць асобны водазабор, што эканамічна нявыгадна. Больш за тое, абсталяванне прыдатнае для перапрацоўкі вялікай колькасці рыбы на марскіх плаўбазах, прадпрыемствах, што размяшчаюцца на берагавой лініі. Хутчэй за ўсё, яно было спісана з нейкага карабля ў Калінінградзе, пафарбавана і пастаўлена ў Любань.

Памылка дапушчана яшчэ на першачарговым этапе: запраектавана адно абсталяванне, але без узгаднення з праектным інстытутам пастаўлена іншае. Прычым пастаўшчык «Ойлпрамзабеспячэнне» закупіў яго ў чатырох розных арганізацыях. Лінію ўстанаўлівалі людзі, якія не мелі для гэтага пэўных навыкаў і ліцэнзіі.

— У нас нават няма схемы размяшчэння гэтага абсталявання, — кажа дырэктар. — Як мне сказалі, гады тры назад прыязджалі спецыялісты з Калінінграда і прапаноўвалі ўладкаваць яго. Аднак ад іх прапановы адмовіліся, не ведаю з якіх прычын. І яны забралі з сабой схему. У праектным заданні дакладна прапісана, што ў кошт абсталявання ўваходзяць яго мантаж і наладка. Але пастаўшчык сёння ад гэтага катэгарычна адмаўляецца.

На прадпрыемстве вядуць перамовы з калінінградскім «Рыбтэхцэнтрам». Ён згодны прыслаць сваіх спецыялістаў, якія расставяць і запусцяць абсталяванне праз месяц у выпадку 50-працэнтнай папярэдняй аплаты. А ў цэлым для гэтага патрэбна 160 млн недэнамінаваных беларускіх рублёў. Яшчэ 500 млн рублёў, па папярэдніх падліках, пойдзе на пераабсталяванне цэха па пярвічнай апрацоўцы рыбы. І то толькі для таго, каб арганізаваць там ручную працу. На аўтаматызацыю працэсу спатрэбіцца каля мільярда рублёў.

Дырэктар спрабуе знайсці грошы і на працягу года стабілізаваць сітуацыю. Тым больш, як ён сцвярджае, попыт на кансервы з карпа з дабаўленнем алею, у тамаце існуе на рынку Расійскай Федэрацыі. Краіна-суседка гатова купляць іх у Беларусі.

Як адзін з варыянтаў, на прадпрыемстве хацелі аддаць абсталяванне назад у Калінінград. Там згодны, што сапраўды для цэха яно не падыходзіць, але забраць адмовіліся. Беларусам жа абяцалі пасадзейнічаць у продажы яго іншаму вытворцу.

— Па добраму, гэты аб'ект можна было б пабудаваць за год і за меншыя грошы. Асноўная праблема ў тым, што тут не было кантролю, — лічыць Сяргей Трусаў. — Няхай Мінсельгасхарч разбіраецца з камбінатам, які яму падпарадкоўваецца, і з тымі, хто давёў яго да такога стану.

Кропкі над «і» расставіць Дзяржкантроль Мінскай вобласці. Праверку мяркуецца закончыць у жніўні.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.