Вы тут

Раён, які развіваецца ўсебакова


У канцы 2018 года Прэзідэнтам быў падпісаны ўказ аб развіцці Аршанскага раёна, які прадугледжваў праграму развіцця рэгіёна па эканамічным, фінансавым і адміністрацыйным напрамках. Тэрмін дзеяння ўказа скончыцца 31 снежня 2023 года. «Звязда» сустрэлася са старшынёй Аршанскага райвыканкама Ігарам Ісачанкам, каб даведацца, якіх вынікаў дасягнуў рэгіён.


Фота Анастасіі Турок.

— Ігар Уладзіміравіч, распавядзіце, калі ласка, што зроблена ў раёне ў рамках указа?

— Асноўнай мэтай указа было забеспячэнне комплекснага развіцця Аршанскага раёна. Перш за ўсё трэба было вывесці раён на паказчыкі, вышэйшыя за сярэднеабласныя. За чатыры гады мы зрабілі даволі шмат. Толькі за 2022 год дасягнулі паказчыкаў, вышэйшых за сярэднеабласныя па індэксе прамысловай вытворчасці, прадукцыі сельскай гаспадаркі, рознічным тавараабароце, інвестыцыях у асноўны капітал і экспарце паслуг.

На сёння мы праводзім мадэрнізацыю і аптымізацыю вытворчасцяў: ставім высокатэхналагічнае абсталяванне, паляпшаем умовы для работнікаў, адкрываем новыя прадпрыемствы, у асноўным гэта малы і сярэдні бізнес. Адзначу, што ад сукупнасці паступлення даходаў у Аршанскі раён больш за 33 % прыносяць менавіта даходы ад малога і сярэдняга бізнесу — гэта дастаткова сур'ёзная доля фінансаў.

У нас значна знізіўся працэнт стратных прадпрыемстваў. Калі ў 2018 годзе такіх было 21 прадпрыемства, то ў бягучым годзе прагназуем толькі адно — селекцыйна-гібрыдны цэнтр «Задняпроўскі» Аршанскага камбіната хлебапрадуктаў. Ён існуе ўжо больш за 40 гадоў, і зразумела, што тэхналогіі змяніліся, патрабуецца сур'ёзная мадэрнізацыя, у тым ліку сучасная сістэма ацяплення. Прадпрыемства ўключана ў наш комплекс мерапрыемстваў, і, як толькі мы скончым будаўніча-мантажныя работы па рэпрадуктары «Гараны», адразу зоймемся «Задняпроўскім»: будуць уцеплены будынкі для ўтрымання свіней, заменена ўстарэлае абсталяванне для стварэння мікраклімату і сістэмы кармлення, а ўсе будынкі прадпрыемства будуць аснашчаны індывідуальным цеплазабеспячэннем.

— Сёлета Оршы быў нададзены ганаровы статус культурнай сталіцы. Якія адметныя падзеі ў горадзе правялі дзеля пацвярджэння гэтага статусу?

— Адной са знакавых падзей як для аршанцаў, так і для жыхароў усёй Віцебскай вобласці стала адкрыццё ваенна-гістарычнага музея імя Героя Савецкага Саюза Канстанціна Заслонава. На жаль, драўляны будынак музея быў пашкоджаны, і на тым жа месцы мы ўзвялі новы, прыгожы, капітальны будынак. Знакава і тое, што адкрыццё адбылося ў Год гістарычнай памяці. Сёння музей наведваюць школьнікі, дарослыя і ветэраны: экспазіцыя распавядае аб тым, як Аршанскі раён выстаяў у гады Вялікай Айчыннай вайны, адкрылася зала ў гонар воінаў-інтэрнацыяналістаў. Таксама быў сабраны вялікі матэрыял па гісторыі генацыду беларускага народа.

У рамках указа Прэзідэнта ў нас быў уведзены Палац культуры «Орша» — сучасны будынак з выдатнай інфраструктурай. Адзначу, што святлогукавое абсталяванне ў ім — адно з найлепшых у Віцебскай вобласці. Таксама створана і забяспечана матэрыяламі шмат гурткоў, каб у дзетак была магчымасць займацца творчасцю. Месяц таму мы адкрылі такі ж Дом культуры ў горадзе Барань, што таксама стала знакавай падзеяй для насельніцтва. Акрамя таго, мы мадэрнізавалі спартыўныя комплексы ў Барані, у гарадскім пасёлку Балбасава і аграгарадку Бабінічы. Сёння створаны выдатныя ўмовы, каб людзі развівалі свой патэнцыял у любым напрамку.

— Па якіх кірунках развіваецца сацыяльная палітыка Аршанскага раёна?

— Мы ўдзяляем вялікую ўвагу сацыяльнай сферы. Зусім нядаўна паставілі апарат МРТ — не так шмат гарадоў маштабу Оршы можа пахваліцца такой медыцынскай дыягностыкай. На сёння ў нас самае сучаснае абсталяванне. Таксама мы пабудавалі арэндны дом для медыцынскіх работнікаў.

У рамках добраўпарадкавання робім многае: у Парку сямейных дрэў адкрылі скульптурную кампазіцыю «Сям'я — залог міру» — гэта падарунак ад нашага земляка Вячаслава Заранкова. Таксама правялі добраўпарадкаванне набярэжнай. Акрамя таго, займаемся асфальтаваннем дарог як у самой Оршы, так і ў раёне. Устанаўліваем дзіцячыя і спартыўныя пляцоўкі. Указ кіраўніка дзяржавы даў штуршок для развіцця горада і раёна, а таксама для забеспячэння жыхароў камфортнымі ўмовамі.

Арына КАРПОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.