Вы тут

Чаму ападаюць слівы


Ёсць у сліў непрыемная асаблівасць: ледзь што не спадабалася — адразу пачынаюць абсыпацца плады. Прычым так актыўна, што можна пазбавіцца ўсяго ўраджаю. Каб гэтага не адбылося, трэба ведаць, як дагадзіць сліве.


Без шкоднікаў

Часцей за ўсё абсыпаюцца слівы з-за лічынак пільшчыка і слівовай пладажэркі.

У гэтым выпадку на плодзе будуць чарвяточыны. Абараніць ураджай можна апырскваннем актарай або канфідорам. Праўда, складанасць у тым, што пладажэрка дае тры пакаленні за лета, таму і апырскваць трэба не менш за тры разы.

А бывае, што на пладах няма ніякіх чарвяточын, але яны ўсё роўна абсыпаюцца. Прычына ў экзатычным шкодніку слівы — таўстаножцы. Яна адкладае яйкі ў костачку завязяў. Праз некалькі тыдняў плады адвальваюцца без бачных пашкоджанняў. Калі разрэзаць такі плод, то можна ўбачыць, што костачка развальваецца на дзве часткі.

Ад таўстаножкі праводзяць апырскванне адразу пасля цвіцення і праз два тыдні пасля першай апрацоўкі. Але галоўнае — трэба збіраць апалыя плады і закопваць у зямлю. Калі сабраць усё, то хімічнай апрацоўкі на наступны год не спатрэбіцца.

Глеба

На сухіх глебах слівы растуць дрэнна. Плады ў іх драбнеюць, хутка абсыпаюцца. Таму даводзіцца паліваць не менш за пяць разоў за сезон. Прычым пры кожным паліве глебу трэба праліваць да глыбіні 50-60 см.

А за два тыдні да збору ўраджаю сліў спецыялісты рэкамендуюць праводзіць добрае ўвільгатненне глебы. І настойліва падкрэсліваюць: чым лепшае харчаванне ўсяго дрэва — тым больш паўнавартасных завязяў на сліве захоўваецца да поўнага паспявання. На жаль, на практыцы гэта далёка не заўсёды ўлічваецца.

Чамусьці лічыцца, што дрэва здольна само сябе ўсім неабходным забяспечыць. Але гэта магчыма на добра запраўленых, падрыхтаваных у свой час глебах. На астатніх сліве часам не хапае самага неабходнага, і гэта адмоўна адбіваецца на яе развіцці і плоданашэнні.

Угнаенні

Так, пры недахопе азоту ў слівы не толькі зніжаецца прырост, лісце жоўкне і памяншаецца ў памеры, але адначасова мала завязваецца пладоў і моцна абсыпаюцца завязі. Калі не хапае калію, абсыпаюцца буйныя завязі. Выснова простая — сліва мае патрэбу ў дадатковым харчаванні, а таму варта ўвесь час карміць яе арганічнымі і мінеральнымі ўгнаеннямі, асабліва на бедных глебах.

Дасведчаныя садоўнікі імкнуцца ўнесці пад слівавыя дрэвы ў першай палове лета каравяк або падкарміць іх гнаявой жыжкай, растворам птушынага памёту і іншымі хуткадзейнымі ўгнаеннямі.

Хваробы

Шмат шкоды наносіць ураджаю сліў маніліёз. Калі бакі плода сцягваюць «сінякі» — гэта ён і ёсць.

Супраць маніліёзу шырока ўжываюць прэпараты хорус і скор. Заадно яны дапамогуць справіцца з кокамікозам і дзіркаватай плямістасцю, ад якіх хоць і не абсыпаюцца плады, але моцна церпяць парасткі і лісце.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.