Вы тут

Беларускі каларыт сусветнай літаратуры


Сваімі развагамі наконт міжнародных літаратурных зносін, а таксама стану перакладчыцкай дзейнасці ў Беларусі падзялілася перакладчык і журналіст Юлія Алейчанка.

Трэба адзначыць даволі вялікую цікавасць замежных пісьменнікаў, культурных дзеячаў да беларускага літаратурнага працэсу. На міжнародных круглых сталах, прымеркаваных да Дня беларускага пісьменства, і шматлікіх мерапрыемствах Выдавецкага дома «Звязда» ў межах праекта «Белліт і ўвесь свет» выступаюць добрыя сябры і жаданыя госці Беларусі — Святлана Ананьева (Казахстан), Аляксандр Казінцаў (Расія), Ато Хамдам (Таджыкістан), Чынгіз Алі аглу (Азербайджан), Слабадан Вуканавіч (Чарнагорыя) ды іншыя. Цешыць і з’яўлянне ў беларускай культурнай прасторы імён маладых ініцыятыўных літаратараў краін-суседзяў: Лесі Мудрак, Сяргея Савіна (Украіна), Андрэя Цімафеева, Алены Тулушавай (Расія). Пераклады твораў беларускіх пісьменнікаў усё часцей з’яўляюцца на старонках замежнай перыёдыкі ў Пакістане, Таджыкістане ды іншых краінах. Ладзяцца і ўдалыя кніжныя праекты. Напрыклад, серыя «Светлыя знакі. Паэты Кітая», якая адкрывае для беларускага чытача кітайскую паэзію ад старажытнасці (Лі Бо, Ду Фу), сярэднявечча (Лі Цінчжаа) да пачатку (Ай Цін) і канца ХХ ст. (Ван Гачжэнь).

Палымяны патрыёт роднага краю і разам з тым актыўны інтэрнацыяналіст Максім Багдановіч пісаў: «Намагаючыся зрабіць нашу паэзію не толькі мовай, але і духам, і складам твораў шчыра беларускай, мы зрабілі б цяжкую памылку, калі б кінулі тую вывучку, што нам давала светавая (найчасцей еўрапейская) паэзія». І гэтая мудрая думка надзвычай актуальная і цяпер. Каб у эпоху сусветнай глабалізацыі не проста бяздумна спажываць гатовы прадукт культуры замежных краін, а абнаўляць айчынную літаратуру новымі стылёвымі плынямі, тэмамі, вобразамі, рабіць нацыянальную мову больш гнуткай і здольнай да эксперыментаў. Вядома, творца-перакладчык глядзіць на свет праз прызму культуры радзімы арыгінала, калі гэта сумленны перакладчык з добрым веданнем не толькі мовы-крыніцы, але і культуралагічных, ментальных асаблівасцей краіны. Але нельга адмаўляць і факт прыўнясення, часам нават падсвядомага, беларускага каларыту ў перакладны твор. Такім чынам мы робім лепшыя творы сусветнай літаратуры ў многім нашымі, роднымі.

 Беларусы актыўна набываюць для дзяцей цікавыя перакладныя творы: «Ці далёка да Афрыкі», «Нарвежскі кот не падвядзе» Міхайлы Слабашпіцкага (у перакладзе Алеся Карлюкевіча), «Вясёлы капітан» Душана Джурышыча (у перакладзе Генадзя Аўласенкі) і інш. Даследчыкі кітайскай паэзіі ўхваляюць пераклады, зробленыя Васілём Дранько-Майсюком, Таццянай Сівец, Навумам Гальпяровічам, Алесем Бадаком, Аленай Раманоўскай. Цікавую дыскусію выклікала публікацыя ў «Полымі» перакладу ўрыўкаў «Яўгенія Анегіна» на беларускую мову з хатняга архіва Валянціны Аколавай. А адна ўдзячная чытачка часопіса прызналася ў лісце: «Так цікава бачыць у “Полымі” апошніх гадоў “экзатычныя” пераклады! Цяпер ведаю, якое надвор’е ў Эквадоры і як сустракаюць гасцей у Туркменістане». Вельмі прыемна чытаць такія водгукі людзей, якія разам з любоўю да радзімы захоўваюць у душы і вялікую цікавасць да дзівосаў вялікага свету!

Юлія АЛЕЙЧАНКА, адказны сакратар часопіса «Полымя»

Выбар рэдакцыі

Культура

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

Лёс другога зборніка ў літаратарскай кар’еры — самы складаны. 

Культура

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

На пытанні «Звязды» адказвае галоўны рэдактар расійскага літаратурнага часопіса «Москва».

Калейдаскоп

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.