Вы тут

Паэт Віталь Рыжкоў: «Літаратура — гэта шлях памылак»


«Думаю, класна, калі ты займаешся нейкай дзейнасцю больш як траціну жыцця, а цябе па-ранейшаму называюць маладым. Гэта як закансерваваная маладосць. І я не іранізую», — так распачаў нашу гутарку паэт Віталь РЫЖКОЎ. І хоць ён сам не прызнае сябе вядомым паэтам, дазволю сабе з гэтым не пагадзіцца. Яго дэбютная кніга «Дзверы, замкнёныя на ключы» разышлася двума тыражамі. Ён лаўрэат прэстыжнай прэміі «Дэбют», выдатны перакладчык прозы і паэзіі. Але пра любоў і прызнанне публікі лепш сведчаць поўныя залы на прэзентацыях і чытаннях, а таксама цытаты з яго вершаў, якія можна пабачыць на сценах у якасці графіці. Пра крытэрыі поспеху па-беларуску, парады паэтам-пачаткоўцам і стаўленне да маладога пакалення творцаў мы і гутарым сёння з Віталём Рыжковым.


— У нашай краіне словы пра поспех выклікаюць хутчэй іронію. Мы вельмі рэдка ставімся да творцаў з захапленнем — бо яны свае. Ды ён у суседнім двары жыве — які ён Боб Дылан? Нашых класікаў, якія не так даўно памерлі, — Рыгора Барадуліна, Ніла Гілевіча — ведаем па двух-трох радках са школьнай праграмы. Дзейнічае адвечная формула: наш поспех тут — гэта наш поспех за межамі краіны. Калі па табе фанацеюць у Расіі, Польшчы, Украіне, тады праз гэты фільтр прыглядаюцца і ў нас. Вельмі часта поспех аказваецца мыльнай бурбалкай, якая нясе толькі праблемы. Таму я рады пазнаёміцца — непаспяховы, дагэтуль малады, можна лічыць пачатковец, Віталь Рыжкоў. І гэта вельмі здорава. Я хацеў бы, каб так было як мага даўжэй, каб можна было спакойна рабіць сваю справу і не марнаваць энергію на тое, каб адбівацца ад зайздроснікаў.

— Паэт сёння — гэта...

— Каб быць ім, мала проста займацца вершатворчасцю, у якой патэнцыйны чытач пазнае сябе, пляскае ў ладкі, чытаючы цытату ў сацыяльных сетках. Трэба здзіўляць. Калі і ёсць пазнаванне — дык пра нечаканае, пра што чалавек, можа быць, ніколі і не думаў. Да таго ж сённяшняму паэту варта няслаба разбірацца ў філасофіі і тэорыі літаратуры, каб здзіўляць не толькі чытача, але і калег.

— Твае вершы часта становяцца песнямі. Іх спяваюць гурт Zatochka, Віталь Варанко і многія іншыя. Ці заўсёды правільна прачытваецца аўтарскі пасыл?

— Я вельмі даўно вырашыў не хвалявацца наконт песень на свае тэксты. Яшчэ не чуў ідэальнай кампазіцыі на свой верш, кожны раз гэта іншае прачытанне, эмоцыі, узнаўленне, сінтэз маёй задумы з аранжыроўкай. І гэта цалкам лагічна. Ёсць і ёсць. Пярэчыць і забараняць я нікому не збіраюся. Гэта і пэўнага кшталту сімвал павагі, прыхільнасці да маёй творчасці.

— Неяк вядомы кітайскі паэт і перакладчык Сі Чуань падчас інтэрв'ю сказаў мне, што паэты пішуць толькі для сваіх калег — бо толькі яны могуць цалкам зразумець іншага паэта. А ты для каго пішаш?

— Раней, гадоў пяць ці болей таму, я, напэўна, з гарачым сэрцам сказаў бы: паэзія мусіць быць для ўсіх. Яна павінна, як раней, збіраць стадыёны, працінаць трапнымі выразамі і вобразамі сэрцы тысяч, мільёнаў чытачоў. Але з часам мне зрабілася нецікава выступаць, бачыць свае вершы надрукаванымі. Больш за тое, думаю, што іншы паэт мог бы быць больш патрэбным гэтай паперы. І паступова адзінай радасцю, якую я пачаў адчуваць, стала радасць ад самой творчасці. Калі ты пішаш і сам разумееш: вось тут я зрабіў адкрыццё, а гэтым здзіўлю некалькі сваіх калег. Але і ўвага да думкі апошніх амаль нівелявалася. Пахваляць — добра, не пахваляць — што зробіш. Праз гэта пакутаваць не стану. Я раіў бы імкнуцца да такога стаўлення ўсім маладым аўтарам. Не перамаглі ў нейкім конкурсе — не трэба пісаць пагроз сябрам журы. Не перамог ваш сябар — пажадайце яму цярплівасці і ўдачы наступны раз. Усе гэтыя пакуты праз неперамогі і расчараванні адбіраюць у нас шмат творчай энергіі, і ў выніку некаторыя маладыя творцы запамінаюцца як скандалісты, плеткары. Сапраўдны пісьменнік — гэта яшчэ і прыклад годных паводзінаў.

— Сам сочыш за творчасцю калег, чытаеш іх новыя кнігі?

— З задавальненнем раблю гэта ў дачыненні прыкладна да двух дзясяткаў маладых беларускіх аўтараў. Мне здаецца, што пакрысе можна пачынаць ужываць паняцце «наша пакаленне» — пра тых, хто пісаў з пачатку 2000-х і прыблізна да 2015-га. У гэтыя паўтара дзесяцігоддзя вельмі актыўна з'яўляліся імёны, чыя паэзія насамрэч цікавая.

Я працягваю шукаць новых творцаў і ўжо адчуваю разрыў пакаленняў: не ўсё разумею, не ўсё прымаю. Не ўсе спосабы гульні са словам здаюцца мне цікавымі.

Я не кажу, што сярод іх няма добрых паэтаў, але вось ужо два ці тры гады сярод аўтараў да 25 гадоў няма такіх, хто б мяне здзівіў...

— Што не так з маладымі?

— Усё паўторы, усё гэта я чытаў у аўтараў свайго пакалення. Магчыма, і наша было паўторам кагосьці.

Але тыя, хто цяпер прыходзіць у літаратуру, ужо атрымліваюцца паўторамі паўтораў.

Можна сказаць, што гэта пераемнасць, але часцей я бачу прагу займець тую самую папулярнасць, з якой мы пачыналі размову, а не імкненне знайсці нешта новае, здзівіць калег і слухачоў. Гэта мяне насцярожвае.

— Ты ж не маеш дыплома філолага. Што параіш тым, хто хоча пісаць, але не ведае, як?

— Мне здаецца, што філалагічная адукацыя паэту вельмі замінае. У мяне быў такі комплекс: калі я толькі рабіў першыя крокі ў літаратуры, здавалася, што мне бракуе начытанасці. Я нават скардзіўся старэйшым сябрам-літаратарам на гэты свой недахоп і падумваў пайсці вучыцца на філфак проста дзеля спіса літаратуры. Мне сказалі, што гэтага ні ў якім разе не трэба рабіць. Прабелы ў самаадукацыі, наадварот, ствараюць магчымасці. Хай буду вынаходзіць ровар, прыдумваць прыёмы, якія да мяне ўжо тысячу разоў прыдуманыя і забытыя, але пры пэўнай упартасці прайду гэты шлях натуральна.

— Дык што рабіць чалавеку, які вельмі хоча быць паэтам?

— Патрэбны дзве рэчы, якія мусіць рабіць і першакласнік, — шмат чытаць і шмат пісаць. Толькі на самым вышэйшым узроўні. Чытаць запоямі сур'ёзную літаратуру. Шмат пісаць, бо літаратура — гэта не шлях спроб, а шлях памылак. Трэба ўсе памылкі самому зрабіць, усвядоміць, што гэта менавіта памылкі. Знаходзіць прыёмы, якія працуюць і з'яўляюцца ўласна вашымі, развіваць, памнажаць іх, імкнуцца, каб тэксты ўражвалі як мага даўжэй не толькі вашых сяброў, але і вас саміх.

— Ці чакаць прыхільнікам новую кнігу паэзіі Віталя Рыжкова?

— Найбліжэйшым часам не. Выпусціўшы першую пяць-шэсць гадоў таму, я зразумеў, што наступныя 5 гадоў пра другую нават думаць не буду. Не бывае дзесяцітомніка добрых вершаў. Сваю першую кнігу я пісаў 8 гадоў, з гэтага перыяду свайго жыцця выбраў толькі 35 вершаў. Працягваю пісаць, але нават яшчэ не спрабаваў складаць творы ў адну папку. Я ведаю гісторыю, якую хачу расказаць прынамсі трыма сваімі кнігамі, але збіраюся іх пісаць ледзь не да канца жыцця.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.