Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Дзе сыноў лава, там жа бацьку слава?

Звычайна пры ўступленні ў шлюб дзяўчына бярэ прозвішча мужа. Але ж гэта не заўсёды. Узяць хоць бы спявачку Русланаву — жонку генерала Крукава. Генералаў на свеце многа, а Русланава такая адна. Ці вось нашы сучаснікі паэт Шніп і пісьменніца Рублеўская. Муж і жонка, але ж Шніп — гэта Шніп, а Рублеўская — гэта Рублеўская. І кожны з іх — асоба, і ў кожнага — імя, прычым досыць гучнае. Не тое што...

У адной нашай дзеўкі, у Надзі, кавалер быў — з іншай вёскі. Нічога не скажаш, нядрэнны хлопец, хораша заляцаўся да яе, потым замуж паклікаў... І яна за яго, напэўна, пайшла б, можа, нават з падскокам, калі б не яго мянушка — Блінец, калі б не прозвішча — Блінахватаў. (Відаць, нехта з продкаў бліны хапаў  проста з патэльні. Дык, можа, і на яго цяпер не напячэшся: «пахватае» і паесць, нікому не пакінуўшы?..) Вось праз гэта і ваганні ў дзеўкі былі.

А хлопец аказаўся ўпарты: неяк, нічога Надзі не кажучы, вырашыў яе перад фактам паставіць, заявіцца ў сваты. Прычым не проста так! У якасці «цяжкай артылерыі» ён уласную маці ўзяў, жанчыну валявую, уладарную (Надзя яе ніколі не бачыла, але ўжо баялася).

І вось той дзень, дакладней — добры летні надвячорак. Дзеўкі нашы — і Надзя ў тым ліку — пакупаліся ў Дняпры, пераплылі на левы бераг, яшчэ і там крыху пабоўталіся — папішчалі, паплялі вяночкі з красак, чуюць — нейкі крык са свайго берага.

— Надзя! Дамоў! — галёкаюць хлапчукі.

— Чаму? — не разумее тая.

— Блінец прыехаў!

— Чаго?

Хлопчыкі — малодшы брат яе з сябрам — ужо нашмат цішэй, каб вёска не чула:

— У сваты...

— Чаго-чаго? — бо дзеўкам жа таксама не чуваць.

Сцэна, карацей, амаль як у фільме «Волга-Волга», калі пісьманосіца Любоў Арлова тэлеграму прымала.

Тады ўжо хлапчукі раззлаваліся і ў дзве глоткі:

— У сва-ты!

Ці не ўся Дняпершчына гэту навіну пачула, з найбліжэйшых хат цёткі на двор павыходзілі. І дзеўкам, вядома ж, хоць-нехаць давялося сабраць манаткі і паплыць назад у Лучын.

На беразе яшчэ адсапліся крыху ды пабеглі да Надзінай хаты. «Група падтрымкі» там пад вокнамі засталася, а сама яна, як была — босая, мокрая, на галаве вяночак — у дом.

Пані Блінахватава ўбачыла яе, ацаніла знешнасць (пра тое, што дзеўка прыстойная, з добрага роду і вучыцца ў інстытуце, разнюхала раней) і, ухваліўшы выбар сына, пайшла ў наступ.

Надзі, карацей, адступаць не было куды: згадзілася выйсці замуж. Бацькі сталі пра вяселле гаварыць. А прозвішча — гэта ж не тэма, гэта ж, як быццам, само сабой?.. «Ага, счас», — як кажа гумарыст Задорнаў, бо Надзя згадзілася выйсці за гэтага хлопца, але ж каб ягонае прозвішча ўзяць, — ды нізавошта: ну, не будзе яна Блінахватавай і ўсё тут!

Думаеце, пры рэгістрацыі шлюбу ў іх канфлікт узнік і вяселля не адбылося? Памыляецеся. Хлопцу было галоўнае гэтую дзеўку ў жонкі ўзяць, і ён саступіў...

Можа, таму, што ведаў: дзеці, калі Бог дасць, будуць Блінахватавы, а ўсё астатняе не вельмі і важна.

Соф'я Кусянкова,

в. Лучын, Рагачоўскі раён


Дзед і Архімед

Прайшла чарговая ўступная кампанія і звязаная з ёй калатнеча, наперадзе (у тых, каму пашчасціла паступіць) — вучоба і, як на мой погляд, дык найцікавейшы, найлепшы час у жыцці. Экзамены, праўда, яго трохі «псуюць», але ж, калі не траціць аптымізму...

Свой самы першы іспыт падчас першай жа студэнцкай сесіі я, што называецца, заваліў, бо паступаў у інстытут пасля службы ў войску і таму зусім забыўся, чым адрозніваюцца лагарыфмы ад інтэгралаў, а ў білеце было акурат пра іх. У выніку для ўсіх аднакурснікаў Каляды былі Калядамі — з халадцамі, пірагамі, і «пальцам піханай» каўбасой, а ў мяне — са здачай хваста. Крыўдна, — хоць проста з моста, але ж і рэчку лёдам скавала!

А таму іду я на пераздачу, атрымліваю заданне вывесці формулу плошчы круга і... з бляскам, за некалькі хвілін выводжу яе! Экзаменатар сваім вачам не верыць, кажа, што я першы з яго студэнтаў, хто так лёгка «ўзяў круг». А заадно — пытаецца, што ж атрымалася мінулы раз, чаму я праваліў экзамен? Сціпла кажу: «Хваляваўся», хоць насамрэч сакрэт быў у іншым. У школе я быў проста закаханы ў геаметрыю! Што і прыдалося — на экзамене па вышэйшай матэматыцы.

Вось з гэтым, можна сказаць, непрадказальным у жыцці і вучобе, што дзе можа спатрэбіцца, сутыкаўся потым яшчэ не раз.

На трэцім курсе, здаецца, вывучалі мы досыць цікавую дысцыпліну — гідраўлікай называецца, навуку пра вадкасці, якія, у залежнасці ад розных параметраў, цякуць у розных напрамках то хутчэй, то павольней.

На першы погляд гэта ўсё проста. Нават дзіця пры дапамозе вентыля можа і магутны вадаспад на кухні зрабіць, і кволенькае кап-кап. А на дачы дык і наогул ці не кожны сваімі рукамі створыць вясёлку. (Для гэтага, паліваючы градкі, дастаткова сціснуць кончык шланга і накіраваць яго ў бок сонца.) Карацей, гідраўліку за асноўны прадмет мы не лічылі (бо не дэталі машын), але ж вывучалі. І здавалі таксама, бо ад гэтага іспыту, не менш чым ад іншых, залежалі памеры стыпендый.

Дык вось. Здаю я экзамен, з задавальненнем, можна сказаць, пачынаю рашаць задачы, звязаныя з велічынёй усё тога ж «ціску», але час ляціць, а вынікаў — нуль: ні ў адной з задач адказ не сыходзіцца, а шукаць памылкі ўжо няма калі: экзаменатар кліча да стала. «Усё, — думаю, — канец падкраўся непрыкметна». Я ледзь паспяваю на хаду прачытаць у білеце першае пытанне: «Вялікія вучоныя гідраўлікі свету»...

Тут варта сказаць, што выкладаў у нас гэты прадмет... дзед (прабачце за рыфму): чалавек гадоў шасцідзесяці-сямідзесяці, фанатычна ўлюбёны ў сваю гідраўліку і да таго ж — трохі філосаф па сваёй натуры. Ён любіў, напрыклад, параўноўваць крывяносныя сасуды чалавека з трубамі, на сценках якіх з цягам часу нешта адкладваецца: у маладых — меней, у пажылых — больш, адсюль і здароўе, і стан іх скуры... Ды што там — ён наогул увесь гэты свет падпарадкаваў бы законам гідраўлікі.

І вось я са сваім «глыбокім» веданнем прадмета саджуся перад ім за стол.

Ён, вядома ж, бачыць маю разгубленасць. Бачыць і тое, колькі я скрэмзаў паперы, спрабуючы рашыць задачы... А таму спачатку хоча падтрымаць: пытаецца, што я ведаю пра «вялікіх гідраўлікаў».

Як тапелец за саломінку я хапаюся за Архімеда — найвялікшага вучонага, бо я трохі ведаю пра ягонае жыццё, чытаў раней, а ў дадатак — во дзе шчасце! — якраз напярэдадні.

Карацей, панесла мяне нібы тога Астапа: расказаў экзаменатару і дзе жыў Архімед, і чым праславіўся, ледзь не ў падрабязнасцях распавёў гісторыю асады Сіракуз... Пасля чаго агаломшаны выкладчык ціха спытаўся: «Можа, вы ведаеце і тое, хто забіў Архімеда?» «А як жа!» — пачаў я, і мой расказ стаў заключным акордам усёй «гераічнай сімфоніі»!..

Потым, праз гады, я калі-нікалі прыгадваў гэты выпадак і думаў, як важна не траціць аптымізму, не здавацца. Бо я ж мог адразу сказаць выкладчыку, што не рашыў ніводнай задачы і, крый Божа, займець чарговы «хвост». А так маю залікоўку ўпрыгожыла чарговая пяцёрка.

Іван Гаральчук,

г. Мінск


Няма лепей, як украдзеш...

Бяруся сцвярджаць, што ў любімай звяздоўскай рубрыцы «Алё, народ на провадзе!» век будзе доўгім, бо жыццё — яно ж не стаіць на месцы, яно ўвесь час падкідвае чытачам новыя і новыя прыгоды, пра якія проста грэх не расказваць іншым!

Неяк раз, напрыклад, іду я дадому палуднаваць, па дарозе з паштовай скрынкі забіраю жыроўку. З аплатай яе я стараюся не цягнуць, бо яно ж спакайней спіш, калі нічога нікому не вінен.

Вось і той раз гляджу я на ўказаныя сумы, дастаю з кішэні самапіску і нататнік, каб на сваёй лесвічнай пляцоўцы запісаць паказанні лічыльніка (і самому ж цікава, колькі там за святло «набегла»?), падымаюся на свой паверх і...

Карціна алеем, як той казаў: на пляцоўцы, прыклаўшы вуха да суседскіх дзвярэй, стаіць прыбіральшчыца (яна, высвятляецца, прыходзіць у наш пад'езд?)... Але чаго? Каб, кажучы мовай пракурора, украсці — незаконным шляхам атрымаць інфармацыю аб тым, што робіцца ў чужым жытле?

Няёмка мне стала за гэту жанчыну, таму, каб даць ёй зразумець, што яна тут не адна, я ціха кашляю ў кулак. Кабета куляй адскоквае ад дзвярэй і літаральна прыліпае да сцяны (прычым якраз там, дзе лічыльнікі...). На твары ў яе страх і разгубленасць, бо злавілі ж, «застукалі», можна сказаць, «на месцы злачынства». Прычым нехта, можа, нават горшы, чым гаспадар кватэры — нейкі мужык з самапіскай і блакнотам...

Трымаючы іх напагатове, я, вядома ж, не меў намеру пытацца ў кабеты, што яна тут робіць (а тым больш запісваць адказ). Я як мага спакайней (лічыльнік у кабеты за спінай) сказаў:

— Прабачце, мне б паказанні зняць...

Ад такой заявы твар жанчыны яшчэ больш бялее, вусны дрыжаць:

— Ніякіх паказанняў я даваць не буду! Не чапайце мяне! Не маеце права! — крычыць яна і, кінуўшы сваю швабру, куляй ляціць уніз па прыступках, выбягае з пад'езда. У ім наступае цішыня.

...Стаяў я ў ёй і думаў, як жа няёмка ўсё атрымалася! Можа, гады ў рады гэта жанчына прыйшла ў пад'езд — з вядром вады і швабрай, прыйшла, трэба разумець, каб навесці парадак? (Ну, можа, заадно і нешта пачуць.). А тут прыносіць мяне, патрабуюць нейкія паказанні...

І гэта ж я быў у джынсах і саколцы. А калі б у форме пракурора?

Праўду кажуць: «Няма лепей, як украдзеш, няма горш, як зловяць.

А. П.,

г. Беразіно

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.