Вы тут

«Гэта магло здарыцца з кожным»


Шчыра скажу, ніколі не думаў, што пра гэта зноў давядзецца ўспамінаць. Тыя падзеі я даўно палічыў для сябе закрытымі. Але зараз мушу сказаць некалькі слоў. Я ехаў у тым поездзе метрапалітэна, вагон якога 11 красавіка 2011 года быў узарваны. На шчасце, не пацярпеў менавіта фізічна, хаця той малюнак і цяпер — варта толькі прыгадаць — стаіць перад вачыма. Дык вось, на ўласны досвед магу сказаць, наколькі параўнальна хутка большасць з нас забывае пра трагедыю, якая асабіста цябе не закранула.


Я не кажу пра бяздушнасць, відаць, так і трэба. Чаго не скажаш пра родных, блізкіх ахвяр. Калі іншыя забудуцца пра бяду, менавіта гэтым людзям яшчэ доўгі час не будуць даваць спакою не толькі пісьмовыя сведчанні ў выглядзе адказаў на пытанні праваахоўнікаў, але і тое, што па нарастаючай пачне з'яўляцца ў інтэрнэце...

Некалі ў журналіста, які пісаў пра тое ці іншае здарэнне, быў час — ад некалькі гадзін да цэлага працоўнага дня, — каб падрыхтаваць публікацыю. Прынамсі, газету не маглі надрукаваць раней наступнага ранку, апярэдзіць газетчыкаў маглі хіба што радыйшчыкі і тэлевізіёншчыкі. Але не ўсе глядзелі ўвечары тэлевізар ці слухалі радыё, таму многія чытачы даведваліся пра навіны ранкам або ўвогуле на працягу наступнага дня. Адпаведна, у журналіста быў час, каб праверыць звесткі. Цяпер усё інакш. Трансляцыя ў сеціве ідзе анлайн або па «гарачых слядах».

...Пацярпелых у гандлёвым цэнтры ўпачатку назвалі дзяўчатамі. Потым высветлілася, што загінулая і адна з параненых — жанчыны за 40 гадоў. Работніцу назвалі сіратой, а яе дзіця — інвалідам. Потым было ўдакладненне, што ў жанчыны была сям'я, а муж абверг чутку пра інваліднасць дачкі, сказаўшы толькі пра праблемы са слыхам. Між іншым, у інтэрнэце пісалі, што побач з целам забітай маці тэлефон разрываўся ад званкоў ад сына... Так, ёсць папярэдняя інфармацыя, якая потым удакладняецца: устанавіць усё і адразу бывае немагчыма. Але яна і не агалошваецца. Дарэчы, цікава, як практычна праз суткі ў інтэрнэце з'явілася фота затрыманага? Кадры, як паведамлялася, былі з запісу следчых дзеянняў...

Чаму здзіўляцца, што неўзабаве было агучана імя, месца вучобы затрыманага. Працэс быў запушчаны, астатняе — справа тэхнікі. Сціплыя (для прэсы, але не ў сеціве) каментарыі даюць аднагрупнікі, рэктар... Вось ужо інтэрв'ю з бацькам падазраванага, іншымі яго роднымі. Магчымага злачынцу пазнае спартыўны трэнер... Друкаваныя выданні ў выдачы інфармацыі відавочна прайграюць інтэрнэт-парталам, але мусяць «падцягвацца». Прынамсі, у іх звесткі не такія супрацьлеглыя і больш правераныя. Затое можна ўжо спрабаваць абагульняць, рабіць нейкія папярэднія высновы ці хоць бы выказваць меркаванні...

І ўсе мы, не адрываючыся ад манітораў, чакаем чарговай порцыі звестак.

А як па мне, дык не мае вялікага значэння, у якой ВНУ вучыўся гэты нелюдзь і за якія грошы ён купіў бензапілу. Галоўнае — ЧАМУ ён пайшоў на гэта.

І не ўсе задумваюцца і памятаюць, што менавіта ў гэты час хаваюць забітую ў гандлёвым цэнтры жанчыну. Што ў яе сям'ю раптоўна прыйшло гора, якое, як высвятляецца, магло здарыцца з кожным. І вось гэта «З КОЖНЫМ» самае, на мой погляд, страшнае. Тое, што было нельга і пра што ніхто не думаў, аказалася для некага дазвольным. «Як такое стала магчымым?» — задаваўся я пяць гадоў таму пытаннем разам з іншымі пасля выбуху ў метрапалітэне. Задаю сабе гэта пытанне і цяпер...

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Якое пытанне — найпершае?

Выбар рэдакцыі

Культура

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

Лёс другога зборніка ў літаратарскай кар’еры — самы складаны. 

Культура

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

На пытанні «Звязды» адказвае галоўны рэдактар расійскага літаратурнага часопіса «Москва».

Калейдаскоп

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.