Вы тут

Як не дапусціць хатняй тыраніі і выратавацца ад яе наступстваў.


Кожнае трэцяе забойства ў Беларусі здзяйсняецца рукамі сваякоў, а кожны чацвёрты беларус атрымлівае цяжкія цялесныя пашкоджанні ад блізкіх людзей. Штогод органамі ўнутраных спраў у краіне рэгіструецца каля 80 тысяч паведамленняў аб хатнім гвалце, аднак насамрэч гэтая лічба большая. Як дапамагчы ахвярам, якія пацярпелі ад рук родных, расказалі спецыялісты.


Прафілактычны ўлік і папераджальныя прадпісанні

Работа па прафілактыцы сямейнага гвалту вядзецца адпаведнымі органамі сістэматычна. Супрацоўнікі органаў унутраных спраў маюць сур'ёзны інструментарый для рэагавання на гэтую праблему. Летась да адміністрацыйнай адказнасці за дамашнюю тыранію было прыцягнута звыш 49 тысяч грамадзян, расказаў Сяргей КРАСУЦКІ, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення — начальнік упраўлення прафілактыкі галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі МУС:

— Летась істотна змянілася заканадаўства аб прафілактыцы правапарушэнняў, якое датычыцца найперш прафілактыкі хатняга гвалту. Цяпер можна на ранняй стадыі прымяняць шырокі спектр папераджальных мер для барацьбы з хатнім гвалтам. Гэта прафілактычны ўлік, дзе знаходзіцца зараз 21 тысяча грамадзян, а таксама абаронныя прадпісанні — за два месяцы 2023-га прыменена ўжо пяць тысяч мер такой індывідуальнай прафілактыкі правапарушэнняў (у большасці гэтых выпадкаў чалавек, які здзейсніў насілле, выдаляецца з агульнай з ахвярай жылплошчы).

Дакладна вызначаны таксама абавязкі кожнага суб'екта прафілактыкі правапарушэнняў, у тым ліку прадстаўнікоў Мінпрацы, Мінадукацыі, Міністэрства аховы здароўя і іншых. Самае галоўнае пры гэтым — захаваць чалавечае жыццё і аказаць дапамогу, найперш жанчынам і дзецям. Прафілактычная работа, якая праводзіцца, дазваляе ў цэлым не дапусціць сур'ёзных змен па здзяйсненні цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў у сферы хатняга гвалту. Адзначаецца таксама змяншэнне колькасці такіх злачынстваў, дадаў прадстаўнік МУС:

— Па выніках трох месяцаў колькасць забойстваў знізілася на 10 %, нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў паменшала на траціну, аднак заспакойвацца на гэтым рана.

Званок са скаргай аб насіллі ў міліцыю не азначае, што нехта адразу будзе прыцягнуты да адказнасці, паколькі добра наладжана ўзаемадзеянне з іншымі органамі, падкрэсліў Сяргей Красуцкі:

— Калі чалавек не жадае разбіральніцтва ў межах крымінальнага ці адміністрацыйнага працэсу, мы можам прыняць інфармаваную згоду і параіць чалавеку, куды звярнуцца.

Адрасныя наведванні пацярпелых і злачынцаў

Адным з элементаў сумеснай работы МУС і адпаведных органаў па прафілактыцы хатняга гвалту ў краіне стала традыцыйная красавіцкая акцыя «Дом без насілля». У яе межах супрацоўнікі выступаюць у працоўных і навучальных калектывах, наведваюць падуліковых грамадзян, найперш тых, хто неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці, а таксама «прытоны», дзе адбываліся выпадкі хатняга гвалту.

Не забываюцца і пра тых, хто скардзіўся на хатні гвалт, але злачынца так і не быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнаці (найперш з-за нежадання самой ахвяры). Разглядаюцца і пытанні аб абмежаванні дзеяздольнасці і накіраванні ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі. Пад узмоцненым кантролем падчас акцыі таксама сем'і з дзецьмі, якія прызнаны асобамі, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Інфармацыйная дапамога — кожнаму непаўналетняму

Меры па прафілактыцы хатняга гвалту ў дачыненні да непаўналетніх прымаюцца і ва ўстановах адукацыі. На асаблівы кантроль узяты пытанні планавання выхаваўчай работы і алгарытму інфармавання педработнікаў, бацькоў, апекуноў, папячыцеляў і навучэнцаў аб гвалтоўных фактах, якія існуюць у дачыненні да непаўналетніх. Наладжана міжведамасная работа па выяўленні неспрыяльнай для дзяцей абстаноўкі, каардынуецца ўзаемадзеянне з сям'ёй з боку розных службаў, акрэсліла Наталля ЧААБ, кансультант упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі:

— Ва ўстановах адукацыі арганізавана прафілактычная работа з усімі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу па павышэнні псіхолага-педагагічнай культуры, прадухіленні гвалту, жорсткага абыходжання з дзецьмі. Ладзяцца тэматычныя размовы з вучнямі, як абараніць сябе, калі дзіця апынулася ў адпаведнай сітуацыі. Вучням паведамляецца кантактная інфармацыя, куды можна звярнуцца па дапамогу. Гэтыя ж звесткі знаходзяцца на сайце Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі. Даступныя яны і праз QR-код у дзённіках.

У краіне працуе 146 сацыяльна-педагагічных цэнтраў, 94 з якіх маюць у сваім складзе дзіцячыя сацыяльныя прытулкі. Нумары тэлефонаў даверу для дзяцей змешчаны на інфармацыйных стэндах у школах і на іх сайтах.

«Бацькоўскі ўніверсітэт» і сацыяльнае расследаванне

Для бацькоў існуе праект «Бацькоўскі ўніверсітэт», куды запрашаюць зацікаўленых суб'ектаў прафілактыкі, і бацькі могуць звярнуцца да іх з пытаннямі. Калі паступае інфармацыя аб неўладкаванасці ў сям'і, неадкладна праводзіцца сацыяльнае расследаванне, якое дазваляе комплексна ацаніць сітуацыю ў сям'і і становішча дзіцяці ў ёй.

— У краіне назіраецца станоўчая дынаміка па ліквідацыі неспрыяльных сітуацый для дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. 22 031 дзіця летась знята з гэтага ўліку, — паведаміла Наталля Чааб. — Пры гэтым 16 981 дзіця знята з уліку пасля нармалізацыі сітуацыі ў сям'і.

Схавана ад вачэй — не азначае, што не існуе

Праблема хатняга гвалту характарызуецца высокім узроўнем латэнтнасці, бо прыватнае сямейнае жыццё часта схавана ад чужога вока. Менавіта таму так важна расказваць пра яе існаванне, каб прыцягнуць увагу грамадскасці, упэўнены Арцём МАЛМЫГІН, загадчык сектара наркалагічнага маніторынгу і прэвенталогіі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя:

— У беларускім грамадстве сустракаюцца ўсе формы сямейнага гвалту: псіхалагічны, фізічны, эканамічны і сексуальны, і першае месца займае менавіта псіхалагічны.

Каб павысіць дасведчанасць насельніцтва ў гэтай тэме, Міністэрства аховы здароўя ладзіць лекцыі, семінары, навучальныя трэнінгі і заняткі. Частка з іх скіравана на абазначэнне прыкмет хатняга гвалту. Медсупрацоўнікі пастаянна наведваюць установы адукацыі і выступаюць у калектывах. І не трэба саромецца задаваць урачам пытанні па тэме.

Патрэба ў крызісных пакоях і сацыяльным патранаце

Насілле па-ранейшаму застаецца сур'ёзным выклікам у справе дасягнення фактычнай роўнасці мужчын і жанчын. Нацыянальным планам дзеянняў па забеспячэнні гендарнай роўнасці на 2021—2025 гады ў раздзеле «Супрацьдзеянне хатняму гвалту і гандлю людзьмі» прадугледжаны шэраг мерапрыемстваў па павышэнні эфектыўнасці супрацьдзеяння хатняму гвалту, у тым ліку аказанне дапамогі пацярпелым асобам, паведаміла Алена КОМЛІК, кансультант упраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны:

— Асноўная дзейнасць Мінпрацы ў сферы супрацьдзеяння хатняму гвалту скіравана на развіццё ўстаноў, якія аказваюць дапамогу пацярпелым ад гвалту, і павышэнне якасці аказання паслуг. У сістэме ведамства існуюць 146 тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і два гарадскія цэнтры сацыяльнага абслугоўвання сям'і і дзяцей (у Мінску і Гомелі). У гэтых установах аказваюцца кансультацыйна-інфармацыйныя, сацыяльна-псіхалагічныя паслугі, а таксама паслугі пасрэднікаў, сацыяльнага патранату, часовага прытулку.

Апошняя з пералічаных паслуг аказваецца людзям, якія маюць патрэбу ў бяспечным пражыванні. Для гэтага развіваецца сетка крызісных пакояў. Іх цяпер 136, дзе арганізавана 435 койка-месцаў, у тым ліку 129 — для дзяцей. Летась такая паслуга была аказана 591 грамадзяніну, 330 з якіх пацярпелі ад гвалту ў сям'і.

Заканадаўства пастаянна ўдасканальваецца, узяўшы кірунак на спрашчэнне выдзялення прытулку і аказанне комплекснай паслугі пацярпелым ад гвалту. Наладжаны кругласутачны доступ у крызісны пакой. Пацярпелыя бясплатна забяспечваюцца пасцельнай бялізнай і, калі неабходна, сродкамі гігіены, ежай і піццём, удакладніла прадстаўніца Мінпрацы:

— Паслуга аказваецца незалежна ад месца жыхарства ці рэгістрацыі, а пры экстраннай неабходнасці — і без дакумента, які сведчыць асобу (на падставе пісьмовай заявы пацярпелага). Аднак цягам трох дзён дакумент неабходна прад'явіць або звярнуцца па аднаўленне ў органы ўнутраных спраў, калі дакумент быў страчаны. Тэрмін пражывання вызначаецца ў дагаворы і можа быць працягнуты з улікам абставін. Пры неабходнасці пацярпелым дапамагаюць у пошуках працы і жылля, наладжванні сваяцкіх сувязяў.

Паслуга сацыяльнага патранату — міжведамаснае суправаджэнне асоб, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, — скіравана на аднаўленне нармальнай жыццядзейнасці, мабілізацыю і рэалізацыю ўласнага патэнцыялу грамадзян для вырашэння праблем. Летась такой паслугай скарыстаўся 671 пацярпелы ад хатняга гвалту.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.