Вы тут

Літаратурны Нобель Бобу Дзілану: за ці супраць?


Днямі стала вядома, што сёлета лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры названы спявак, пісьменнік, мастак і акцёр Боб Дзілан. У фармулёўцы аб узнагародзе адзначаецца, што прэмію Дзілан атрымаў «за стварэнне новых паэтычных выразаў у межах амерыканскай песеннай традыцыі». А пастаянны сакратар Шведскай акадэміі Сара Дэніус такое нечаканае рашэнне патлумачыла так: «Калі мы азірнёмся ў мінулае, то ўспомнім Гамера і Сапфо. Яны стваралі паэтычныя тэксты, якія прызначаліся для выканання пад музыку. Мы ўсё яшчэ чытаем Гамера і Сапфо, і нам гэта падабаецца. Тое ж і з Дзіланам. Яго можна і трэба чытаць. Ён вялікі паэт у англамоўнай паэтычнай традыцыі».


Такое нечаканае рашэнне Нобелеўскага камітэта выклікала хвалю спрэчак і абмеркаванняў. Мы запыталіся ў айчынных пісьменнікаў, як яны паставіліся да гэтай навіны.

Паэт, галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Віктар ШНІП:

— Нечакана, калі Нобелеўскую прэмію даюць чалавеку, больш вядомаму як музычны выканаўца. У нейкім сэнсе гэта адсоўвае на другі план саму літаратуру, хоць, канешне, члены Шведскай акадэміі мелі прычыны назваць менавіта Боба Дзілана. Дарэчы, дзякуючы гэтай навіне ў нас з'явілася магчымасць вярнуцца ў нашу маладосць, паслухаць тыя ж песні (тады і гэта музыка, і паэзія былі новымі для нас, сталі часткай нашага культурніцкага выхавання), успомніць мінулае. Але ж было б больш лагічна, калі б Нобелеўскую прэмію далі вядомаму ў свеце літаратару, уласна я сярод прэтэндэнтаў нарэшце адзначыў бы Харукі Муракамі. Ён чытаецца ва ўсім свеце, чарговы раз стаў намінантам на прэмію і зноў яе не атрымаў, хоць Святлана Алексіевіч атрымала яе таксама не адразу. Ёсць каго ўзнагародзіць і сярод нашых аўтараў — адзнака беларускага пісьменніка другі раз запар была б такой жа неспадзяванкай, як і Боб Дзілан у якасці лаўрэата.


Пісьменнік, галоўны дырэктар міжнароднага радыё «Беларусь» Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ:

— Выбар шаноўнага Нобелеўскага камітэта трэба, безумоўна, паважаць, ды і асоба Боба Дзілана досыць аўтарытэтная ў свеце мастацтва. Так, хутчэй, мастацтва, а не толькі літаратуры. Таму сёлетні выбар акадэмікаў незвычайны. Тым больш, калі мы гаворым пра ролю кнігі, пра зніжэнне папулярнасці чытання.Таму, віншуючы папулярнага спевака, акцёра і літаратара, хочацца спадзявацца, што высокі аўтарытэт Нобелеўскай прэміі па літаратуры будзе мацавацца больш глыбокім і абгрунтаваным выбарам і абапірацца на творы ўласна літаратуры, шырока вядомыя і прызнаныя ва ўсім свеце.


Празаік, драматург Валерый ГАПЕЕЎ:

— Мне патэлефанаваў сябар, які вельмі любіць чытаць, і спытаў: гэта ён здурнеў і нічога не разумее, альбо нешта не так у свеце? Тады я нагадаў яму пра Нобелеўскую прэмію міра, якую далі Бараку Абаму. Сябра запярэчыў нясмела: тут жа палітыка. На што я заўважыў — палітыка ўсюды. Па шчырасці, мяне вельмі мала зараз цікавяць абсалютна ўсе прэміі. Бо ж відавочна, яны ніякім чынам не адлюстроўваюць рэальнай літаратурнай сітуацыі, папулярнасці, значнасці таго ці іншага аўтара, яго ўнёску ў развіццё літаратуры, яго таленту. Сумна, па шчырасці. Хіба цікава чытаць сацыяльныя сеткі — каментарыі бываюць вельмі трапныя і смешныя. Кшталту: «Ну які ж рускі не любіць перачытаць нанач томік Дзілана!» Такім чынам, прэміі для мяне цікавыя хіба што ў плане разважанняў і каментарыяў пасля падзеі. Тут ужо нешта рэальнае пачынае вымаўлёвацца ў нашым царстве літаратурным.


Празаік, пераможца конкурсу «Першая глава» Ігар ПАЛЯКОЎ:

— Я добра стаўлюся да прысуджэння прэміі менавіта Бобу Дзілану. Так, сёння Нобелеўская прэмія па літаратуры — гэта не толькі прэмія па літаратуры. Але здаецца, менавіта сёння не хапае людзей, здольных змяняць сваім словам — пакаленне, кірункі ў музыцы, ды і ўплываць на грамадства ў цэлым. Дарэчы, я так разглядаю творчасць выдатных музыкаў — у цэльнасці: іх тэксты ды музыка — адно слова. Так што, па мне, гэта гісторыя Боба Дзілана. Чаму не? Хоць, спадзяюся, прэмія для Муракамі таксама не за гарамі.

Марына ВЕСЯЛУХА, Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.