Вы тут

Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на здымках дакументальнага фільма


Па заснежанай дарозе рухаецца танк чэшскай вытворчасці. На брані сядзяць стомленыя немцы. І раптам іх спакой парушаюць стрэлы. Саскочыўшы на зямлю, салдаты разбягаюцца хто куды. Рухавік спыняецца, над танкам узнімаецца клуб чорнага дыму — «саракапятка» трапіла ў цэль...


На шчасце, падобны сюжэт сёння можна ўбачыць толькі падчас пэўнай ваенна-гістарычнай рэканструкцыі або ў кіно. У прыватнасці, у дакументальнай стужцы, над якой працуе творчая каманда Генеральнага прадзюсарскага цэнтра Белтэлерадыёкампаніі.

На здымачнай пляцоўцы пабывалі карэспандэнты «Звязды». І быццам трапілі ў дзве розныя эпохі. Прычым тыя, якія прадвызначылі сучасны лёс не толькі нашай краіны, а і ўсяго свету.

Артэфакты трагедыі

Дакументальны аднасерыйны фільм вяртае ў падзеі Першай і Другой сусветных войнаў. Вайскоўцы 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна, які ажыццяўляе ў нашай краіне пошукавыя работы, на адным з аб'ектаў знаходзяць ваенныя артэфакты. Праваслаўны крыжык, губны гармонік, ручка і каска адсылаюць гледача да падзей той вайны, з якой яны да нас прыйшлі.

Кожны з гэтых прадметаў у свой час належаў канкрэтнаму чалавеку. Апошнія хвіліны яго жыцця можна будзе ўбачыць на вялікім экране. Кім быў гэты герой, аўтары карціны наўмысна не кажуць.

Справа ў тым, што большасць астанкаў, знойдзеных пошукавікамі ў ХХІ стагоддзі, распазнаць немагчыма. Устанавіць імя дапамагаюць так званыя «смяротныя медальёны» — эбанітавыя капсулы з укладышам, якія ўтрымліваюць асноўныя звесткі аб вайскоўцу. На жаль, сёння такія знаходкі — рэдкасць. Так і застаюцца знойдзеныя салдаты без прозвішчаў. Менавіта ім і прысвечаны фільм «Безыменны батальён».

— Калі гаворка ідзе пра масавую гібель людзей, мне здаецца, няважна, у якую вайну гэта было: і Першая, і Другая сусветная — жудасныя падзеі, ахвярамі якіх сталі мільёны чалавек, — гаворыць адзін з аўтараў сцэнарыя Ганна Ваганава. — Гэты фільм не проста пра герояў Першай і Другой сусветных войнаў. Людзі, якія сёння займаюцца пошукамі палеглых воінаў і ўвекавечваннем іх памяці, — таксама героі.

Маладая сцэнарыстка, якая толькі дэбютуе ў дакументалістыцы, лічыць, што аб тых падзеях яшчэ не ўсё сказана. Ды і ў сітуацыі, калі многія гістарычныя факты скажаюцца, а гісторыя ўвогуле перапісваецца, варта нагадаць аб трагедыі, якую перажыў у тым ліку беларускі народ.

Схіляючы галовы перад подзвігам

Суаўтар сцэнарыя Руслан Туркоў да гістарычнай тэматыкі нераўнадушны яшчэ з дзяцінства. Будучы падлеткам, ён проста зачытваўся кнігамі аб Другой сусветнай вайне. І відаць, нездарма: у яго творчай скарбонцы — больш як 300 дакументальных фільмаў.

— Добра знаходзіцца ў тым асяроддзі, у якім ты сябе адчуваеш як рыба ў вадзе, — перакананы Руслан Туркоў. — Тэма кінастужкі мне блізкая яшчэ і таму, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны загінулі два мае дзяды. Дзе знаходзяцца іх магілы, для маёй сям'і пакуль загадка. Спадзяюся, што калі-небудзь мне ўдасца высветліць, як абарваўся іх лёс. Здымаючы дакументальны фільм на гэтую тэму, мы аддаём даніну памяці, схіляем галовы перад подзвігам нашых дзядоў, у тым ліку тых, хто і дагэтуль лічыцца зніклым без вестак.

Аўтары сцэнарыя запэўніваюць, што фільм будзе цікавы розным пакаленням. Асабістыя гісторыі салдат цесна пераплецены з эпізодамі баявых дзеянняў. Рэалістычнай карціну робяць ваенная тэхніка, аўтэнтычная форма вайскоўцаў розных часоў і армій.

Эпізоды ваенных баталій дапамаглі аднавіць прафесійныя рэканструктары. Учора яны былі салдатамі Першай сусветнай вайны, сёння — Вялікай Айчыннай. Хоць прамежак паміж войнамі невялікі, адрозненне адчуваецца ва ўсім.

— Падчас Першай сусветнай вайны тактыка вядзення бою была іншай у параўнанні з Вялікай Айчыннай, — кажа камандзір і кіраўнік ваенна-гістарычнага клуба «Салдаты Перамогі» Юрый Перапечын. — Можна сказаць, нават больш адкрытай. Калі салдат Першай сусветнай мог падняцца з акопа і ісці ў поўны рост, то воін Другой сусветнай вымушаны быў больш поўзаць, чым хадзіць, бо мацней перажываў за сваё жыццё.

Улічыць кожную дробязь

Здымаць гістарычныя карціны яшчэ і надзвычай складана. Трэба ўлічыць усе дэталі, ажно да гузіка на мундзіры салдата. Але калі за справу бяруцца прафесіяналы, за рэалістычнасць можна быць спакойным.

За вобразы герояў у кінастужцы адказвае мастак-стыліст праекта Дзіяна Слінко-Сігова. Каб зрабіць іх праўдападобнымі, перш чым узяцца за справу, яна чытае гістарычную літаратуру, раіцца з гісторыкамі, экспертамі. А каб створаныя яе рукой шрамы і раны ў кадры былі рэалістычнымі, яна вывучае пластычную анатомію.

— Падмануць гледача вельмі проста, таму варта валодаць шматлікімі нюансамі, — лічыць мастак-стыліст. — Напрыклад, разумець, калі насіўся той ці іншы ўзор ваеннай формы, якія ўзнагароды прысвойваліся ў канкрэтны перыяд часу. А вы ведаеце, напрыклад, што чым вышэйшы чын, тым даражэйшыя абутак і рукавіцы? Разумны глядач заўважыць кожную дэталь. І гэта датычыцца не толькі вобразу герояў.

— Здымаць на гістарычную тэматыку вельмі цікава, — прызнаецца рэжысёр дакументальнага фільма «Безыменны батальён» Юрый Даброў. — Сучасны глядач настолькі спакушаны вялікім аб'ёмам інфармацыі, што яго цяжка чым-небудзь здзівіць. Але мы паспрабуем. Хоць бы тым, што вырашылі паказаць лёсы салдат не толькі з розных эпох, а і з акопаў.

Наколькі рэалістычна ўдалося ўзнавіць найбольш трагічныя падзеі мінулага стагоддзя, можна будзе пабачыць у эфіры тэлеканала «Беларусь 1» увечары 21 снежня.

Вераніка КАНЮТА

kаnуutа@zvіаzdа.bу

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Героі без імёнаў

Каментары

Вы точно уверены, что снимала "творчая каманда Генеральнага прадзюсарскага цэнтра Белтэлерадыёкампаніі"? Сайт БТ не знает такого центра, а ГПЦ (GPC) - это торговая марка маленькой частной компании "Чародей-Фильм" на Скрыганова. У них "достоверность" исторических реконструкций, как всегда, на высоте: танкист чешско-немецкого танка Pz-38(t) в советском шлеме и танковом комбинезоне.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.