Вы тут

Фларыст — пра тонкасці прафесіі, моду на кветкі і стэрэатыпы


Чаму жанчыны не любяць гваздзікі, а жоўты колер зноў у модзе?

У прафесіі фларыста ўсе бачаць толькі прыгожы бок — вынік. За кадрам жа заўсёды застаецца ўвесь працаёмкі працэс. Пра тонкасці прафесіі, моду на кветкі і стэрэатыпы расказвае фларыст Алеся ГАНЧАР.


Фла­рыст Але­ся ўпэў­не­на: у пры­ро­дзе ня­ма дзвюх цал­кам ідэн­тыч­ных кве­так.

Кветкавая мода

У фларыстыцы існуе свая мода. Так, напярэдадні зімовых святаў з кожным годам усё больш дамоў упрыгожваецца каляднымі вянкамі, усё больш офісаў афармляецца кветкавымі кампазіцыямі. Наогул, кветкі — абавязковы атрыбут кожнай важнай падзеі ў жыцці. Менавіта таму любы нестандартны стыльны падыход да афармлення цяпер у модзе. Напрыклад, вясельныя букеты зараз сталі больш вялікімі і пышнымі. У іх фларысты ўключаюць сукуленты, часам нават калючкі, або ствараюць монабукеты з аднаго віду кветак або раслін, часам з выкарыстаннем такога незвычайнага матэрыялу, як бавоўна.

— Новаўвядзенні ў фларыстыцы з'яўляюцца штодня, — прызнаецца Алеся, — бо ў працэсе творчасці пры стварэнні букета альбо кампазіцыі ўзнікае маса ідэй, выкарыстоўваецца нейкі сезонны матэрыял, які можна знайсці ў лесе, на полі і нават не звярнуць увагу, але ён стане той самай «разыначкай».

Традыцыйна беларускія жанчыны любяць ружы, цюльпаны, півоні. Але зараз асабліва папулярныя ранункулюсы, альстрамерыі, гартэнзія. Любімыя колеры ў букетах — ружова-фіялетавы, чырвоны. Ёсць і абсалютна бяспройгрышнае спалучэнне, якое падыходзіць да любой нагоды і любому чалавеку. Гэта бела-зялёная гама: тандэм пяшчотных белых кветак і зеляніны.

Так, як і ва ўсім іншым, мода ў фларыстыцы цыклічная і адназначна вяртаецца. Магчыма, толькі ў іншай інтэрпрэтацыі і з падачай пад іншым вуглом.

Тра­ва, ліс­це, яга­ды, га­род­ні­на і са­да­ві­на — усё гэ­та вы­гля­дае ў во­сень­скім бу­ке­це вель­мі ар­га­ніч­на.

У кожнага сезона — свая прыгажосць

Букеты адрозніваюцца адзін ад аднаго ў залежнасці ад сезона. Напрыклад, зімой фларысты часцей за ўсё выбіраюць ігліцу, шышкі, палачкі карыцы, бавоўну і жалуды. Але часам спецыяльна імкнуцца вылучыць букет на фоне снегу, зрабіўшы яго яркім і цёплым. Для гэтага дадаюцца вінныя, залатыя адценні, якія спалучаюцца з шэрым лісцем і ягадамі.

Вясной букеты размалёўваюцца ў акварэльныя колеры, бо менавіта ў гэты перыяд прырода абуджаецца і нам так патрэбныя адценні неба, ружова-аранжавага світання, пяшчотнай зеляніны, першых кветак. Гэты сезон прыўносіць у букеты пастэльныя колеры: ружовыя, салатавыя, далікатна-блакітныя, далікатна-фіялетавыя, а таксама шмат легкадумных дэталяў — стужак, карункаў, пер'я.

Летам кветкавыя кампазіцыі становяцца ўсё больш яркімі і насычанымі. У гэты сезон абуджаецца асноўнае «фларыстычнае» жыццё — больш вяселляў і мерапрыемстваў на адкрытым паветры. Акрамя гэтага, мноства кветак, як нашых, так і прывазных, даступныя і радуюць сваёй раскошай.

Асабліва падабаюцца нявестам марскія букеты, якія робяць для тэматычных вяселляў з выкарыстаннем ракавінак, упрыгожаных караблікамі і бела-сінімі стужкамі. Не выходзіць з моды і «рустык» — стыль сельскіх вяселляў.

Аднак прастата заўсёды зманлівая. Лічыцца, што чым прасцей выглядае дэкор, тым складаней яго стварыць.

Восеньскія кампазіцыі з кветак — адны з самых яркіх. Трава, лісце, ягады, гародніна і садавіна — усё гэта выглядае ў восеньскім букеце вельмі арганічна. Усе «ядомыя» адценні чырвонага, аранжавага, охры будуць да месца і створаць атмасферу ўтульнасці.

— Я вельмі люблю дадаваць у букеты натуральныя матэрыялы, — гаворыць Алеся. — Напрыклад, сабраныя на палях каласы. Мае любімыя стылі афармлення — гэта вясковы, рустыкальны і «боха». Ім уласцівыя прастата, лёгкасць, свабода і пры гэтым натуральнасць. У гэтых стылях дапушчальны толькі жывы матэрыял. Можна выкарыстоўваць і засушаны, але не штучны. Як і многім фларыстам, мне складана прыняць ідэю працы са штучнымі кветкамі, але пры ўзнікненні жадання падоўжыць жыццё кампазіцыі я з радасцю працую з сухацветамі.

За­раз ня­вес­ты ўсё час­цей вы­бі­ра­юць вя­лі­кія і пыш­ныя бу­ке­ты.

Стэрэатыпы

— У фларыстыцы існуе шмат стэрэатыпаў. Вось, напрыклад, адзін з іх: жанчыны ўпарта не любяць гваздзікі. Лічаць іх несвяточнымі кветкамі. Хоць у букеце іх нават не пазнаюць і часам блытаюць з півонямі. Але гваздзікі могуць быць не толькі чырвонымі. Існуе вялікая колькасць адценняў ад снежна-белага, пяшчотна-ружовага да ярка-ружовага і фіялетавага. І пры гэтым гваздзікі — вельмі ўстойлівыя кветкі з неверагодна далікатным водарам. За ўсе гэтыя вартасці фларысты вельмі любяць працаваць з гваздзікамі і спадзяюцца, што з кожным годам аматараў гэтых кветак стане яшчэ больш.

Разам з тым усё больш нявест выбірае жыццярадасны жоўты для асноўнага колеру свайго вяселля і не звяртаюць увагі на стэрэатыпы. Бо і праўда: усе адценні лімона, лайма, апельсіна настройваюць толькі на пазітыўны і вясёлы лад і вельмі асвяжаюць букет або кампазіцыю.

— Выбар кветак для вясельнага букета вельмі індывідуальны і залежыць ад сезона, пераваг нявесты, каляровай гамы, бюджэту букета. Я думаю, што непажаданых кветак у любой кампазіцыі або букеце няма, галоўнае, каб яны падыходзілі ўладальніку. А для фларыста няма нічога цікавей, чым брацца за незвычайныя, арыгінальныя задумкі і выкарыстоўваць новыя сарты кветак.

Ка­лас­кі ў бу­ке­це — гэ­та пра­ста­та, лёг­касць і сва­бо­да.

Зімовая кампазіцыя

Як прызнаецца Алеся, зімовую кампазіцыю для дома самастойна зрабіць вельмі лёгка. З адмысловых матэрыялаў спатрэбіцца задэкарыраваная ёмістасць — невялікае вядзерца альбо гаршчок, а таксама спецыяльная зялёная фларыстычная губка. Усё гэта можна знайсці ў спецыялізаваных крамах. А далей усё робіцца выключна па вашым жаданні. Акрамя галоўнага зімовага атрыбута, галінак елкі або хвоі, можна дадаць жывыя кветкі. А яшчэ галінкі елкі прыгожа выглядаюць разам з долькамі апельсіна, шышкамі, банцікамі і навагоднімі цацкамі.

Для таго, каб кампазіцыя прастаяла даўжэй, змяшчаць кветкі і галінкі неабходна ў папярэдне падрэзаную па памеры фларыстычную губку, вымачаную ў вадзе і замацаваную ў ёмістасці такім чынам, каб сама губка была не бачна. Яе, дарэчы, можна задэкарыраваць мохам, шышкамі або яловымі лапкамі. Каб кампазіцыя выглядала натуральна, пажадана афармляць яе не больш чым у трох колерах.

— Я лічу, — прызнаецца фларыст, — што чым больш незвычайная кампазіцыя з кветак, тым цікавей яе разглядаць. Але ва ўсім абавязкова павінна быць гармонія і найлепшая якасць фларыста, як часта кажуць — уменне своечасова спыніцца. Тым не менш «разыначка», асноўная ідэя абавязкова павінны прысутнічаць у любой кампазіцыі, нават самай маленькай. Да кветак можна дадаць любую садавіну ці гародніну, галоўнае, каб гэта адпавядала задумцы букета. Заўсёды добра глядзяцца ў кампазіцыях шышкі, ягады, незвычайныя галінкі, кавалачкі кары, моху, бярозавыя спілоўкі. Галоўнае, каб у выніку кампазіцыя выглядала натуральна і цэласна.

Каб прастаялі даўжэй

Калі набываеце кветкі, аддавайце перавагу тым, чые бутоны раскрыліся напалову. Гэта дасць ім магчымасць раскрыцца пасля. Важна таксама, каб кветкі захоўваліся ў спецыяльным халадзільніку, былі нядаўна прывезены і візуальна выглядалі свежымі.

Для таго, каб букет радаваў вас як мага даўжэй, кожны дзень мяняйце ваду ў вазе і падразайце сцёблы па дыяганалі на 45 градусаў. Гэта дасць магчымасць кветцы «піць» больш вады. Сутыкненне зрэзу сцябла з паветрам прыводзіць да закупорвання пор і таго, што вада перастае «сілкаваць» кветку, таму і неабходны свежы зрэз.

Акрамя таго, кветкі не любяць скразнякоў і рэзкай змены тэмпературы, таму абавязкова пры транспарціроўцы на холадзе «ўцяпляйце» іх, а пры дастаўцы дадому не стаўце адразу ў ваду: дайце прывыкнуць букету да цяпла.

У выпадку, калі вы купляеце кветкі, а не гатовы букет, абавязкова паабрывайце ўсё ніжняе лісце, каб яно не датыкалася да вады і не пачало загніваць.

Каб падоўжыць жыццё зрэзаных кветак у вазе, фларысты часам выкарыстоўваюць антысептыкі ў парашку.

Пра складанасці і любімыя моманты прафесіі

— У фларыстыцы, — расказвае Алеся, — як і ў кожнай прафесіі, ёсць пэўныя складанасці. Напрыклад, калі ты не можаш даць заказчыку патрэбны сорт кветак, бо зараз не сезон. Асабліва гэта тычыцца рэдкіх сартоў. Спецыфіка працы з жывымі кветкамі таксама мае на ўвазе пэўныя ўмовы транспарціроўкі і захоўвання, а таксама догляду за імі. Фізічна гэта сапраўды нялёгкая праца. Аднак вынік, які звычайна пераўзыходзіць усе самыя смелыя чаканні, варты затрачаных сіл.

Мне больш за ўсё падабаецца магчымасць выказвання ідэі і стварэння вобраза праз кветкі.

Складана знайсці больш дзіўны, непаўторны і шматгранны матэрыял для творчасці, — гаворыць дзяўчына. — Прырода ніколі не стварае двух аднолькавых людзей. Не існуе і дзвюх цалкам ідэнтычных кветак. Іх можна разглядаць бясконца, але ўсё роўна яны будуць рознымі.

Я люблю падбіраць колеравыя і кветкавыя спалучэнні, якія падыходзілі б пэўнаму чалавеку. Люблю адкрываць новыя сарты, спалучэнні колераў, спрабаваць новыя варыянты кампазіцый. Проста трымаць у руках кветкі — гэта ўжо велізарнае задавальненне для мяне. А самае каштоўнае — гэта бачыць шчаслівыя твары нявест, мець магчымасць сваімі рукамі парадаваць родных і блізкіх, стварыць нешта непаўторнае.

Ганна БАГІНО

bahіno@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Сакрэт ідэальнага букета

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.