Вы тут

У мужчынскай папраўчай калоніі паставілі спектакль


Акцёры — зняволеныя. У буклеце побач з імёнамі выканаўцаў роляў аддрукаваныя артыкул Крымінальнага кодэкса, тэрмін пазбаўлення волі, пачатак зняволення, канец. Іграць на сцэне, яны кажуць, «крута, нават больш чым», хоць падыгрываюць ці сапраўды гэтым гараць — складана вызначыць. Каб увасобіць ідэю тэатра ў калоніі, сюды «са свабоды» запрасілі прафесійнага рэжысёра, які вырашыў папрацаваць з няскончанай аповесцю «А ранкам яны прачнуліся...» Шукшына. Канец зрабілі свой, атрымаўся ён патэтычным: у фінале спектакля са сцэны гучыць песня «Ліст маці» Міхаіла Круга. У матуль, якія прыехалі на прэм'еру, цяклі слёзы... У папраўчай калоніі дзейнічаюць крыху іншыя законы драматургіі.


Увогуле ў папраўчай калоніі №20, што пад Мазыром, многае, звязанае з тэатрам, — іншае. І пачынаецца ён не з вешалкі, і належная ўрачыстасць тут — не ўрачыстасць, і кветкі пасля паклонаў дораць не творчаму складу, а гасцям. Але клуб на тэрыторыі ўстановы, сцэна, заслона, закуліссе, «грымёрка», хваляванне перад спектаклем, апладысменты — усё, як трэба. 19 студзеня ў афішы — «А ранкам яны прачнуліся...». Спектакль паказваецца для зняволеных — цэлая зала з чорных роб. Асуджаныя прыйшлі паглядзець спектакль, які паказваецца тут толькі чацвёрты раз, а гледачом, здаецца, забяспечаны назаўсёды. Калі абстрагавацца ад знешніх прыкмет, то сам сэнс высокага мастацтва, якім з'яўляецца тэатр, яго ўплыў, напэўна, тыя ж, што і ўсюды.

«Што ні кажы, а мастацтва ўзвышае чалавека», — кажа рэжысёр пастаноўкі і галоўны рэжысёр Мазырскага драматычнага тэатра Раман Цыркін. З трупай яны аднадушныя. «Раман Мацвеевіч унёс такія станоўчыя карэктывы ў наш побыт, якія яго сапраўды красяць. Я першапачаткова не ўдзельнічаў у спектаклі, а ўжо ў працэсе замяніў чалавека, і мне, я скажу, гэта вельмі падабаецца. Іншым людзям у прынцыпе і на свабодзе бывае несвабодна, а тут — з тым, што ў нас адбываецца, — быццам адчуваеш сябе свабодным», — адазваўся выканаўца ролі Старшыны. «Кожны ў сабе нешта раскрыў, нешта зразумеў...» — гучыць з іншага боку. Кажуць, што пасля таго, як яны сталі пераадольваць хваляванне перад «натоўпам гледачоў», ім стала лягчэй камунікаваць і вырашаць паміж сабой бытавыя пытанні.

Калі тут было вырашана паставіць спектакль, у калоніі павесілі аб'яву з запрашэннем на «кастынг». «Убачыў аб'яву, пачытаў — я яшчэ неяк па волі ў падобным удзельнічаў — падумаў, чаму б не паспрабаваць. Сказалі, яшчэ і рэжысёр будзе». На ідэю ў выніку адгукнуліся дваццаць пяць чалавек, з якіх адабралі дзевяць. На сустрэчу з гэтай дзявяткай прыехаў Раман Цыркін і ўбачыў матываваных людзей, з якімі можна працаваць. Для тых, у сваю чаргу, сустрэча з прафесійным тэатральным пастаноўшчыкам стала яшчэ большай матывацыяй. «Было бачна, што пасля першай размовы з рэжысёрам яны натхніліся».

Некалькі месяцаў у групе працавалі, рэпеціравалі, мянялі склад, будавалі дэкарацыі, шылі касцюмы — усё сваімі сіламі. «У працэсе чытак мы вызначалі ролі. З той нагоды, што артысты непрафесійныя, акцёраў выбіралі па тыпажы. Рэпеціравалі адзін-два разы на тыдзень. Дэкарацыі хлопцы самі прапанавалі і зрабілі. Я прыехаў — ужо ўсё зроблена, а ў тэатры часам бегаеш і прымушаеш», — кажа рэжысёр.

Дзеянне п'есы адбываецца ў медвыцвярэзніку. Восем герояў прачынаюцца раніцай ад настойлівых крыкаў таварыша інтэлігентнага выгляду, які не ведае, дзе знаходзіцца. У гэтым памяшканні на працягу сарака хвілін развіваецца ўвесь сюжэт, халодны, іранічны. Дыялогі, сваркі, прыход прыбіральніка, візіт сацыёлага. Ніякага маралізатарства, ментарства, тыкання пальцам. Проста гісторыя, зразумелая зняволеным, а некаму, хто на асабістым вопыце знаёмы з падобнымі ўстановамі, нават блізкая. Незавершаную п'есу Шукшына скончылі навіслым пытаннем, песняй і відэа, што нагадвае пра візіты блізкіх. Усё лавіруе паміж свабодай і несвабодай — напэўна, шчэміць.

«Камусьці здаецца, што гэта проста нейкае выступленне, а на самай справе мы шмат аб чым задумваемся. Мацней хочацца дадому, да родных, пастаянна нешта блізкае ўспамінаем, я стаў часцей пісаць лісты дадому, адпраўляю пару разоў на тыдзень».

Тэатральны гурток ужо дзейнічаў у калоніі №20: у 2006 годзе адзін са зняволеных праявіў сябе як сцэнарыст, і асуджаныя звярнуліся да адміністрацыі з жаданнем паўдзельнічаць у спектаклі. Аўтар сцэнарыя «Старасельскага дэтэктыва» — так называлася пастаноўка — стаў і рэжысёрам. Практыка работы тэатра ў калоніі аказалася тады настолькі незвычайнай, што адміністрацыя пайшла нават на тое, каб вывезці трупу і паказаць спектакль у гомельскай жаночай папраўчай калоніі №4, што патрабавала вялікіх высілкаў.

«Ідэя работы тэатральнага гуртка ў калоніі даўняя і для папраўчага працэсу мае вялікае значэнне, таму што асуджаныя могуць абстрагавацца, праявіць творчыя здольнасці, паказаць іншым, што энергію можна накіроўваць на карысную справу», — каментуе начальнік аддзела папраўчага працэсу Аляксандр Байцоў, дадаючы, што тэатр, акрамя іншага, можа павысіць імідж самой сістэмы.

На час адсутнасці рэжысёра каардынатарам групы быў прызначаны адзін са зняволеных. У яго, як мне падалося, з'явіліся нават пэўныя бацькоўскія пачуцці да каманды. Калі гаворка зайшла аб стаўленні да тэатра ў калоніі з боку іншых, той упэўнена парыраваў: «Яны, скажу шчыра, зайздросцяць. Таму што нашы хлопцы самі не чакалі таго, што атрымалася, яны на гэта нават не разлічвалі. Знялі, так бы мовіць, вяршкі. Усе ўдзелам у спектаклі задаволеныя. Мы прыціраліся нейкі час, гэта зразумела — калектыў, без эмоцый не абыдзецца, але мы ішлі да мэты. Таму калі хлопцы ўбачылі, як да іх ставяцца, з авацыямі, крыкамі, калі нават сапраўдныя акцёры з драмтэатра прыехалі, яны заліліся чырванню. Праз пару дзён пасля пастаноўкі хтосьці ўжо падыходзіў да мяне і пытаўся, калі пойдзем рэпеціраваць. Мы сталі залежаць ад гэтага».

Таму, хто іграе ў тэатры — «рэспект» і «ўважуха». «Многія зняволеныя паводзяць сябе, як двоечнік на задняй парце: нічога не кажуць, не выконваюць просьбаў, уступаюць у пэўнае супрацьстаянне з адміністрацыяй. Але калі яны бачаць, што іншыя асуджаныя іграюць у тэатры і пры гэтым выдатна сябе адчуваюць, маюць зносіны з адміністрацыяй, упэўненыя ў сабе, іх уяўленні пачынаюць падрывацца, яны нават цягнуцца да членаў гуртка. Калі нам спатрэбілася зрабіць «ратацыю кадраў», акцёры знайшліся без праблем», — кажа Аляксандр Байцоў.

Гэта ўжо не першы іх выхад на сцэну. Дрыжыкі ў каленках, як хлопцы самі прызналіся, ёсць, але непараўнальныя з прэм'ерай, калі прыйшлося выйсці і ўпершыню разыграць перад іншымі п'есу Шукшына. На сцэне — нары, акцёры ляглі пад белыя прасціны, каб, калі адкрыецца заслона, прачнуцца ўжо ў спектаклі.

«Я, калі першы раз іх убачыў... сядзіць дванаццаць чалавек, а вочы такія, прабачце, воўчыя, насцярожаныя. Маўляў, чаго ён прыехаў, чаго хоча, — кажа рэжысёр. — А потым сталі камунікаваць, і ўсё памянялася. Мне казалі, дысцыпліна ў калоніі палепшылася. Думаю, такія мерапрыемствы даюць больш, чым калі нехта прыйдзе і скажа, маўляў, піць нельга».

Пасля спектакля акцёры спяшаюцца на пастраенне, а Старшына не жадае выходзіць з ролі, так і стаіць у форме. Ёсць тут, у калоніі, сваё свята, наваспечаная трупа адзначыць поспех шакаладам. І хутка, напэўна, спытае, калі зноў на рэпетыцыі.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: «Іншаму і на свабодзе несвабодна»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.