Вы тут

У Слаўгарадскім раёне праходзіць пошукавая экспедыцыя «Сожскі рубеж»


Яна пачалася ўчора і на сённяшні дзень паднятыя астанкі 12 байцоў, а разам з імі шэсць медальёнаў. Пошукавікі шчаслівыя — гэта добры знак. І нават не звяртаюць увагі на дождж і восеньскі холад, бо іх намаганні ўжо ўзнагароджаныя. А калі атрымаецца даведацца імёны ўсіх, гэта будзе сапраўднае свята. Гэтым разам пошукавікі Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага клуба «Вікру» разам з прадстаўнікамі 52-га асобнага пошукавага батальёна працуюць на месцах баёў 1941 года ў вёсак Рэкта, Малая Зімніца, Свенск, Папоўка.


— Гэта вёскі, дзе былі самыя жорсткія сутычкі, — удакладняе кіраўнік клуба і ваенны пісьменнік Мікалай Барысенка. — Тут стрымлівалі фашысцкую навалу часткі 117-й стралковай і 219-й механізаванай дывізій Чырвонай арміі. Чалавечыя страты былі вялікія. Дагэтуль у гэтай зямлі ляжыць шмат нашых абаронцаў. Самае прыкрае, што над імі ўсяго 40-50 сантыметраў зямлі. Яны зусім на паверхні. Калі да нас завіталі ў госці школьнікі першай слаўгарадскай школы, каб паглядзець, як мы працуем, яны былі ў шоку ад убачанага. Вось сапраўдны твар вайны. Маладыя хлопцы пайшлі ў бой і не вярнуліся. Згінулі без вестак. Ніхто не ведаў, што яны тут ляжаць. На полі, дзе некалькі дзесяцігоддзяў вырошчвалі хлеб. 

Астанкі байцоў пошукавікі знаходзяць на агнявых пазіцыях, у варонках былых акопаў, з якіх яны абстрэльвалі немцаў. Побач з астанкамі прадметы баявой амуніцыі, бытавыя рэчы. Знойдзены нават 50-міліметровы мінамёт узору 1940-х гадоў, які пасля праходжання ўсіх неабходных працэдур, зойме месца ў адным з музеяў Магілёва.

Пошукавікам дапамагаюць у іх высакароднай рабоце навучэнцы, педагогі і моладзь з Магілёва, Слаўгарада, Быхава, Асіповіч, Бабруйска, Слаўгарадскага і Магілёўскага раёнаў. Пошукавыя работы вядуцца пры падтрымцы Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці, Магілёўскага абласнога і Слаўгарадскага раённага выканкамаў.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота Святланы БАРЫСЕНКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.