Вы тут

Выстава да юбілею кнігадрукавання Беларусі працуе ў Савеце Рэспублікі


Кніжную выстаўку, прысвечаную 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, сёлета пакажуць у Кітаі, Расіі, Сербіі, Чэхіі і Польшчы. Днямі яе адкрылі ў Савеце Рэспублікі. На ёй можна ўбачыць не толькі кніжныя навінкі, але і тое, як іх рабілі паўтысячагоддзя таму. Парламентарыі змаглі ўласнаручна стварыць паперу і афорт старонкі з Бібліі.


Міністр інфармацыі Лілія АНАНІЧ і член Савета Рэспублікі Мікалай РАДАМАН.

— Калі на ўзроўні парламента краіны, на высокім дзяржаўным узроўні разглядаюцца пытанні нацыянальнай культурнай, гістарычнай, кніжнай спадчыны, мы з поўнай упэўненасцю можам сказаць, што Беларусь дбае пра сваю будучыню і мацуе гэту будучыню менавіта на прынцыпах высокай духоўнасці, — адзначыла міністр інфармацыі Лілія АНАНІЧ.

Сёлета звыш двух мільёнаў рублёў дзяржава выдаткавала на падтрымку нацыянальнага кнігавыдання. Яны накіраваны на праекты ў мастацкай літаратуры і энцыклапедычным кнігавыданні. У гэты юбілейны год плануецца правесці звыш 70 мерапрыемстваў, прысвечаных круглай даце. У сакавіку кіраўнік дзяржавы падпісаў указ аб стварэнні шматтомнага выдання «Рэспубліка Беларусь: дасягненні апошніх 25 гадоў». Яно ўбачыць свет у 2018 годзе. «Мы цяпер працуем над стварэннем праекта электроннай энцыклапедыі Рэспублікі Беларусь, — паведаміла Лілія Ананіч. — Сёння энцыклапедыя — гэта пашпарт краіны. Тое, што мы здолелі захаваць у друкаваным выглядзе, і тое, што павінна развівацца з улікам сучасных электронных носьбітаў».

Падчас адкрыцця выстаўкі былі закрануты і пытанні абароны інтэлектуальнай уласнасці. Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Ірына СТАРАВОЙТАВА звярнула ўвагу на тое, што кніга — гэта вынік працы не толькі аўтара, але і выдаўца. «Упершыню Савет Рэспублікі ініцыюе ўнясенне змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб аўтарскім праве і сумежных правах», у рамках якіх будуць унесены вельмі важныя нормы для выдаўца. Адна з іх — норма аб свабодных ліцэнзіях. Свабодныя ліцэнзіі і нормы ў літаратуры даюць магчымасць аўтару дэлегаваць свае паўнамоцтвы ў рамках выключнага права на твор неабмежаванаму ліку асоб. Такія свабодныя ліцэнзіі з'яўляюцца прамежкавымі паміж класічнымі ліцэнзіямі, якія дазваляюць абараняць правы аўтара, і свабодным доступам да інфармацыі, у тым ліку і ў інтэрнэт-прасторы».

Генеральны пракурор Аляксандр КАНЮК, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Валерый МІЦКЕВІЧ і старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл МЯСНІКОВІЧ.

Нарматыўна-прававое рэгуляванне выдавецкай дзейнасці разглядзелі падчас першага пасяджэння вясновай сесіі Савета Рэспублікі. На ім жа абмеркавалі святкаванне 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і правядзенне мерапрыемстваў, прымеркаваных да Года навукі. Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч уручыў Ганаровую грамату Нацыянальнага сходу галоўнаму навуковаму супрацоўніку Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Георгію Галенчанку за вялікі ўклад у рэалізацыю сацыяльнай палітыкі Рэспублікі Беларусь і шматгадовую плённую навукова-даследчую дзейнасць. Ён аўтар шматлікіх даследаванняў па гісторыі беларускага кніжнага друку, духоўнай і кніжна-пісьмовай культуры Беларусі ХІV—ХVІІ ст.

Святкаванне 500-годдзя беларускага кнігадрукавання — гэта падзея не толькі нацыянальнага, але і сусветнага маштабу, лічыць рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, доктар мастацтвазнаўства, прафесар Кацярына ДУЛАВА: «Пра гэта сведчыць і той факт, што ЮНЕСКА адзначае гэту дату. Што датычыцца прадстаўленай тут экспазіцыі, яна так ці інакш расказвае пра гісторыю кнігі ў Беларусі. Дзякуй богу, што ў краіне ёсць энтузіясты, якія імкнуцца і могуць паказаць на станках, як кнігі рабіліся ў тыя часы. І нават даюць паспрабаваць сябе ў якасці першадрукара».

Надзея АНІСОВІЧ

аnіsоvісh@zvіаzdа.bу

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Па старонках першай кнігі

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.