Вы тут

75 гадоў таму выйшаў першы нумар падпольнай «Звязды»


Гэтая знамянальная падзея ў жыцці Мінскага падполля многім каштавала жыцця. Найперш — учарашняму студэнту Мінскага камуністычнага інстытута журналістыкі Уладзіміру Амельянюку, які стаў рэдактарам газеты ў свае няпоўныя 25 гадоў.


У тым са­мым мес­цы, ка­ля Чыр­во­на­га кас­цё­ла ў Мін­ску, дзе за­гі­нуў га­лоў­ны рэ­дак­тар пер­ша­га пад­поль­на­га ну­ма­ра «Звяз­ды», ста­іць пом­нік жур­на­ліс­ту-пад­поль­шчы­ку. На­дзея АМЕЛЬ­Я­НЮК, пля­мен­ні­ца ге­роя, ра­зам са сва­ім му­жам Мі­ха­і­лам Ва­сі­ле­ві­чам пры­хо­дзяць сю­ды кож­ны май, які стаў для іх сям'і тра­гіч­ным.

Рэдакцыю шукалі разведчыкі

Уладзімір Амельянюк — легенда беларускай журналістыкі. Стварыць газету ў мірны час — справа складаная і надзвычай адказная, а тут вайна, вакол — ворагі і здраднікі. Але ўсё ж, 18 мая 1942 года, у занятым фашыстамі Мінску, «Звязда» аднавіла сваю дзейнасць.

Дзякуючы найперш Уладзіміру Сцяпанавічу газета заклікала народ змагацца з ворагам, выкрывала хлуслівую палітыку акупантаў. Як бы ні хацелі апошнія, спыніць журналісцкае слова ім не ўдалося — тыраж у дзве тысячы экзэмпляраў разышоўся па горадзе і прылеглых да сталіцы вёсках. Газета дайшла да Баранавіч, Оршы, Бабруйска, Гомеля, яе чыталі ў партызанскіх атрадах.

Трапіла яна і ў рукі да ворагаў. Для пошуку падпольнай друкарні з Берліна выклікалі вопытных разведчыкаў. Гітлераўцы ведалі: пагібель самай вядомай і аўтарытэтнай беларускай газеты — органа Мінскага гаркама КП(б)Б — нанясе непапраўны ўрон падпольнаму руху. Толькі рэдакцыю яны так і не знайшлі (а між тым, першы нумар «Звязды» таемна набіраўся ў нямецкай друкарні!). Затое высачылі таго, дзякуючы каму газета разляцелася па Беларусі, — 26 мая 1942 года Уладзіміра Амельянюка застрэлілі ля Чырвонага касцёла...

Брат Ге­роя Са­вец­ка­га Са­ю­за Мі­ка­лай АМЕЛЬ­Я­НЮК на пра­ця­гу доў­га­га ча­су бе­раж­лі­ва за­хоў­ваў па­мяць сва­ёй сям'і.

Маці Героя

Праз 20 гадоў пасля Перамогі адважны падпольшчык і таленавіты журналіст пасмяротна стаў Героем Савецкага Саюза — падобных прыкладаў за гады Вялікай Айчыннай у гісторыі СССР не было.

Толькі парадавацца высокай узнагародзе асабліва не было каму: бацьку Амельянюка забілі акупанты, сястра трапіла пад бамбёжку на пачатку вайны, лёс жонкі з сынам доўгі час быў невядомы. Маці Уладзіміра Амельянюка не стала ў 1945-м, праз некалькі дзён пасля Перамогі, — жаночае сэрца не вытрымала пакут, якія прынесла іх сям'і вайна.

Аб тым, што Паўліна Амельянюк не дажыла да таго моманту, калі яе сын стаў Героем, аўтару гэтых радкоў стала вядома дзякуючы аднаму цікаваму дакументу, знойдзенаму ў Нацыянальным архіве Беларусі. У сваіх успамінах Паўліну Сцяпанаўну згадвае падпольшчыца Марыя Рынкевіч, якая ўдзельнічала ў выданні падпольнай «Звязды».

«Ёй было 60 гадоў, — сведчыць падпольшчыца. — Вайна нанесла шмат гора: разбіла вялікую дружную сям'ю (загінулі муж, сын, дачка, унукі). Акупанты з кулямёта абстралялі іх хату. Яна бачыла спалены горад, шыбеніцы, слёзы мацярок. Але гэта не зламала маці, жанчыну, чалавека. Для ўвекавечвання яе светлай памяці прапаную добраўпарадкаваць яе магільны пагорак (яна пахавана на могілках па Даўгабродскай)».

Доўга думаць, пра якія могілкі ідзе размова, не прыйшлося. На сучаснай Даўгабродскай пахаванняў няма. Бліжэйшыя могілкі — Вайсковыя. Тым больш, што ў гады вайны там хавалі, ды і пасля Перамогі тут знаходзілі апошні прытулак.

Адшукаць магілу чалавека, усіх сваякоў якога, па ранейшых перакананнях, забрала вайна, было рэдкай удачай. Яшчэ большай нечаканасцю — убачыць пахаванне добраўпарадкаваным. Тое, што прыстойнае месца спачыну «дарагой маці і бабулі» забяспечылі «дзеці і ўнукі», як напісана на пастаменце, мяне ўвогуле ашаламіла — кагосьці з Амельянюкоў вайна пакінула жывымі?

У ся­мей­ным фо­та­аль­бо­ме — экс­клю­зіў­ныя кад­ры зна­ка­мі­та­га дзядзь­кі.

«Дзеці мае — украінцы, але Валодзю мы называлі «пскавар»

Неўзабаве здагадкі пацвердзіліся. На пажаўцелых ад часу аркушах, знойдзеных у архіве, дробнымі літарамі, выведзенымі ад рукі, чытаю ўспаміны Паўліны Амельянюк, якімі яна паспела падзяліцца незадоўга да сваёй смерці. Дакумент сведчыць: Паўліна Сцяпанаўна, па нацыянальнасці ўкраінка, нарадзілася ў былой Беластоцкай вобласці. Там жа і выйшла замуж за ўкраінца — Сцяпана Кандратавіча, які займаўся рэвалюцыйнай дзейнасцю.

«Калі пачалася імперыялістычная вайна, я бегла з дзецьмі (у мяне быў хлопчык і дзяўчынка) да Ваўкавыска, — успамінае Паўліна Амельянюк. — Потым усёй сям'ёй, разам з мужам, беглі ў Пскоўскую губерню. На станцыі Дно яму ўдалося ўладкавацца пісарам у ваеннай хлебапякарні. Там былі да 1917 года. На станцыі Дно нарадзілася ў мяне трэцяе дзіця, той самы Валодзечка, які цяпер загінуў...»

Зноў у Беларусь сям'ю Амельянюкоў прывяла служба бацькі: спачатку ён працаваў ваенным камісарам у Оршы, з 1922 па 1932 гады быў аб'ездчыкам мінскага лясніцтва, а потым яны пераехалі ў Дзяржынскае лясное ўпраўленне, дзе жылі да вайны.

«Старэйшы сын мой працаваў землямерам у Беразіне, скончыў землеўпарадкавальны тэхнікум у Магілёве, потым быў у арміі па прызыве, пасля працаваў наркамам саўгаса, — працягвае жанчына. — У яго свая сям'я. З першых дзён сышоў у армію, нічога пра яго больш не ведаем. Ёсць чуткі, што быццам бы ў палоне. Дачка мая выйшла замуж за капітана, мела дваіх дзяцей. Яны жылі за Беластокам, на пагранзаставе. Што з імі — невядома. Сынок малодшы, Валодзя, вучыўся ў КІЖы. Дзеці мае — украінцы, але Валодзю мы называлі «пскавар».

Вядома, што вайна Уладзіміра Амельянюка застала ў Беластоку, дзе трэцякурснік праходзіў практыку. 26 чэрвеня 1941 года, паранены ў галаву, ён вярнуўся ў Мінск. І як сведчыць маці, «з першых дзён пачаў дапамагаць палонным пераадзявацца, каб бегчы, потым знайшоў таварышаў. Валодзя казаў, каб я нічога не казала бацьку, але ён усё ведаў. Ды і як не ведаць. З месяц у нас ляжаў хворы радыст, таксама звалі Валодзем. Мы яго выдавалі за брата нявесткі. Потым адправілі ў атрад да партызанаў. Яшчэ пры немцах ён перадаваў прывітанне. Бег з палону і хаваўся ў нас капітан Сяргей. Ён меў ордэн за Іспанію. Потым яго арыштавалі: відавочна, здаўся. Два разы ён прыходзіў да бацькі. З гестапаўцам. «Не хавай сына, усё роўна прапала, бальшавікі больш не вернуцца, — сказаў мужу ён. — Перадай сыну, няхай працуе на карысць гестапа...»

Ка­лі Ула­дзі­мір АМЕЛЬ­Я­НЮК пра­ца­ваў пі­я­нер­ва­жа­тым у Дзяр­жын­скай ся­рэд­няй шко­ле, ся­род яго вы­ха­ван­цаў быў сын стар­шы­ні Ка­му­ніс­тыч­най пар­тыі Іс­па­ніі Да­ло­рэс Іба­ру­ры Ру­бэн, які, як і яго на­стаў­нік, па­смя­рот­на стаў Ге­ро­ем Са­вец­ка­га Са­ю­за.

«Валодзя быў маленькім, але ўжо тады яго адрознівала жаданне ўсё давесці да канца...»

Сёння гэтая жанчына, якой мы ўдзячны за сына-героя, спачывае ў прыгожым месцы, каля царквы. Нягледзячы на такую колькасць страт, за яе душу ёсць каму маліцца. Магілу сваёй бабулі, якую ніколі не бачыла, даглядае пляменніца легендарнага журналіста Надзея Амельянюк, дачка Валодзевага брата. Запіску з просьбай адгукнуцца жанчына знайшла побач з помнікам, калі чарговы раз прыехала да пахавання. Неўзабаве ў рэдакцыі прагучаў доўгачаканы званок. І вось я ў мінскай кватэры Надзеі Мікалаеўны разглядаю сямейны альбом з фотаздымкамі і прагна лаўлю кожнае слова.

— Бабулю хавала нявестка, мая маці, — пачынае аповед Надзея Амельянюк (пасля замужжа яна вырашыла не мяняць свайго прозвішча). — Бацька, яе сын, яшчэ не вярнуўся з вайны: доўгі час знаходзіўся ў нямецкім палоне. Паўліна Сцяпанаўна памерла 24 мая 1945 года на вуліцы ад разрыву сэрца. Цяпер гэта называюць інфарктам... Я вельмі мала пра яе ведаю. Ведаю толькі, што ўдзельнічала ва ўсялякіх гуртках. Яны з дзядулем былі вельмі прагрэсіўнымі: захоўвалі партыйную літаратуру, у іх на кватэры збіраліся актывісты. У такім духу і выхоўвалі дзяцей.

Іх было трое: Коля, Зіна і Валодзя. Мікалай Амельянюк быў старэйшы за свайго знакамітага брата на пяць гадоў. «Бацька казаў, што Валодзя нарадзіўся ў канцы года: ці то ў лістападзе, ці то ў снежні, — кажа пляменніца Героя Савецкага Саюза. — Ён дакладна помніў, што было холадна і нават ляжаў снег. Адкуль узялася дата нараджэння 20 мая, не ведаю».

Па родзе сваёй дзейнасці глава сям'і часта пераязджаў, таму дзе толькі Амельянюкі ні жылі. Вось што пісаў пра гэта Мікалай Амельянюк: «У 1918 годзе бацька ўступіў у партыю. З таго часу пачалася яго служба ў Чырвонай Арміі на шматлікіх франтах грамадзянскай вайны. Помню бацьку ў ваеннай форме, з чырвоным бантам на грудзях і доўгай кавалерыйскай шашкай на баку. На пасадзе памочніка каменданта станцыі і ваеннага камісара ў 1919 годзе ён змагаўся супраць Юдзеніча і Балаховіча каля Пскова, у 1920—1921-м — супраць белапалякаў каля Барысава і Оршы, супраць Урангеля — каля Джанкоя і Керчы. І ўся сям'я, не адстаючы ад бацькі, калясіла па прасторах Расіі. У 1921 годзе бацьку назначылі камендантам станцыі Брэст, але па дарозе ў Мінск ён сур'ёзна захварэў і вымушаны быў дэмабілізавацца з арміі. Для аднаўлення здароўя яго адправілі на работу лясным аб'ездчыкам спачатку ў вёску Кайкова, каля станцыі Міханавічы, а пазней — у Каралёўскае лясніцтва, што за 40 кіламетраў ад Мінска. Маці, непісьменная жанчына, навучылася чытаць і пісаць, і падчас вандравання сям'і па дарогах грамадзянскай вайны яна, як ніхто, здолела выхаваць нас у любові да Радзімы. У рэдкія вольныя хвіліны яна любіла чытаць Пушкіна, Гогаля, Лермантава, і ў лясным доміку, дзе мы жылі, з цягам часу з'явілася невялікая бібліятэка, якой карысталіся і дзеці з суседніх вёсак. У 1924 годзе пасля смерці Леніна мы ў сябе дома арганізавалі ленінскі куток, дзе былі сабраны партрэты правадыра, кнігі і брашуры пра яго, разам з іншымі дзецьмі развучвалі вершы, прысвечаныя Уладзіміру Ільічу, спрабавалі выпускаць насценгазету. Валодзя быў зусім маленькі, але прымаў самы жывы ўдзел. Ужо тады ён вылучаўся дапытлівасцю, настойлівасцю і жаданнем усё давесці да канца...»

Ула­дзі­мір АМЕЛЬ­Я­НЮК (зле­ва) і Ге­надзь БУ­ДАЙ не толь­кі ра­зам ву­чы­лі­ся ў КІ­Жы, але по­бач бы­лі і ў пад­пол­лі. Фо­та­зды­мак зроб­ле­ны пад­час су­мес­най ра­бо­ты ў рэ­дак­цыі га­зе­ты «Удар­нік Дзяр­жын­шчы­ны», 1936 год.

«Магілы дзядзька не мае...»

У паведамленні аб гібелі сына, якое атрымала Паўліна Сцяпанаўна ад Беларускага штаба партызанскага руху, датай смерці Уладзіміра Амельянюка значыцца 30 мая 1942 года. Паводле той жа крыніцы, бацька героя быў забіты раней — 9 мая.

— Наколькі я ведаю з сямейных размоў, дзядулю замучылі ў Трасцянцы, — расказвае Надзея Мікалаеўна. — Бабуля неаднойчы называла прозвішча здрадніка (сёння наўрад ці ўспомніш), але дакладна ён быў не адзін...

Аптэка непадалёк ад Чырвонага касцёла, каля якой забілі Уладзіміра Амельянюка, працяглы час з'яўлялася для падпольшчыкаў месцам перамоў. Вось і тады там была прызначана яўка...

— Яго цела ляжала каля аптэкі не адзін дзень, — удакладняе пляменніца падпольшчыка. — Бабуля бачыла гэта, але нічога зрабіць не магла. Магілы дзядзька не мае...

Няма яе і ў яго роднай сястры. Па дарозе ў эвакуацыю ў машыну, у якой ехала Зіна Амельянюк, трапіла бомба... Загінула разам з двума дзецьмі. Яе муж, ваеннаслужачы, з вайны не вярнуўся...

— А як склаўся лёс у жонкі і сына Уладзіміра Амельянюка? — гэтае пытанне не дае спакою не аднаму пакаленню «звяздоўцаў».

— Разам з маёй мамай Ліда ехала ў эвакуацыю. Іх дзеці, мой родны брат Сярожа і Гена Амельянюк, памерлі па дарозе. Пасля вайны Ліда выйшла замуж, жыла ў Маскве. Ад другога шлюбу нарадзіла сына. Памятаю, як аднойчы яна прыязджала да нас у вёску. Пакуль была жывая, падтрымлівала стасункі з маёй мамай.

Памяць любіць цішыню

Для Мікалая Амельянюка, першынца Сцяпана Кандратавіча і Паўліны Сцяпанаўны, вайна пачалася ў 1941-м. Каля Оршы часць, у якой ён служыў, трапіла ў акружэнне. Доўгія тры гады ён знаходзіўся ў палоне, за гэты час змяніў не адзін канцлагер, але выжыў. Пасля вызвалення саюзнікамі трапіў у амерыканскую дывізію, у складзе якой і заканчваў вайну. Дамоў вярнуўся ў 1946-м: на Радзіме яго чакаў лёс ворага народа.

Але горшым для Мікалая Амельянюка было іншае — у паўпустой хаце яго чакалі толькі жонка і старэйшы сын... Тут, на Чарнышэўскага, 11, дзе збіраліся падпольшчыкі, яны і жылі па першым часе. «Я памятаю гэты дом, — успамінае Надзея Амельянюк. — Ужо там не жылі, а мама ўсё вадзіла паказваць. Бацькі пажаніліся ў 1935-м. Да вайны жылі з бабуляй і дзядулем, да Паўліны Сцяпанаўны маці прыехала і тады, калі вярнулася з эвакуацыі. У бацькі таксама была бронь, але ён пайшоў у армію...»

Удзельнікам Вялікай Айчыннай Мікалая Амельянюка прызналі амаль напрыканцы жыцця. Ён яшчэ паспеў расказаць пра сваю вайну, пра лёс знакамітага брата: выступаў у дружынах імя Уладзіміра Амельянюка, быў частым госцем у Дзяржынскай школе №2, дзе будучы герой працаваў піянерважатым, запрашалі яго і ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Менавіта туды, не задумваючыся, брат падпольшчыка аддаў і Зорку Героя, прысвоеную пасмяротна Уладзіміру Амельянюку да 20-годдзя Перамогі.

Мікалай Амельянюк пайшоў з жыцця ў 1988 годзе. Яго жонкі, Любові Антонаўны, якая ведала пра лёс гэтай гераічнай сям'і больш чым хто, не стала ўсяго некалькі гадоў таму. Яны сціпла дажывалі свой век у Мінску, ніколі не прыкрываліся подзвігамі сваіх блізкіх — лічылі, што памяць любіць цішыню.

Менавіта таму «звяздоўцы» доўгі час не ведалі пра іх існаванне, хоць Мікалай Амельянюк і быў пастаянным нашым падпісчыкам, аб чым сведчаць пажаўцелыя газетныя старонкі, датаваныя 1960-мі, 1970-мі і 1980-мі гадамі мінулага стагоддзя, якія захоўвае сёння яго дачка. Магчыма, так было б і далей — мы ніколі і не даведаліся б, што род Амельянюкоў, нягледзячы ні на што, працягваецца. Але лёс вырашыў інакш...

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: З роду Амельянюкоў

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.