Вы тут

Саміт у эпоху перамен


Саміт G20, які завяршыўся ў Гамбургу, прадэманстраваў, што такое сустрэча лідараў дваццаці найбуйнейшых эканомік свету ў эпоху перамен. Нават сам яго антураж — маштабныя вулічныя выступленні і сутыкненні з паліцыяй на вуліцах Гамбурга — стаў паказальным фонам для глыбіні праблем, якія на ім спрабавалі вырашыць. Ці атрымалася хоць неяк наблізіцца да гэтага? Паспрабуем прааналізаваць.


Праблемай нумар адзін для сусветных СМІ сталі адносіны ЗША і Расіі. Першая асабістая сустрэча Трампа і Пуціна абяцала стаць сенсацыяй. І яна не падвяла. Ужо яе рэкордная працягласць — дзве з паловай гадзіны — казала сама за сябе. Сустрэча прайшла ў вельмі вузкім складзе, таму пра яе дэталі можна даведацца толькі з адрывістых заяў, зробленых самім Пуціным і Трампам. Заявы абодвух лідараў у цэлым пазітыўныя, хоць Трамп і хваліўся на ўсю моц, як ён агрэсіўна націснуў на Пуціна з нагоды меркаванага ўздзеяння рускіх хакераў на прэзідэнцкія выбары ў ЗША мінулага года.

Ну, а што датычыцца каментарыяў расійскай і амерыканскай прэсы, то яны цалкам прадказальныя. Амерыканская прэса, у большасці рэзка настроеная супраць Трампа, пачала сыпаць звыклымі штампамі пра слабога і недасведчанага прэзідэнта, якога хітры і спрактыкаваны рускі лідар абвёў вакол пальца.

Расійская прэса ўспрыняла сустрэчу пазітыўна, спрабуючы знайсці ў ёй надзею на эфектыўныя дамоўленасці з ЗША, што дазволяць з часам вырашыць украінскую праблему і пазбавіцца ад санкцый. Ці атрымаецца гэта зрабіць? Малаверагодна, паколькі Трамп з'яўляецца прэзідэнтам ЗША, які мала што можа вырашаць, як паказваюць яго першыя паўгода ва ўладзе. Нават уласная партыя па многіх пытаннях адмаўляецца яго падтрымліваць.

Праблемай нумар два па значнасці стала ўрэгуляванне сірыйскай вайны. Апошнія месяцы па гэтым пытанні пайшоў сур'ёзны зрух. Альянс Расіі, Ірана і Турцыі стаў значнай сілай, якая выказвае зацікаўленасць у варыянце завяршэння вайны па сцэнарыі, у адпаведнасці з якім курды Сірыі стануць часткай адроджанай сірыйскай дзяржавы. Бакі аб'ядналі свае намаганні, паколькі Расія і Іран проста зацікаўлены ў поўным аднаўленні Сірыі як свайго саюзніка, а для Турцыі важна, каб сірыйскія курды не апынуліся самастойнай сілай на мяжы з Турцыяй і не пачалі смуту сярод турэцкіх курдаў. Між тым для ЗША сірыйскія курды — надзейныя саюзнікі супраць Асада, якога шмат хто ў Вашынгтоне хацеў бы адхіліць ад улады. Пэўным прарывам саміту стала папярэдняя дамоўленасць Пуціна і Трампа па паўднёвай зоне дээскалацыі, дзе Расія і ЗША ўзялі на сябе абавязацельствы забяспечыць спыненне агню.

Значнасць украінскай праблемы для свету знізілася ў сувязі з тым, што ўкраінскі крызіс паволі трансфармуецца ў замарожаны канфлікт. Пра гэта сведчыць правядзенне перамоў па Украіне без удзелу прэзідэнта самой краіны. Украінскі крызіс абмяркоўваўся і на сустрэчы Пуціна з Трампам, і на асобнай сустрэчы Пуціна, Меркель і новага французскага прэзідэнта Макрона, але Парашэнку нікуды не паклікалі. Гэта азначае многае — хоць Украіна і не ўваходзіць у лік дваццаці найбуйнейшых эканомік свету, пры жаданні Меркель магла паклікаць Парашэнку як спецыяльна запрошанага госця.

Праблемай нумар чатыры па інтэнсіўнасці абмеркавання і чаканняў стала трывожная палітыка з боку КНДР, якая запускае балістычныя ракеты адну за адной і пагражае напасці першай на Паўднёвую Карэю і ЗША пры самым нязначным падазрэнні, што супраць яе задумваюць агрэсію. Ключавую ролю ў спробах вырашэння гэтай далікатнай сітуацыі шмат хто ў свеце адводзіць Кітаю, магутнаму суседу Паўночнай Карэі. Крокаў ад Пекіна ў гэтым кірунку дамагаўся і лідар Японіі ў асабістых перамовах са старшынёй КНР. Але надзеі не апраўдаліся. Кітай сам мае шмат праблем з ЗША і Японіяй, каб аказваць ім садзейнічанне супраць традыцыйнага саюзніка, хоць ён і паводзіць сябе досыць дзіўна.

У пяцёрку праблем увайшла таксама далікатная сітуацыя са свабодным гандлем. Дональд Трамп, яшчэ ідучы на выбары, зрабіў шмат заяў аб неабходнасці заахвочвання амерыканскай эканомікі ўсімі магчымымі метадамі. У гэтай сувязі ім сур'ёзна разглядаецца пратэкцыянізм як адзін з інструментаў. Пераход ЗША ад свабоднага гандлю да пратэкцыянізму выклікаў бы сур'ёзную дэстабілізацыю сусветнага гандлю, таму для лідараў астатніх краін былі важныя запэўніванні ад Трампа, што нічога такога ён усё ж не плануе. І Трамп на гэта пайшоў — у выніковым камюніке саміту зазначаецца прыхільнасць удзельнікаў да свабоднага гандлю.

Некаторыя напярэдадні саміту спадзяваліся, што на ім удзельнікам удасца ўгаварыць Трампа адмовіцца ад рэзкага кроку, які ён зрабіў нядаўна, заявіўшы пра адмову ЗША выконваць Парыжскае пагадненне па клімаце. Гэтыя чаканні не спраўдзіліся. У выніковым камюніке ЗША палічылі за найлепшае ўстрымацца ад згоды ў рэалізацыі гэтай ініцыятывы. А ў выступленні па выніках саміту пра гатоўнасць рушыць услед шляхам ЗША заявіў і прэзідэнт Турцыі.

Сяргей Кізіма, доктар палітычных навук

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.