Вы тут

Карцінкі з глыбінкі


У пачатку жніўня ў шэрагу рэгіёнаў пачалі ўжо віншаваць экіпажы-тысячнікі.

Першым у Баранавіцкім раёне стаў маладзёжны экіпаж у складзе старшага камбайнера Максіма Казімірчыка і яго памочніка Віктара Кіслага з філіяла «Прыазёрны» птушкафабрыкі «Дружба», пра што паведамляе газета «Наш край». Павіншаваць лідараў на хлебнай ніве прыехалі намеснік прэм'ер-міністра Анатоль Калінін, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Васіль Маркевіч, старшыня Баранавіцкага райвыканкама Васіль Хвацік.


Жанчыны ў дэкрэтным адпачынку па накіраванні службы занятасці могуць прайсці бясплатнае прафесійнае навучанне або павысіць кваліфікацыю, пра што нагадвае «Воранаўская газета».

Намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага гарвыканкама Аксана Флярко тлумачыць, што раней з выкарыстаннем сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва прайсці прафесійнае навучанне маглі толькі афіцыйна беспрацоўныя грамадзяне, якімі маці ў перыяд догляду дзіцяці да трох гадоў не з'яўляюцца. «Прынятая мера значна павышае шанцы жанчыны пасля выхаду з дэкрэта хутка знайсці працу ў адпаведнасці з атрыманай прафесіяй», — адзначыла Аксана Флярко. У Гродне жанчынам прапаноўваюць вучыцца ў сярэднім пяць месяцаў на кандытара, кухара, прадаўца, швачку, цырульніка ці бухгалтара. На перыяд вучобы выплачваецца стыпендыя.


У Жыткавіцкім раёне ўсе ахвотныя пары могуць паўдзельнічаць у масавым вянчанні. Плануецца, што яно пройдзе 17 верасня ў Тураўскім кафедральным саборы.

Летась масавае вянчанне прайшло 8 ліпеня, у Дзень памяці святых Пятра і Фяўроніі, апекуноў сям'і і шлюбу. Але сёлета гэты дзень выпаў на Пятроў пост, таму масавы абрад вырашылі перанесці. Новую дату выбіралі не выпадкова: у верасні мошчы святых былі перанесены ў Свята-Троіцкі жаночы манастыр Мурама. Усе ахвотныя павянчацца могуць звярнуцца ў кафедральны сабор і прайсці падрыхтоўку да таінства.


Свята агурка — традыцыйнае ў Шклоўскім раёне — пройдзе 12 жніўня. Адзінаццаты раз Шклоў збярэ гасцей.

У праграме выстаўка-дэгустацыя саленняў, кансерваванай агародніны і садавіны, а таксама хлебабулачных вырабаў. У суботу а 10 гадзіне побач са скульптурнай кампазіцыяй «Шклоўскі Агурок» пачнецца тэатралізаваны спектакль. Свята працягнецца ў гарадскім парку. Госці змогуць паўдзельнічаць у конкурсах і майстар-класах, а таксама спартыўных спаборніцтвах. Шмат цікавінак запланавана для дзяцей: выступленне тэатра мініяцюр, атракцыёны, пракат гіраскутараў і іншае. У парку будуць працаваць ажно тры канцэртныя пляцоўкі: эстрадная, народная і дзіцячая.


Сёлета ў Гарадоцкім раёне затрыманы пяць кіроўцаў, якія былі за рулём мотатранспарту ў стане алкагольнага ап'янення, дзесяць — без права кіравання, чатыры адзінкі мотатранспарту не былі зарэгістраваны ў ДАІ.

Усяго з пачатку года да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 52 кіроўцы мотатранспартных сродкаў. Каб змяніць сітуацыю, паведамляе «Гарадоцкі Веснік», у раёне пачалася акцыя «Калёс менш — небяспекі больш!» Яна нагадвае пра пэўныя рызыкі для кіроўцаў двухколавых транспартных сродкаў і заклікае прытрымлівацца правілаў дарожнага руху.

Надзея АНІСОВІЧ

аnіsоvісh@zvіаzdа.bу

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.