Вы тут

Адкрылася міжнародная выстаўка пясочнай графікі «Па-за часам»


У мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» можна ўбачыць першую ў Беларусі Міжнародную выстаўку пясочнай графікі «Па-за часам».


Торы Вараб'ёва «Майстар і Маргарыта» (Расія, г. Масква)

Кожны з 38 мастакоў-удзельнікаў праекта аддаў для экспазіцыі адну работу сваёй пясочнай графікі, зафіксаваную лічбавым фотаапаратам — так рухомы пясок апынуўся па-за часам, атрымаў магчымасць патрапіць у галерэі. Выстаўка сведчыць: пясочная графіка — гэта не проста забаўляльнае выступленне на вяселлі ці карпаратыве, а высокае мастацтва, якое можна экспанаваць у галерэях ва ўсім свеце. Нягледзячы на рухомасць матэрыялу, у пяску шмат выяўленчых магчымасцяў. Карціны з пяску — эмацыянальныя, цёплыя, са своеасаблівай атмасферай, якую нельга перадаць іншымі сродкамі. Дзякуючы вялікай колькасці ўдзельнікаў, наведвальнік «Універсітэта культуры» можа пазнаёміцца з рознымі тэхнікамі падачы пяску, ацаніць разнастайнасць тэматыкі аўтараў.

— Для мяне ў арганізацыі мінскай выстаўкі паўстаў асаблівы выклік, — кажа куратар выстаўкі пясочнай графікі «Па-за часам» у Беларусі Вольга Радзецкая. — Трэба было ўлічыць усе нюансы, каб мастакі, якія прыедуць на адкрыццё, засталіся задаволеныя экспазіцыяй, а гледачы не толькі ўпадабалі ўбачанае, але і ўспрынялі пясчаную графіку як сур'ёзнае мастацтва і, магчыма, самі захацелі паспрабаваць гэты від творчасці.

Адчуць сябе ў ролі мастака на выстаўцы здолее кожны: усталяваныя спецыяльныя стэнды з пяском, дзе кожны можа зрабіць першыя спробы ў пясчаным малюнку. Акрамя таго, ладзіліся майстар-класы для дарослых і дзяцей, цягам якіх прафесійныя мастакі дзяліліся сакрэтамі майстэрства. Адкрыццё суправаджалі выступленні ўдзельнікаў праекта пад жывую музыку. У руках ўмелых мастакоў пясок ажываў і расказваў гісторыі, ператвараўся ў візуальны працяг музыкі. Вольга Радзецкая расказвала, што сюжэт для яе новага нумара склаўся ўсяго за некалькі дзён, але пасля нараджэння ідэі пачаліся доўгія рэпетыцыі: пясок вельмі рухомы і непрадказальны матэрыял, таму, каб загадзя заўважыць усе нюансы і не сустрэцца з нечаканасцямі перад аўдыторыяй, мастакам даводзіцца шмат разоў паўтараць адну і тую ж праграму.

Ідэя выстаўкі «Па-за часам» нарадзілася ва Украіне: мастачкі з Харкава Анастасія Мелянцова і Ганна Ружынская не толькі прыдумалі сам праект, але і аб'ядналі ў адной экспазіцыі работы 38 мастакоў з 25 гарадоў Украіны, Беларусі і Расіі. Дзякуючы такому складу мастакоў, выстаўку вырашылі зрабіць перасоўнай. Яна падарожнічае і з кожным новым горадам набірае моц. Мінск — 25-ты горад на шляху праекта «Па-за часам», які распачаўся ў Барнауле, дзе адразу прыцягнуў да сябе ўвагу гледачоў. Падарожжа выстаўкі хутка працягнецца: з Мінска праект пераедзе ў Брэст, адтуль — выправіцца ў Літву, і ўжо ў канцы жніўня пясочнымі дзівосамі будуць захапляцца жыхары Вільнюса.

Дар'я ЧАРНЯЎСКАЯ

Фота Вікторыі АСКЕРЫ

Загаловак у газеце: Спыніць імгненне на пяску

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.